Вы тут

Грушынскі. З беларускім акцэнтам


У Міжнародным фестывалі аўтарскай песні імя Валерыя Грушына, што ў чарговы раз прайшоў на Самарскай зямлі, паўдзельнічалі таксама і нашы супляменнікі


Андрэй Кірылюк, Аляксей Халітаў і Сяргей Кузняцоў на тэматычнай сцэне “Победа” Грушынскага фэстывалю аўтарскай песні

З 4 па 7 ліпеня на Маструкоўскіх азёрах — кіламетраў 40 па аўтатрасе ад Самары — праходзіў 46‑ы Грушынскі фестываль. Збіраліся аматары бардаўскай песні з розных краін. Працавала 15 розных эстрадна-тэматычных сцэн. Пры тым галоўнай фэст-пляцоўкай, традыцыйным месцам правядзення Гала-канцэрта застаецца сцэна на вадзе ў форме гітары: галоўны сімвал вядомага фестывалю.

І нашы супляменнікі там былі! “Паўдзельнічаць у патрыятычных імпрэзах на тэматычнай сцэне “Победа” нам прапанаваў Аляксей Халітаў, кіраўнік пляцоўкі, — гаворыць Андрэй Кірылюк, дырэктар Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. — Мы з радасцю пагадзіліся, прычым вырашылі ўсе нашы імпрэзы прысвяціць знамянальнай даце — 75‑годдзю вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. І сам Андрэй Аляксандравіч выходзіў на сцэну. Трыа ў складзе Аляксея Халітава, Сяргея Кузняцова ды Андрэя Кірылюка прадставіла на суд гледачоў канцэртную праграму. Гучалі песні ваенных гадоў і аўтарскія песенныя кампазіцыі Сяргея Кузняцова “Здравствуйте, люди!”, “Если б в 41‑м”, “Эх, пехота”, “Обнимите друзей” ды іншыя. Гучала й легендарная “Катюша”, а таксама песня мэтра аўтарскай песні Булата Акуджавы “Здесь птицы не поют…”.

Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” з гонарам кажа, што ў Андрэя Кірылюка сапраўды беларускі характар, яму ўласцівая высокая адказнасць. Згадвае, што яго бабуля, Валянціна Сямёнаўна Біруковіч, па мужы Мусіенка, была родам з Бабруйска.

У Грушынскім фестывалі, дакладней, у адборачным туры на гэты форум — у 9‑м Міжнародным Грушынскім інтэрнэт-конкурсе — паўдзельнічалі й барды з Беларусі, многія з іх сталі лаўрэатамі, дыпламантамі. Напрыклад, пераможцам у намінацыі “Бард” стаў Іван Пачывалаў з Гродна (за кампазіцыю “Белый груздь, чёрный груздь”), прызёры ў гэтай намінацыі — Таццяна Салаўёва з Гродна (песня “Ты приходишь издалека”) і Любоў Акунёва з Гомеля (песня “Карелия”. Прызёркай у намінацыі “Паэзія” стала гамяльчанка Алёна Асенчык.

Варта згадаць, што беларусы ў розныя гады станавіліся й лаўрэатамі Грушынскага фестывалю. Упершыню прадстаўнікі аўтарскай песні з Беларусі сталі пераможцамі на X Грушынскім фестывалі: у 1977‑м. Тады званне лаўрэата атрымаў творчы гурт з Мінска “Геликтит”. А трыа “Фиеста” з Маладзечна — Таццяна Багавец (гітара, вакал), Наталля Паўлюшчык (гітара, вакал) і Святлана Кулашка (флейта, перкусіі, вакал) — заваявала званне лаўрэатаў у 1993 годзе. Галоўны прыз у аўтарскай намінацыі ў розныя гады атрымалі чатыры беларускія барды. Адзін з іх — Барыс Вайханскі з Мінска. Дыплом пераможцы ён атрымаў у 1978‑м за песню “Прощайте, милые места”.

Ліпень 1978 г., г. Куйбышаў. На Грушынскім фестывалі: Барыс Вайханскі (з лыжкай), Міхаіл Валодзін і Вераніка Доліна (з міскай), Ала Бяляўская (Акерман) (падае хлеб) і Уладзімір Бобрыкаў (глядзіць на трапезу). Фота Эрыка Фраймана

Грушынскі фестываль — найбуйнейшы ў свеце творчы Форум аўтарскай песні. З 1968‑га штогод збірае дзясяткі, сотні тысяч аматараў аўтарскай песні з усіх куткоў свету. Каля 200 аўтараў і выканаўцаў, дуэтаў і ансамбляў сталі за гэты час лаўрэатамі, атрымалі пуцёўку ў творчае жыццё. Так сталася і з Барысам Вайханскім. Дарэчы, 12 верасня 2019 года ў Мінску, у канцэртнай зале “Верхні горад” пройдзе аўтарскі вечар Галіны, Барыса і Каці Вайханскіх.

Наогул, як сцвярджаюць самі ўдзельнікі Грушынскіх фестываляў, форум гэты можа кардынальна змяніць жыццё. Пра сваю песенную гісторыю згаданая Любоў Акунёва расказвае: “У 1995‑м закончыла Іванаўскае абласное вучылішча культуры, рэжысёрскі факультэт. Працавала актрысай, рэжысёрам, педагогам тэатральных класаў. А далей — Грушынскі фестываль змяніў усё маё жыццё. Я была мастацкім кіраўніком сцэны “Кольский Бугорок” і там у 2010 годзе пазнаёмілася з беларускім волатам Аляксеем, які павёз мяне ў Гомель. Цяпер я — шматдзетная мама: у нас трое дзетак. Калі выйду з дэкрэтнага, то вярнуся ў Гомельскі клуб аўтарскай песні гарадскога Цэнтра культуры, дзе й працавала да нараджэння малодшай дачкі”.

Мікалай Бойка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы