Гэтыя падзеі разгортваліся ў адным са складскіх памяшканняў сталічнага прадпрыемства. У ім захоўваліся адпрацаваныя аўтамабільныя рухавікі, якія лічыліся на балансе як каляровы метал і металалом.
Гледзячы на ўсё гэта, прадпрымальны не па ўзросце 73-гадовы вахцёр, які сачыў за маёмасцю, вырашыў прыбраць яе да сваіх рук. У планах фігуранта было здаць рухавікі ў пункт прыёму другаснай сыравіны, а атрыманыя грошы патраціць, вядома ж, на ўласныя патрэбы. Справіцца з такой масай металу ў адзіночку дзядуля не змог. Тады вахцёр папрасіў пасадзейнічаць у гэтым сваіх знаёмых. Дарэчы, мужчыны нават не здагадваліся пра злачынны план вахцёра, бо думалі, што «жалеза» безгаспадарчае.
Калі на тэрыторыі прадпрыемства нікога не было, двое прыяцеляў сумесна з фігурантам патрапілі ў памяшканне, дзе захоўваліся запчасткі. Сумеснымі намаганнямі мужчыны змаглі вынесці 19 аўтамабільных рухавікоў агульнай вагой больш за чатыры тоны, якія затым вывезлі на аўтамабілі ў адну з вёсак Мінскага раёна.
Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС горада Мінска ў ходзе правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў выкрадзеныя запчасткі былі выяўленыя ў гаражы, які належыць аднаму з таварышаў вахцёра. Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Як паведаміла супрацоўніца аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Дар'я Бабок, цяпер даецца прававая ацэнка дзеянням пажылога зламысніка.
Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.