Вы тут

У СВК «Калгас «Радзіма» 30 % работнікаў маладыя людзі да 35 гадоў


«Хачу ў калгас! І кропка». Думаеце, так не бывае? Ну і дарма. У СВК «Калгас «Радзіма», што ў Бялыніцкім раёне, 30 % работнікаў маладыя людзі да 35 гадоў. Нават пасля арміі не затрымліваюцца дома. Напрыклад, з Іванам Рагаўцовым, які месяц таму звольніўся са службы ў пагранвойсках, я пазнаёмілася непасрэдна на калгасным полі. Малады хлопец назірае за супрацьпажарнай абстаноўкай на ЗІЛе-130, які спецыяльна абсталяваны пад гэтыя мэты. «А што дома без справы сядзець, — паціскае ён плячыма. — Сумна ды і нявыгадна. А тут грошы неблагія плацяць».


Сяргей Ванцэвіч (злева) і Дзмітрый Журыкаў працуюць у калгасе з задавальненнем.

— Ужо сёлета да нас прыбыло некалькі выпускнікоў Клімавіцкага аграрнага каледжа, яшчэ некалькі студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (БДСГА) праходзяць у нас практыку, — расказвае пра абстаноўку з маладымі спецыялістамі намеснік старшыні СВК Міхаіл Скусаў. — Вострага кадравага дэфіцыту няма, хоць можам разглядзець кандыдатуры ветурачоў і заатэхнікаў, якраз у ліпені ўвялі ў строй новую ферму. Да нас прыходзяць у асноўным сяльчане, якія не баяцца працаваць і ведаюць, што тут створаны ўсе ўмовы для гэтага. У нашай гаспадарцы ўвогуле шмат дынастый працуе, прычым нават у чацвёртым пакаленні!

На мехдвары знаёмлюся яшчэ з адным маладым спецыялістам. Дзмітрый Журыкаў ужо адпрацаваў у калгасе неабходныя два гады пасля заканчэння БДСГА, але звальняцца не збіраецца. Ён загадчык рамонтнай майстэрні, і на яго адказнасці ўся калгасная тэхніка.

— Сам я родам з Бялыніч, гаспадарку выбіраў мэтанакіравана, — прызнаецца хлопец. — Калгас заможны, усё ёсць. Работа падабаецца, і зарплата годная. А яшчэ вельмі добры калектыў і шмат моладзі.

Гаспадарка, у сваю чаргу, мае ўсе падставы ганарыцца сваім работнікам. Не ведаю як у іншы час, але ў гэты панядзелак ніводнай няспраўнай машыны ў калгасе не было. І гэта, што знамянальна, у самы разгар жніва.

— Наш кіраўнік Аляксандр Лапацентаў ужо 38 гадоў узначальвае гаспадарку, — кажа Міхаіл Скусаў. — І калектыў падбірае з такіх жа нераўнадушных, як і сам. У маладога спецыяліста перш за ўсё цікавіцца, ці адданы ён прафесіі?

Сяргею Ванцэвічу, які загадвае машынным дваром, усяго 27 гадоў. Пяць з іх ён працуе ў гаспадарцы. На яго адказнасці каля 500 адзінак тэхнікі, і нічога — спраўляецца.

— Прыйшоў у калгас пасля размеркавання з Беларускага агратэхнічнага ўніверсітэта (БАТУ), — расказвае ён. — Сам родам з Віцебскай вобласці і пра калгас «Радзіма» ніколі раней не чуў. Пры размеркаванні ва ўніверсітэце ішоў 62-м. Глянуў на спіс з назвамі калгасаў, што ляжаў перада мной, і тыкнуў пальцам наўгад, — нават і не здагадваўся, што так пашчасціць. Мяне тут усё задавальняе. Ажаніўся з тутэйшай дзяўчынай, калгас дом даў, жывём, выхоўваем сына. Малому хутка ўжо два гады споўніцца. На вяселле гаспадарка падарыла пральную машыну. Акрамя зарплаты, існуе шэраг даплат. За тое, што, напрыклад, не куру, дадаюць 10 %. Дагэтуль смаліў, а, калі стаў тут працаваць, забыўся пра цыгарэту. За ўдзел у культурным жыцці даплачваюць яшчэ 10 %. Нават за тое, што малады, існуе даплата. Плюс да свят выдаюць прадуктовыя пакеты. А яшчэ запрашаюць на экскурсіі. Нядаўна, напрыклад, ездзілі ў Гродна. А некалькі гадоў таму па выніках працы за год быў прэміраваны паездкай за мяжу. Ездзіў з калегамі па гаспадарцы адпачываць у Феадосію. Жылі там на поўным забеспячэнні.

Аграгарадок Вішоў — цэнтральная сядзіба гаспадаркі.

