Вы тут

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?


ЗША зрабілі новы крок у гандлёвай вайне з Кітаем. Адміністрацыя Дональда Трампа прыпыніла выдачу ліцэнзій на аднаўленне работы з Huаwеі. Кітайская карпарацыя знаходзіцца пад санкцыямі з мая. Крыніцы агенцтва Blооmbеrg звязваюць гэта з тым, што Паднябесная прыпыніла закупкі амерыканскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной — так лічыць большасць амерыканскіх экспертаў, якіх апытаў Thе Wаll Strееt Jоurnаl. Год таму аналітыкі прытрымліваліся больш асцярожнай рыторыкі.

Як развіваецца супрацьстаянне ЗША і Кітая?


Долар vs юань

Гандлёвая вайна з Кітаем рэзка абвастрылася ў жніўні, пасля таго як на мінулым тыдні, упершыню з 1994 года, Вашынгтон назваў Пекін валютным маніпулятарам. Акрамя таго, ЗША заявілі, што ўвядуць 10-працэнтныя пошліны на астатнюю частку кітайскага імпарту аб'ёмам 300 мільярдаў долараў з 1 верасня. Гэтыя крокі выклікалі ўзрушэнне на фінансавых рынках і ўзмацнілі апасенні глабальнай рэцэсіі. Усяго за адзін дзень 500 самых багатых людзей у свеце страцілі $117 млрд, піша Blооmbеrg. У сукупнасці іх страты склалі звыш двух працэнтаў чыстага капіталу. Мяркуючы па звестках індэкса мільярдэраў (Blооmbеrg Bіllіоnаіrеs Іndех), у найбольшым «мінусе» аказаўся заснавальнік Аmаzоn Джэф Безас, ён жа самы багаты чалавек на планеце, — $3,43 млрд.

«Інвестараў больш за ўсё турбуе перспектыва таго, што гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем перарасце ў валютную», — адзначыла эканаміст з Гарвардскага ўніверсітэта Меган Грын. Валютныя войны не абяцаюць свету нічога добрага, таму што дэвальвацыя дзеля скарачэння гандлёвых перакосаў звычайна прыводзіць да невялікага павелічэння экспарту, але адначасова стрымлівае ўнутранае спажыванне з прычыны падаражання імпарту. Гэта вядзе да інфляцыі, павышэння ставак крэдытаў і запаволення эканамічнага росту. Апошнюю валютную вайну свет перажыў у гады фінансавага крызісу дзесяцігадовай даўніны. Тады цэнтрабанкі навыперадкі зніжалі стаўкі, і інвестары ў пошуку даходных інструментаў скуплялі актывы краін, якія развіваюцца. Гэта павышала попыт на іх валюту, падымала яе курс і рабіла тавары і паслугі неканкурэнтаздольнымі на сусветным рынку, што ў выніку прыводзіла да падзення эканомікі.

Гэтым разам ЗША вырашылі, што Кітай спецыяльна заніжае курс юаня, пасля таго як ён апусціўся ніжэй за важную псіхалагічную мяжу ў 7,0 за долар і апынуўся на самай нізкай адзнацы за дзесяцігоддзе. У адказ мінфін ЗША ўпершыню за чвэрць стагоддзя ўнёс Кітай у спіс краін, якія праводзяць маніпуляцыі валютнымі курсамі, хоць яшчэ ў маі прызнаваў, што Пекін не робіць гэтага. Міжнародны валютны фонд, са свайго боку, упэўнены, што курс юаня знаходзіцца на фундаментальна абгрунтаваным узроўні. А вось долар, па ацэнцы Bаnk оf Аmеrіса, цяпер пераацэнены прыблізна на 13 працэнтаў.

