Вы тут

Свята са славянскай даўніны


Самарская суполка беларусаў паўдзельнічала ў свяце-фестывалі рускай народнай культуры “Русская берёзка”, якое праходзіла ў плыні свята Святой Тройцы


Беларускія дзяўчаты вянкі па вадзе пускалі: на жаніхоў варажылі...

Асаблівае месца займае Святая Тройца ў хрысціянскім календары. Свята спалучана з даўнімі, яшчэ дахрысціянскімі культурнымі традыцыямі, абрадамі славянскіх народаў. Як лічыць прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская, святкаванне Тройцы ў нашым часе спрыяе зберажэнню самабытных традыцый народаў, якія жывуць на самарскай зямлі. А сёлета беларуская ды ўкраінская суполка (Украінскі нацыянальна-культурны цэнтр “Проминь”, якім кіруе Андрэй Шчобак) вырашылі аб’яднаць намаганні ды разам паўдзельнічаць у міжмуніцыпальным свяце рускай народнай культуры “Русская берёзка”, якое было на Тройцу, 16 чэрвеня, у сяле-райцэнтры Кінэль-Чаркасы. Заснаваным, дарэчы, украінцамі ў 1744 годзе.

Творчыя гурты грамадскіх суполак запрасіў на свята, як ганаровых гасцей, Сяргей Радзько, кіраўнік адміністрацыі муніцыпальнага раёна Кінэль-Чаркаскі. Выступалі на “Хороводной поляне”, галоўнай сцэне свята, народны ўкраінскі хор “Проминь” (мастацкі кіраўнік Уладзімір Пісараў), заслужаны беларускі вакальны ансамбль “Каданс” (мастацкая кіраўніца Іна Сухачэўская) і салістка, актывістка моладзевага аддзялення суполкі беларусаў Лізавета Глубінец.

Спачатку госці з Самары наведалі гістарычна-краязнаўчы музей Кінэль-Чаркаскага раёна і 180-гадовы Храм Узнясення Хрыстова. Затым творчыя гурты выступілі на ўрачыстым адкрыцці свята: “Хороводная поляна” — пры беразе ракі Кінэль, непадалёк ад гаю. Шматлікія гледачы, госці свята цёпла сустракалі беларускі гурт, у складзе якога ў той дзень выступалі салісткі Арына Камісарава, Анастасія Гуркіна, Марына Кірылава, Марына Кашаева, Таццяна Даутава, Іна Сухачэўская. Прагучалі песні “Кадриль”, “Золотая ярмарка”, “Гармонік грае”, “Бульбачка”, “Лявоніха”, “З-пад шэрага камушыка”, “Варенька”, папуры на тэму рускіх народных песень. Выступ у сяле сустрэлі бурнымі апладысментамі, а пад заключную песню гледачы зладзілі вялікі карагод.

Парадавала гасцей свята і юная спявачка Лізавета Глубінец: спявала “Гляжу в озёра синие”. А Яна Стрынакова, актывістка моладзевага аддзялення беларускай суполкі, паўдзельнічала ў конкурсе-фестывалі на двух інтэрактыўных пляцоўках: на паляне “Русский костюм” дэманстравала дзявочы сцэнічны рускі касцюм, а на паляне “Берёзовая Русь” чытала верш Барыса Сіроціна “Быть может, то, что говорю я...”. Пасля выступленняў на інтэрактыўных пляцоўках для удзельніц творчых дэлегацый арганізатары свята правялі майстар-клас па звіванні вянкоў з бярозавых галінак. Такія, дарэчы, здаўна выкарыстоўвалі пры варожбах на Тройцу. З вянкамі дзяўчаты падыходзілі да ракі, каб даведацца: ці выйдуць яны замуж у хуткім часе. Вянок, які плыве ад дзяўчыны, абяцаў ёй хуткі сыход з роднай хаты ў замужжа. Калі ж закруціўся на месцы, а потым паплыў ад яе, то казалі: замуж выйдзе ў наступным годзе. Калі вянок прыбівала да берага, то час замужжа яшчэ не надышоў. Натуральна, дзяўчаты, і не толькі беларускія, свае вянкі спусцілі на ваду...

Беларуская дзяўчына Яна Стрынакова ў вобразе  рускай прыгажуні

Творчыя дэлегацыі беларускай ды ўкраінскай суполак годна, ярка прадставілі культуру сваіх народаў на свяце-фестывалі “Русская берёзка”, якое праходзіла ўжо ў шосты раз. Удзельнікі святочнай імпрэзы атрымалі дыпломы, сувеніры. А кіраўнікі суполак вырашылі працягваць супрацу, стварыць агульны рэпертуар для калектываў двух нацыянальна-культурных аб’яднанняў.

Дом дружбы народаў Самарскай вобласці, кіраўніцтва беларускай ды ўкраінскай суполак выказваюць падзяку Адміністрацыі муніцыпальнага раёна Кінэль-Чаркасы, асабіста кіраўніку раёна за гасціннасць і сардэчны прыём.

Мікалай Бойка

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.