Вы тут

Звязаныя Бярэзінай і Віліяй


«Фестываль дзвюх рэк» сабраў у Докшыцкім раёне амаль паўтысячы гасцей


Свята творчасці і сяброўства — так называюць докшыцкі фэст, які прайшоў сёлета чацвёрты раз. У ім узялі ўдзел мастацкія калектывы рэгіёнаў Беларусі, па тэрыторыі якіх працякаюць жывапісныя рэкі Бярэзіна і Вілія, што бяруць пачатак у Докшыцкім краі. На свяце прысутнічалі дэлегацыі з гарадоўпабрацімаў — Балві (Латвія) і Дзмітрава (Расія). Па традыцыі фэст арганізоўваюць да дня нараджэння горада. Сёлета Докшыцам споўнілася 612 гадоў.

«Фестываль дзвюх рэк» адкрыла маляўнічае тэатралізаванае шэсце, якое павялі за сабой дзяўчыны ў вобразе дзвюх рэк. Іх шматметровыя мантыі неслі маленькія дзеці, якія сімвалізавалі кропелькі вады. За легкавым аўтамабілем у вобразе белакрылага лебедзя па галоўнай вуліцы прайшлі ўдзельнікі свята, творчыя калектывы раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў горада.

— «Фэстываль дзвюх рэк» — свята маладое, таму перспектывы ў яго выдатныя, — адзначыў на адкрыцці фэсту старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Ёсць магчымасць для артыстаў прадэманстраваць майстэрства на сцэне, але не толькі. Мацнеюць сацыяльна-культурныя сувязі рэгіёнаў. Для маленькага гарадка гэта ўвогуле вялікая падзея, якая дапамагае фарміраваць культурны густ мясцовых жыхароў.

Арганізатары падрыхтавалі выстаўку тэматычных пляцовак «Вобразы мілыя роднага краю». У цэнтры горада разгарнулася алея народных майстроў, дзе рамеснікі з розных куткоў Докшыцкага раёна прадэманстравалі свае вырабы і правялі майстар-класы. А найбольш маляўнічыя лакацыі горада сталі месцам прыцягнення для ўдзельнікаў міжнароднага пленэру «Палітра сяброўства». Ён сабраў трыццаць мастакоў рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі: ад вучнёўскай моладзі да прафесіяналаў. Фінальным акордам фестывалю стаў праект «Горад, які танцуе».

Сёлета ў падарунак Докшыцам госці прывезлі на памяць пра сваю малую радзіму вышытыя ручнікі. Іх звязалі разам і вынеслі на святочную сцэну. Даўжыня ручніка сяброўства і творчасці — больш за дзесяць метраў! Арганізатары дзеі ўпэўнены: гэта не канчатковы варыянт. Наступным разам палатно можа стаць ледзь не ўдвая даўжэйшае, бо ахвотных выступіць у Докшыцах год ад году становіцца ўсё больш.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.