Вы тут

П'ер Рышар сёння адзначае 85-ы дзень нараджэння


П'ер Рышар Марыс Шарль Леапольд Дэфэ (а менавіта так гучыць поўнае імя французскага акцёра і рэжысёра, якога мільёны гледачоў па ўсім свеце любяць і помняць па фільмах «Цацка», «Няўдачлівыя», «Укол парасонам», «Татулі», «Налева ад ліфта» і іншых) сёння адзначае 85-ы дзень нараджэння.


«Высокі бландзін у чорным чаравіку».

Ёсць і яшчэ адна нагода ўспомніць пра знакамітага француза: 45 гадоў таму савецкая публіка ўпершыню пазнаёмілася з ягоным Франсуа Перэнам — «Высокім бландзінам у чорным чаравіку». Перагледзець наноў гэты дэтэктыўны фарс, таксама як і рэжысёрскі дэбют Рышара «Рассеяны», можна будзе на наступным тыдні — на канале «Камедыя». А пакуль прапануем падборку малавядомых фактаў з біяграфіі і кінашляху П'ера Рышара.

Адзін з прадзедаў П'ера быў арыстакратам, нашчадкам старога шляхецкага роду з поўначы Францыі (аб чым можна здагадацца па «шматслойным» прозвішчы акцёра), затое другі — браканьерам. І, магчыма, менавіта ад другога П'ер Рышар атрымаў у спадчыну тую авантурную жылку, якая прымусіла пайсці насуперак жаданню сваякоў і не працягнуць сямейны тэкстыльны бізнес, а збегчы ў Парыж, каб вучыцца на драматычных курсах.

«Налева ад ліфта».

Першую ролю ў кіно Рышар, які наўмысна скараціў шляхецкае прозвішча, атрымаў даволі позна: у 33 гады ён сыграў у фільме «Бласлаўлёны Аляксандр», а ў чаканні іншых работ перабіваўся напісаннем забаўных сцэнак-скетчаў і выступаў з імі ў кабарэ і мюзік-холах. Уласна, там ён і стварыў і адтачыў свой фірменны вобраз — гутаперчавы абаяльны прасцячок, адначасова сумны і смешны клоўн. Гэта потым, дасягнуўшы прызнання на сусветным узроўні, ён сам змог выбіраць сабе ролі — пераважна драматычныя, але прабівацца да гледачоў прыйшлося менавіта ў камічным амплуа.

Узыходжанне на акцёрскі алімп пачалося якраз з фільма «Высокі бландзін у чорным чаравіку» — камедыі 1972 года. У СССР карціна трапіла на два гады пазней, страціла частку «фрывольных» сцэн пасля цэнзуры і ў лідары па касавых зборах не ўвайшла, аднак пазней гісторыю пра скрыпача-віртуоза, якога выпадкова прымаюць за спецагента, палюбілі ва ўсім свеце. Праз год стужка атрымала «Сярэбранага мядзведзя» на міжнародным фестывалі ў Берліне, а ў 1985 годзе кампанія «20th Сеnturу Fох» зняла рымейк «Высокі чалавек у адным чырвоным чаравіку» з Томам Хэнксам у галоўнай ролі. «Вяртанне высокага бландзіна», знятае ў 1974 годзе, замацавала поспех — толькі ў Савецкім Саюзе фільм убачылі звыш 27 мільёнаў гледачоў.

«Няўдачлівыя».

Дзесяць гадоў акцёр жыў на Сене... у свабодным дрэйфе на ўласнай баржы. Прадаў гэтае жытло пустэльніка акцёр толькі дзеля сваёй другой жонкі, бразільскай топ-мадэлі Сейлы Ласерда, каб набыць ім кватэру ў Парыжы.

Усё тая ж авантурная жылка прадзеда-браканьера адказная за шматлікія падарожжы — па ўласным сцвярджэнні, Рышар ныраў ва ўсе моры на планеце і ўздымаўся на горы ўсіх кантынентаў. А вось яго ўласныя дзеці атрымалі ў спадчыну музычныя таленты: адзін сын стаў саксафаністам, другі іграе на кантрабасе.

А яшчэ, як, магчыма, стэрэатыпна і чакаецца ад сапраўднага француза, у адзін цудоўны момант Рышар набыў дзясяткі гектараў вінаграднікаў, і ягоная кампанія выпускае чырвонае віно «Шато Бель-Эбек» (звыш 60 тысяч бутэлек у год).

«Цацка».

Напрыканцы 80-х Рышар пачаў выпускаць пласцінкі са сваімі песнямі, але праз нейкі час пераканаўся, што эстрада — не ягоная сфера. Затое яго ўсё часцей запрашалі ў постсавецкія краіны — і, напрыклад, грузінская камедыя «1001 рэцэпт закаханага кулінара» з яго ўдзелам у 1996 годзе атрымала Залатую пальмавую галіну за найлепшую мужчынскую ролю. Таксама Рышар прадставіў шмат сваіх тэатральных пастановак — адна з іх, спектакль-успамін «П'ер Рычард ІІІ», у 2016-м мела вялікі поспех. Ну і, канешне, з 2006 года Рышар — «Ганаровы Сезар», паводле французскай кінаакадэміі.

Загаловак у газеце: У адным чаравіку і з пачуццём гумару

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».