Вы тут

Даніна ўдзячнасці, даніна павагі


Дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі ўручылі ветэранам латвійскага горада Даўгаўпілса ў Цэнтры беларускай культуры


Ветэраны Даўгаўпілса з сябрамі на ўрачыстасці

“Беларусь памятае” — масавая патрыятычная акцыя пад такой назвай штогод праходзіць у Беларусі да Дня Перамогі. А сёлета да 75-годдзя Вызвалення прайшла ініцыяваная моладдзю акцыя “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. І за межамі Бацькаўшчыны ўшаноўваюцца ветэраны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай Радзімы. 25 ліпеня 2019 года ў Даўгаўпілсе ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ўрачыста былі ўручаны юбілейныя медалі “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Узнагароды ўручаў Генеральны консул Беларусі Уладзімір Клімаў.

Беларуская сталіца была, як вядома, вызвалена ад гітлераўцаў 3 ліпеня 1944 года. Гэтая дата стала праз гады й Днём незалежнасці Беларусі. Маштабна адзначылі ў краіне 75-годдзе Вызвалення. Юбілею гістарычнай падзеі прысвечаны медалі, якіх удастоены партызаны, салдаты і афіцэры, якія ваявалі ў Беларусі, вызвалялі яе зямлю ад нацыстаў. 20 з іх цяпер жывуць у Даўгаўпілсе, і мы запрасілі іх на ўрачыстасць у Цэнтр беларускай культуры. Прыйшлі не ўсе: гады, здароўе. Уладзімір Клімаў у сваёй прамове нагадаў пра некаторыя важныя моманты з ваеннай гісторыі Беларусі: абарона Брэсцкай крэпасці й Магілёва, шырокі партызанскі рух, спаленыя Хатынь і тысячы іншых вёсак, лагер смерці “Трасцянец” і дзіцячы канцлагер “Чырвоны Бераг”, аперацыя “Баграціён” і вызваленне Беларусі ад акупантаў. “У Беларусі, паводле апошніх падлікаў, загінуў у вайну кожны трэці жыхар. Калі б не вайна, у краіне жыло б цяпер не менш за 30 мільёнаў чалавек, а з-за яе мы па колькасці насельніцтва на ўзроўні 1941 года... Я ўпэўнены: здаровы сэнс павінен перамагчы, трагічныя падзеі той вайны больш не будуць паўтарацца зноў”, — падкрэсліў беларускі дыпламат. Ён выказаў падзяку ветэранам за іх гераічнае юнацтва ў імя перамогі, вызвалення Радзімы.

Старшыня Даўгаўпілскага таварыства змагароў антыгітлераўскай кааліцыі Ларыса Міхайлаўна Задохіна павіншавала членаў арганізацыі з дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі. Яна таксама носіць у сэрцы часцінку беларускай трагедыі: у два з паловай гады была вывезена з Віцебска ў канцлагер.

З хваляваннем, слязамі на вачах людзі шаноўнага ўзросту прымалі медалі з рук Генеральнага консула. “Няхай жыве і квітнее мая родная Беларусь!” — успомніў родную гаворку радавы партызан Леанід Андрэевіч Літвінаў, які ваяваў пад Полацкам і блакадным Ленінградам.

Узнагароды — ветэранам

Анатоль Гаўрылавіч Гунар казаў: “Мне было 13 гадоў, калі я стаў разведчыкам у партызанаў. Мы заходзілі ў многія хаты. Такіх адносін да савецкіх вайскоўцаў, партызан, як у Беларусі, я нідзе больш не сустракаў. Простыя жыхары былі з вельмі высокай самасвядомасцю. Беларускія падзеі я ўспамінаю кожны дзень і вельмі ўдзячны Прэзідэнту Беларусі за медаль”. Аляксандр Сямёнавіч Сцяпанаў па-вайсковаму адчаканіў: “Дзякую за памяць!”. У кожнага з іх за плячыма цэлае жыццё і свая вайна. Прычым для кагосьці яна прадаўжаецца й па гэты дзень — у страшных снах, адгалосках раненняў, галодных успамінах ды вострым пачуцці несправядлівасці, калі гісторыю той страшнай вайны пачынаюць перапісваць... Таму так шчыра ветэраны радаваліся той крысе ўвагі, якую ім удзялілі Генконсульства Беларусі, Цэнтр беларускай культуры. Таму з такім задавальненнем глядзелі-слухалі святочны канцэрт, а пад песню ў выкананні Паўла Прозара нават станцавалі вальс.

 Сябры Даўгаўпілскага беларускага таварыства “Уздым” і Ліванскага славянскага таварыства “Узоры” падрыхтавалі кранальную канцэртную праграму. “Ветэранам” — так называецца верш, які паэт Станіслаў Валодзька прачытаў на вечары памяці. Салісты Віталь Міхайлоўскі ды Яўген Пашкевіч пад гітару выканалі песні на тэму вайны, абавязку, гонару й сяброўства. Гучалі вершы паэтаў Ліліі Воранавай, Людмілы Вілюмы, Яўціхія Канаплёва й Яўгена Голубева.

У шчырай, даверлівай атмасферы праходзіла імпрэза, і не было на ёй пафасу. Прыемна было бачыць простыя, душэўныя зносіны прадстаўнікоў двух пакаленняў: адны прайшлі вайну, другія — ведаюць пра яе па кнігах і кінафільмах. Нашы шчырыя словы падзякі за мірнае неба над галавой былі напісаны на паперы, складзенай у форме ваеннага пісьма-”трохкутніка”, якое ветэраны разам з медалём і кветкамі панеслі з сабой на памяць.

Віталь МІхайлоўскі

І ў тую ж пару — 27 ліпеня — Даўгаўпілс адзначыў 75-годдзе Вызвалення. У гэты дзень ля мемарыяла вызваліцелям у парку Дубровіна прайшоў мітынг. На ім гаварылі: наш горад быў вызвалены ў выніку наступальнай Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі. Загінулі тысячы людзей, горад ляжаў у руінах. З тых страшных падзей трэба вынесці ўрок, гісторыю нельга перапісаць, нашчадкі павінны памятаць пра мінулае, каб вайна ніколі не паўтарылася. Пра тое казалі мэр горада Андрэй Элксніньш, консул-саветнік Расіі Наталля Пуставалава, консул Беларусі Мікалай Раманкевіч, старшыня Даўгаўпілскага таварыства змагароў антыгітлераўскай кааліцыі Ларыса Задохіна ды іншыя.Хвілінай маўчання мы ўшанавалі памяць загінулых. Да Вечнага агню былі ўскладзены кветкі, вянкі ад гарадской думы, дыппрадстаўніцтваў, грамадскіх арганізацый. У мітынгу прынялі ўдзел, усклалі вянок да мемарыялу сябры праўлення Беларускага таварыства “Уздым”. На мемарыяле пахаваны 7 воінаў-вызваліцеляў, і сярод іх — два з беларускімі родавымі каранямі: начальнік сувязі 4‑й ударнай арміі генерал-маёр Якаў Лагадзюк (родам з вёскі Дзераўная Антопальскага раёна Брэсцкай вобласці, 1898–1944) і Герой Савецкага Саюза капітан Канстанцін Арлоўскі (Быхаў, Магілёўская вобласць, 1911–1944).

Затым адбыўся святочны канцэрт, на якім сябры “Уздыма” Станіслаў Валодзька і Лілія Воранава чыталі свае вершы, Павел Прозар і Віталь Міхайлоўскі выканалі песні.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.