Вы тут

Гасцявалі ў Нясвіжы


Эстонскія вучні паўдзельнічалі ў Фэсце паэзіі “Голас свайго пакалення”, што ў чацвёрты раз праходзіў у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы


Госці з Эстоніі разам з нясвіжскімі сябрамі на фэсце ў бібліятэцы

Штогод у Эстоніі Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзіма” праводзіць Дні беларускай культуры ў Таліне. Адна з мэтаў нашых у тыя дні — знаёміць жыхароў Эстоніі з творчасцю беларускіх пісьменнікаў. Такія музычна-паэтычныя вечарыны сталі традыцыйнымі. Мы ўжо знаёмілі талінцаў з беларускімі казкамі, з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі. А мінулы, 2018 год быў юбілейным для паэта-франтавіка Паўлюка Пранузы (1918–2007). Дзякуючы Цэнтру “Радзіма” імпрэзы па творчасці паэта мы працягваем і сёлета, у тым ліку і ў Нясвіжы.

Варта нагадаць: летась увосень мы ўшаноўвалі памяць Паўлюка Пранузы ў Таліне. У прыватнасці, правялі конкурс, зладзілі яркую міжнародную выставу дзіцячых малюнкаў “Вершы Паўлюка Пранузы ў малюнках”. І тады ж з’явілася ідэя: паказаць яе ў Нясвіжы, дзе доўгі час жыў і працаваў паэт і педагог. Звязалася з супрацоўнікамі з Нясвіжскай бібліятэцы, распавяла пра наш праект. З Людмілай Іванаўнай Вітко, дырэктаркай бібліятэкі, дамовіліся пра сустрэчу, і ў лютым разам з мужам і кіраўніцай праекта “Школы-пабрацімы” 48‑й мінскай школы Вольгай Пятроўнай Канановіч наведалі бібліятэку. Нас там гасцінна сустрэла загадчыца аддзела абслугоўвання ды інфармацыі Зоя Анатолеўна Сілкова. Нам паказалі бібліятэку, распавялі пра кірункі яе працы, а потым за кубкам гарбаты мы абмеркавалі планы, напрамкі супрацы. Тады ж я перадала ў бібліятэку нашу выставу. Мы атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць у ІV фэсце паэзіі імя Паўлюка Пранузы “Голасам свайго пакалення”. Запрашэнне прынялі, бо вясной планавалася паездка вучняў і настаўнікаў Лауласмааскай школы ў Беларусь — у плыні згаданага праекта “Школы-пабрацімы”, які 14 гадоў дзейнічае між гэтай эстонскай школай і сярэдняй школай № 48 г. Мінска. Па вяртанні дадому пачалі рыхтаваць навучэнцаў да фэсту паэзіі. Вучні знаёміліся з вершамі Паўлюка Пранузы: чыталі іх, перакладалі, вучылі на памяць упадабаныя вершы.

Калі мы былі ў Нясвіжы, то даведаліся: у красавіку 2015‑га Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы было прысвоена імя Паўлюка Пранузы. Гэта й падштурхнула яе працаўнікоў зладзіць, правесці тады Першы фэст паэзіі імя Паўлюка Пранузы “Голасам свайго пакалення”. Фэст прысвечаны ўраджэнцу вёскі Вылева Добрушскага раёна, паэту, ганароваму грамадзяніну Нясвіжа, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, які большую частку жыцця пражыў у Нясвіжы. Сёлетні ж фэст ладзіўся 16 красавіка, на яго прыехала вялікая эстонская дэлегацыя: 23 педагогі й навучэнцы. У фэсце паўдзельнічалі 8 вучняў Лауласмааскай школы і 3 вучні з Беларускай нядзельнай школы “Буслікі”. Да таго ж эстонская дэлегацыя прадставіла сваю канцэртную праграму, якая была сустрэта гарачымі апладысментамі.

На фэсце адкрылася наша выстава “Вершы Паўлюка Пранузы ў малюнках” і фотавыстава “Паўлюк Прануза: педагог, ветэран, паэт”. Юныя нашы мастакі з тых, хто быў у складзе дэлегацыі, распавядалі, чаму абралі гэты верш, ім былі ўручаны падзячныя лісты. У дзвюх залах праходзіў фэст: у адной — конкурс чытальнікаў “Чытаючы Паўлюка Пранузу”, у другой — ток-шоу “Мая нявыдадзеная кніга”: там аўтары чыталі ўласныя вершы. Двое з вучняў нашай школы “Буслікі” паўдзельнічалі ў ток-шоу: браты Ларэнза Пукк (верш “Моя Эстония”) і Рычард Раберта Пукк (верш “Мой котёнок”). А вучаніца 8 класа Лауласмааскай школы Елійзэ Раамат чытала верш “Ветры дуют”. Рычард Раберта заняў першае месца ва ўзроставай катэгорыі 8–10 гадоў. Не засталася ў баку ад сваіх вучняў і я: чытала таксама свае вершы, на беларускай мове.

У конкурсе “Чытаючы Паўлюка Прануза” былі адзначаны чацвёра хлопцаў з Лауласмааскай школы, якія чыталі вершы паэта на беларускай мове: Янар Хагала, Роланд Сатс, Эркі Бацхаус, Карл Эрык Роотфельдт. Ніхто з удзельнікаў не застаўся без беларускага сувеніра, усе атрымалі дыпломы й падзячныя лісты. У падтрымку эстонскіх сяброў у конкурсе паўдзелінічалі й вучні 48‑й мінскай школы.

Пасля фэсту мы наведалі цудоўны Нясвіжскі замак. Выдатныя ўспаміны, уражанні ад фестывалю засталіся ў нас надоўга.

Ніна Пээрна, сябар праўлення Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзіма”, Эстонія

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.