Алена Аўрамёнак, галоўны эканаміст СВК «Калгас «Радзіма», прадстаўляе ўжо трэцяе пакаленне па лініі бацькі. Дзяўчына ведала, што гаспадарка добрая, і пасля школы ўпэўнена падала дакументы ў БДСГА. Працуе ў гаспадарцы 16 гадоў.

— Ды такіх, як я, у нас больш чым хапае, — усміхаецца маладая жанчына. — Дынастый шмат. Аляксандр і Ганна Казаковы, напрыклад. Іх бацькі тут працавалі, і яны ўслед за імі прыйшлі. Або Міхаіл Канцавы, наш кіроўца — у яго тут бацька і дзед адзначыліся.

Гнуткая сістэма аплаты дазваляе не толькі забяспечваць работніку годнае існаванне, але і стымуляваць актыўнасць. Па 10 % даплачваюць за ўдзел у мастацкай дзейнасці, спорце, нават за паспяховую вучобу дзяцей у школе. Калі ў дзённіку толькі добра і выдатна, трымайце, маці і бацька, па 10 % да заробку. Калі дзіця наогул выдатнік, трымайце яшчэ 10 % да першых 10. Дзеці таксама не пакрыўджаны. За добрыя і выдатныя адзнакі гаспадарка ім раз у чвэрць выплачвае стыпендыю
ад 35 да 107 рублёў.

Не крыўдзяць тут і маладых спецыялістаў. Тым, хто прыбыў па размеркаванні, выплачваюць пад'ёмныя і на два гады вызваляюць ад аплаты за камунальныя паслугі. Тых, у каго няма жылля, селяць у інтэрнат. Калі два гады адпрацаваў без парушэнняў і застаўся працаваць, атрымліваеш права на пазыку ў памеры 2,5 тысячы рублёў.

Яшчэ больш выгадна працаваць у гаспадарцы разам з жонкай або мужам. Па 2,5 тысячы атрымае і адзін, і другі. Плюс дадаецца права яшчэ пяць гадоў не плаціць за камуналку. А калі за гэты час не будзе парушэнняў, то і пазыку не прыйдзецца вяртаць. Наадварот, можна браць яшчэ адну. Наогул, чым больш членаў сям'і працуе ў гаспадарцы, тым больш ільгот. Напрыклад, некалькі разоў у год бясплатна выдаецца зерне, ёсць магчымасць — таксама бясплатна — карыстацца калгасным транспартам. Сямейным выдзяляюць дом, і калі 10 гадоў адпрацаваў у гаспадарцы, атрымліваеш права яго выкупіць.

СВК «Калгас «Радзіма» — гаспадарка вялікая, ёсць дзе прыкласці свае веды і павучыцца чамусьці перадавому. У яе складзе функцыянуе 8 фермаў. На абслугоўванні — каля 10 тысяч гектараў зямлі, у тым ліку 7,8 тысячы ворнай. Сялянская праца цяжкая, таму калгас паклапаціўся, каб у яго работнікаў (а гэта на 90 % мясцовае насельніцтва) былі і амаль гарадскія ўмовы пражывання. За сродкі гаспадаркі ў аграгарадку Вішоў пабудаваны царква ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла, амфітэатр, музей, закладзены сад міру. Летась на Дзень Незалежнасці ў населеным пункце адкрылася алея Славы.

— Праблема не ў тым, што нехта жадае ад нас «адкасіць», — дадае Міхаіл Скусаў. — Крыўдна за іншае — калі заатэхнік з вышэйшай адукацыяй не можа скласці для жывёлы рацыён кармлення. Калі б аграрныя ВНУ аддавалі перавагу дзецям з вёскі, хай нават троечнікам, было б больш карысці. Ад калгаса звычайна спрабуюць «адкасіць» у асноўным гараджане, якія ідуць вучыцца ва ўстановы нашага профілю толькі дзеля таго, каб атрымаць дыплом.

Р.S. Калі ўжо бегла на рэйсавы аўтобус, пазнаёмілася з жанчынай, якая гуляла па вуліцы з дзіцячай каляскай.

— Мы з мужам сюды з Магілёва пераехалі, — прызналася Наталля Радзькова. — І работа была добрая, і жыць было дзе. Але вельмі захацелася ў вёску. Прадалі магілёўскую кватэру і купілі тут, у доме каля храма. Ведаеце, мы 10 гадоў чакалі дзіця, але нічога не атрымлівалася. А тут зацяжарала. Веранічка ў нас ужо вішоўская. А працаўладкавацца ў калгас «Радзіма» не так проста. Гаспадарка перадавая. Муж спрабаваў, але з першага разу не атрымалася.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Бялыніцкі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Хачу ў калгас! І кропка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.