Твіты Трампа

Трамп не стамляецца кідаць твіты ў бок незалежнага цэнтрабанка, дамагаючыся патаннення крэдытаў і накачкі эканомікі таннымі грашыма, лічаць эксперты. Гэта адзін са спосабаў аслабіць валютны курс, таму што зніжэнне ставак ФРС скарачае прыбытковасць амерыканскіх актываў, чым зніжае попыт на долары. Аднак у апошнія гады сітуацыя была зваротная: ФРС праводзіў больш жорсткую палітыку, у той час як цэнтрабанкі па ўсім свеце, наадварот, трымалі стаўкі блізкімі да нуля. У выніку тыя, хто хацеў зберагчы, напрыклад, еўра, іены, фунты ці франкі ад інфляцыі, куплялі на іх долары, каб укласці ў амерыканскія каштоўныя паперы. ФРС у выніку адмовілася ад далейшага павышэння ставак і нават трохі знізіла кошт крэдытаў, але не таму, што гэтага патрабаваў Трамп, а таму, што яго гандлёвыя войны паставілі пад пагрозу эканамічны рост. Услед за амерыканскім цэнтрабанкам рушылі іншыя. «Мы сталі сведкамі агрэсіўнага зніжэння ставак цэнтрабанкамі Новай Зеландыі, Індыі і Тайланда», — адзначыла Меган Грын. Вынікам могуць стаць «запаволенне эканамічнага росту, высокая інфляцыя і дзікая валацільнасць на валютным рынку».

Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што яго жорсткая пазіцыя ў дачыненні да эканамічнай і гандлёвай палітыкі Кітая ў канчатковым выніку прынясе карысць амерыканскай эканоміцы, нягледзячы на тое што Пекін даў зразумець, што можа нанесці зваротны ўдар, абмежаваўшы продаж рэдказямельных элементаў, якія маюць вельмі шырокае прымяненне — ад іРhоnе да ваеннай тэхнікі. Трамп заўважыў журналістам у Белым доме, што рэакцыя рынку была чаканай, але ён па-ранейшаму ўпэўнены ў трываласці амерыканскай эканомікі. «У рэшце рэшт яна падымецца нашмат вышэй, чым калі-небудзь, таму што Кітай цягнуў нас уніз, як якар. Кітай забіваў нас несправядлівымі гандлёвымі пагадненнямі», — сказаў амерыканскі лідар.

КНР і ЗША на працягу некалькіх месяцаў вялі перагаворы аб урэгуляванні гандлёвых спрэчак. Апошні, дванаццаты іх раўнд прайшоў у Шанхаі ў прыканцы ліпеня. Белы дом назваў сустрэчы канструктыўнымі і пацвердзіў, што наступныя перагаворы, як чакаецца, пройдуць у Вашынгтоне ў пачатку верасня. Супрацоўнікі адміністрацыі заявілі, што яны ўсё яшчэ спадзяюцца на тое, што новых пошлін яшчэ можна пазбегнуць, калі дзве найбуйнейшыя эканомікі свету дасягнуць прагрэсу па гандлёвым пагадненні.

Але надзеі на глабальную здзелку слабеюць, кампанія Gоldmаn Sасhs заявіла, што больш не разлічвае на тое, што ЗША і Кітай дасягнуць пагаднення да прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе 2020 года, улічваючы «жорсткую лінію», якую праводзяць абодва бакі. Амерыканскія кампаніі і спажыўцы ў чэрвені заплацілі пошліны на суму 6 мільярдаў долараў, што на 74 працэнты больш, чым за той жа перыяд летась. Пра гэта паведаміла кааліцыя амерыканскіх гандлёвых арганізацый, папярэдзіўшы, што новыя пошліны прывядуць да страты працоўных месцаў і зніжэння спажывецкага попыту.

