Вы тут

Хто зойме месцы ў верхняй палаце парламента?


Выбары членаў Савета Рэспублікі ў нашай краіне з'яўляюцца ўскоснымі — яны адбываюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета. Такія пасяджэнні адбудуцца сёлета 7 лістапада, і на іх тайным галасаваннем будуць абраныя па восем членаў Савета Рэспублікі ад кожнай вобласці і горада Мінска.


Фота БелТА.

«Да 8 кастрычніка павінна адбыцца вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі, і мы паглядзім, хто гэта будзе, — расказала журналістам старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА. — Гэта вырашаюць дэпутаты мясцовага ўзроўню, таму я думаю, што гэта будуць людзі вельмі паспяховыя, тыя, хто сапраўды з'яўляецца тварам нацыі».

Права вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі належыць прэзідыумам мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам, а ў горадзе Мінску — прэзідыуму Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскаму гарадскому выканаўчаму камітэту.

Вылучэнне кандыдатаў будзе праходзіць з 9 верасня да 8 кастрычніка ўключна. Пасля абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ў трохдзённы тэрмін прадставяць адпаведныя дакументы ў ЦВК.

З 9 да 13 кастрычніка Цэнтральная камісія па выбарах зарэгіструе кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі і выдасць ім пасведчанні. Не пазней, чым на чацвёрты дзень пасля рэгістрацыі, у сродкі масавай інфармацыі паступіць паведамленне пра рэгістрацыю кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі.

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь вызначаны пэўныя патрабаванні да грамадзян, якія могуць быць вылучаны кандыдатамі ў члены верхняй палаты парламента. Сенатарам у нашай краіне можа стаць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 30 гадоў і пражывае на адпаведнай тэрыторыі вобласці, горада Мінска не менш за пяць гадоў. Згодна з палажэннем Выбарчага кодэкса Беларусі, у члены Савета Рэспублікі не могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія маюць судзімасць.

Акрамя таго, адна і тая ж асоба не можа адначасова з'яўляцца членам дзвюх палат парламента, членам Савета Рэспублікі і членам урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў члена верхняй палаты парламента з заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі.

На пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню ў абласцях і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў прымаецца рашэнне аб уключэнні кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі ў бюлетэнь для галасавання, які выдаецца кожнаму дэпутату, які бярэ ўдзел у рабоце пасяджэння. Кожны ўдзельнік галасуе асабіста. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў больш як палову галасоў дэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаванні.

Такім чынам будуць абраныя 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання. Яшчэ восем членаў будуць прызначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Не пазней за 22 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія вызначае вынікі выбараў і рэгіструе абраных членаў Савета Рэспублікі, пасля чаго выдае ім адпаведныя пасведчанні. Не пазней, чым праз тры дні пасля падпісання пратакола аб выніках выбараў, ЦВК накіроўвае ў СМІ паведамленне пра абраных членаў Савета Рэспублікі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.