Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


За горадам

Ужо ў гэтую нядзелю, 25 жніўня, на тэлеканале МІР стартуе шоу «ФазэндаЛайф» — рэінкарнацыя ўлюбёнай дачнікамі за 11 гадоў перадачы «Фазэнда», адрасаваная ўсім тым, хто на сезон альбо пастаянна збягае з гарадскога тлуму на прыроду і хоча напоўніць загараднае жыццё творчасцю і камфортам. Дапамагае ўдзельнікам у гэтым каманда вопытных дызайнераў, будаўнікоў і дэкаратараў, а таксама вядучы — артыст Цімафей Пронькін (і не, вам не падалося, гэта насамрэч былы ўдзельнік расійскага музычнага гурта Hі-Fі).

Дарэчы, ён таксама ўдзельнічае ў майстар-класах па дызайне, бярэцца, калі трэба, за пэндзлі і шпаталі і майструе мэблю. І не ён адзін! «Калі не хапала рук, а здымачны графік ідзе, я прыехала з офіса на будоўлю, пераапранулася і разам з дызайнерам і памочнікамі шэсць гадзін фарбавала фасад», — зазначае крэатыўны прадзюсар праграмы Вольга Алюшына. Наогул, расказваюць тэлевізійнікі, кожны загарадны рамонт займае ад 20 да 30 дзён у залежнасці ад аб'ёму работ. Але галоўную сваю задачу стваральнікі праграмы бачаць нават не ў тым, каб зрабіць канкрэтным героям утульна і прыгожа, а каб паказаць астатнім, што дачны рамонт — гэта не страшна і далёка не заўжды дорага, калі ўключыць фантазію і прыслухацца да парад прафесіяналаў.

Праверка на кемлівасць

1 верасня ў эфіры сацыякультурнага канала Беларусь 3 прэм'ера — тэлевіктарына «Сваімі словамі». Гэта зноў рэінкарнацыя ранейшай папулярнай віктарыны «Размаўляем па-беларуску» з Аленай Трацэнкай. Яна ж вядзе і гульню «Сваімі словамі».

Праграма здымаецца творчымі сіламі тэлерадыёкампаніі «Гомель» і прапануе ўсім ахвотным праверыць сябе ў веданні беларускай мовы і літаратуры, а таксама гісторыі, культуры і мастацтва нашай краіны. У інтэлектуальным спаборніцтве ўдзельнічаюць па дзве каманды, а вось ці мудрагелістыя заданні для іх падрыхтавалі рэдактары і ці будуць гледачы шчоўкаць гэтыя пытанні, нібы арэшкі, даведаемся акурат у Дзень беларускага пісьменства.

Запішыце рэцэпт

Папулярнасць кулінарных тэлешоу — з'ява паўсюдная і пастаянная, незалежна ад часу і геаграфіі, гэтыя праграмы запоўнілі эфір большасці краін свету і займелі мільёны прыхільнікаў, якія ведаюць на памяць імёны і рэцэпты Джэймі Олівера, Гордана Рамзі, Барыса Бурды, Юліі Высоцкай і іншых гуру тэлекулінарыі. Таму не дзіва, што ў новым сезоне канал Беларусь 1 працягне традыцыю гатавання перад камерамі — у праекце «Усе за стол!».

Стартуе ён таксама 1 верасня. Як расказалі «Звяздзе» ў Белтэлерадыёкампаніі, «за стол» у кожным выпуску праграмы сядуць дзве сям'і вядомых беларусаў — артыстаў, музыкантаў, спартсменаў і г. д. А гледачы даведаюцца, якія стравы даюць натхненне і сілы і ацэняць кулінарныя здольнасці сваіх папулярных асоб. Так, у прэм'ерным выпуску спаборніцтва на кухні адкрыюць сем'і заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі і алімпійскага чэмпіёна па веславанні на байдарках і каноэ Аляксандра Багдановіча.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…