Стаўка на «крыпту»

Агенцтва Rеutеrs папярэджвае: эскалацыя гандлёвай вайны падштурхоўвае ЗША да рэцэсіі. Апытаныя выданнем эканамісты ацэньваюць верагоднасць спаду амерыканскай эканомікі на працягу двух гадоў у 45 працэнтаў. Абвастрэнне міжнароднай напружанасці ў гандлі і павышэнне тарыфаў павялічвае выдаткі, разбурае ланцужкі паставак і памяншае прыбытковасць кампаній. Гэта, у сваю чаргу, уплывае на спажывецкія настроі, а падзенне выдаткаў ставіць эканоміку на мяжу рэцэсіі. Але самыя вялікія апасенні выклікаюць дзеянні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа: ніхто не разумее, на што яшчэ ён гатовы пайсці, каб прымусіць Кітай сесці за стол перагавораў.

Як адзначаюць эксперты, ЗША чарговы раз за апошнія 10 гадоў ператварыліся з рухавіка росту сусветнай эканомікі ў крыніцу яе галоўных праблем: гандлёвы канфлікт з Кітаем, паводле многіх ацэнак, у тым ліку Міжнароднага валютнага фонду, становіцца адной з галоўных прычын запаволення тэмпаў росту сусветнай эканомікі.

Інвестары бягуць з рызыкоўных актываў, піша Fіnаnсіаl Tіmеs. Яны канфіскавалі дзясяткі мільярдаў долараў з акцый і высокадаходных аблігацый. Чым далей заходзіць гандлёвая вайна ЗША з Кітаем, тым больш запавольваюцца вядучыя сусветныя рынкі, і крэдыторы нервуюцца. У сваю чаргу, пераход капіталу ў ціхія гавані не спрыяе эканамічнаму росту і дадаткова тармозіць рынкі. Звычайна ў падобных сітуацыях палахлівыя інвестары выводзяць свае грошы з акцый і з рынку валют у такія стабільныя актывы, як золата і (у меншай ступені) нерухомасць. Аднак цяпер усё інакш — капіталы хлынулі ў крыптавалюты, перш за ўсё ў біткойн, рыначная капіталізацыя якога перавысіла 200 мільярдаў долараў.

Кітайская прэса глядзіць на сітуацыю больш аптымістычна. Як піша Sоuth Сhіnа Mоrnіng Роst, гандлёвая вайна, вядома, істотна псуе настрой інвестараў і цісне на рынкі. Аднак прыкмет поўнамаштабнага фінансавага крызісу не відаць. Пра гэта сведчыць, напрыклад, гатоўнасць зніжаць стаўку ФРС. Да таго ж у аснове нервовасці рынкаў ляжыць нявызначанасць, а не дрэннае макраэканамічнае становішча. Нарэшце, у Sоuth Сhіnа Mоrnіng Роst не выклікае сумненняў здольнасць Кітая забяспечыць устойлівасць сваёй валюты.

Козыр у рукаве

Цяперашняя сітуацыя «можа стаць пачаткам незваротнага гандлёвага канфлікту паміж двума краінамі», апасаецца дырэктар Нямецкага інстытута эканамічных даследаванняў (DІW) у Берліне Марсэль Фрацшэр. Асобныя амерыканскія выданні, у прыватнасці Nеw Yоrk Tіmеs, наўпрост параўноўваюць цяперашнюю рэцэсію з сітуацыяй напярэдадні 2008 года. Найбуйнейшы замежны крэдытор амерыканскай эканомікі, Кітай, здольны пусціць у ход галоўную зброю — распродаж амерыканскіх дзяржаблігацый. Гэты сцэнарый звычайна разглядалі як нерэалістычны, піша Blооmbеrg. Хоць бы таму, што з паперамі больш чым на трыльён долараў знайсці альтэрнатывы для інвеставання — задача не з лёгкіх. Аднак рэзкае паслабленне кітайскай валюты відавочна паказвае на тое, што такі варыянт не выключаецца.

«Кітай валодае шырокім арсеналам сродкаў, акрамя таго, Пекін дзейнічае на больш доўгатэрміновую перспектыву, чым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп», — лічыць прафесар Ельскага ўніверсітэта і экс-старшыня савета дырэктараў Mоrgаn Stаnlеу Аsіа Стывен Роўч. Па яго словах, ужыўшы ў якасці зброі ўласную валюту, кітайцы цалкам могуць разгледзець і «іншыя опцыі» — у прыватнасці, скараціць укладанні ў казначэйскія паперы. І гэта ўжо адбываецца. З пікавага значэння ў 1,3 трыльёна долараў у 2013 годзе інвестыцыі ў амерыканскі дзярждоўг зменшыліся на 200 мільярдаў, да двухгадовага мінімуму — 1,11 трыльёна долараў. Калі Кітай раптам распачне маштабны распродаж, наступствы будуць катастрафічныя. Масавы скід трэжэрыс абваліць іх кошт, што выкліча паніку на рынку аблігацый і падзенне курсу долара.

«Нават сімвалічная дэвальвацыя юаня прыводзіць да падзення фондавага рынку ЗША», — такое меркаванне выказаў амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Пол Кругман у сваім артыкуле для газеты Nеw Yоrk Tіmеs. На яго думку, асобныя амерыканцы «пераацэньваюць свае здольнасці ў прычыненні шкоды Кітаю і недаацэньваюць здольнасці КНР». Кругман лічыць, што да цяперашняга часу дзеянні Паднябеснай былі «адносна памяркоўныя», больш падобныя на выкладанне эканомікі для некаторых амерыканцаў.

Два спісы

Днямі стала вядома, што Трамп паддаўся на ціск амерыканскага бізнесу і апасенні наступстваў поўнамаштабнай гандлёвай вайны з Кітаем і адклаў увядзенне новых мытных тарыфаў на шэраг тавараў з Паднябеснай да сярэдзіны снежня. Эканамісты вітаюць рашэнне Белага дома, але падкрэсліваюць, што ні пра які мір гаворкі не ідзе, хоць кансультацыі і, магчыма, перагаворы працягнуцца. Амерыканскі прэзідэнт проста націснуў на кнопку «паўза» і перанёс пачатак буйных непрыемнасцяў на 15 снежня, даўшы планеце трохмесячную перадышку, адзначае ехреrt.ru.

Перанос тарыфаў на пазнейшую дату асвяжыў рынкі, якія ўсё мацней нерваваліся напярэдадні ўвядзення новых тарыфаў. Акцыі амерыканскіх кампаній спынілі двухдзённае падзенне, а азіяцкіх — нават пайшлі ўверх. Дональд Трамп патлумачыў сваё рашэнне тым, што апошнія зносіны з Кітаем былі прадуктыўнымі і што «яны (кітайцы) на самай справе хочуць заключыць пагадненне». Раней прэзідэнт ЗША неаднойчы сцвярджаў, што тарыфы ніяк не ўплываюць на цэны для амерыканцаў і што ўсе страты нясе кітайскі бок. Аднак цяпер ён дадаў, што адклаў увядзенне тарыфаў, каб не перашкаджаць падрыхтоўцы да Каляд і сезону масавых пакупак.

Белы дом падзяліў кітайскія тавары амаль на 300 мільярдаў долараў на дзве групы. Сельгаспрадукты, антыкварыят, адзенне і абутак, посуд і некаторыя іншыя пазіцыі на 110 мільярдаў долараў застаюцца ў спісе тавараў, тарыфы на якія будуць уведзены з 1 верасня. Такія тавары, як смартфоны, лэптопы і дзіцячыя цацкі, агульным коштам прыблізна на 160 мільярдаў долараў трапілі ў спіс прадукцыі, тарыфы на якую будуць уведзены 15 снежня. Шэраг тавараў, у тым ліку Бібліі і грузавыя кантэйнеры, агульным коштам каля 2 мільярдаў долараў наогул выведзены з тарыфных спісаў.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: На вайне як на вайне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.