Вы тут

Палявыя доследы душы


Літаратура падаецца асабліва загадкавай і складанай сістэмай, калі пачынаеш задумвацца пра сэнс яе існавання, значэнне і сутнасць. Напэўна, самая лагічная з простых высноў, якія можна зрабіць, — кожны аўтар сам для сябе вызначае мэты і спосабы іх дасягнення, а значыць — і сэнс творчасці. Услед за пісьменнікам чытач вырашае сам, навошта яму той ці іншы твор і як ён яго разумее.


У твораў, якія проста апісваюць падзеі, што адбываюцца ў рэальным жыцці і не маюць ніякага адцення прыдуманасці ці наўмыснасці, зусім не тыя задачы, што ў тэкстаў, для якіх асноўны спосаб дыялогу з чытачом — сюжэт. Калі гісторыі з кнігі набліжаны да жыцця і адсутнічаюць нейкія надзвычайныя падзеі, з’яўляюцца два варыянты: а) гэта проста графаманскія дзённікі, напісаныя выключна дзеля аўтарскага задавальнення; б) каб зразумець сутнасць, закладзеную ў тэкст, трэба сягаць за межы сюжэтнай канвы.

Да апошняй катэгорыі можна аднесці зборнік Вінцэся Мудрова «Восень у Вільні» («Кнігазбор», 2019). Складзеная з дзесяці апавяданняў кніга ўтрымлівае вынікі даследаванняў жыцця, прытым з таго боку, які прынята не заўважаць не толькі ў літаратуры, але і ў самім жыцці. Усе героі Мудрова чымсьці падобныя. Першае, што кідаецца ў вочы, — іх звычка ўжываць алкаголь: у пяці з дзесяці апавяданняў ёсць сцэна, дзе галоўны герой прачынаецца з пахмелля. Гэтая адметнасць выяўляе важную для раскрыцця характараў персанажаў дэталь — непаразуменне з уласным жыццём і навакольным светам. Аўтар апавяданняў даследуе спосабы, якімі чалавек намагаецца справіцца з гэтым непаразуменнем. Што цікава — часта галоўны герой з’яўляецца пісьменнікам. Падаецца, што пісьменніцтва як спосаб пераадолення ўнутраных і знешніх канфліктаў вельмі цікавіць аўтара. Тое, як пісьменнікі паказаныя ў творах, па-свойму развенчвае міфы і разбурае стэрэатыпы. Бо, па сутнасці, літаратараў пераследуюць тыя ж унутраныя праблемы, што і іншых персанажаў, а творчасць разглядаецца ўсё на тым жа побытавым фоне. Прыроду натхнення, творчага крызісу, выбару пісьменніцкай справы, паняцце графаманіі і сутнасць пісьменніцкага поспеху аўтар адлюстроўвае без рамантычнага флёру, месцамі нават груба і схематычна. Часам з’яўляецца адчуванне, што творца іранізуе са сваёй справы або хутчэй са штучнасці і няшчырасці ў ёй.

Падкрэсленая маргінальнасць герояў, ледзь не поўная безэмацыянальнасць, нясхільнасць да камунікацыі могуць падацца чытачу несімпатычнымі. Але, здаецца, аўтар абсалютна не імкнецца да нейкага кантакту з чытачом, а, наадварот, наўмысна супрацьпастаўляе яму персанажаў. Уявіць на месцы чытача гэтай кнігі чалавека, якога апісвае Мудроў, даволі складана. Нават у саміх апавяданнях героі амаль ніколі не трымалі ў руках кніг (бадай, толькі за ўласным аўтарствам). Нягледзячы на ўсё гэта, ні ў адным з тэкстаў нельга падзяліць персанажаў на станоўчых і адмоўных. Яны ўсе простыя жывыя людзі, са сваімі характарамі, стаўленнем да іншых, недахопамі і вартасцямі, прынцыповымі пазіцыямі.

Яшчэ адно робіць гэтую кнігу чымсьці значна большым, чым проста зборнікам побытавых замалёвак: час дзеяння ва ўсіх тэкстах адрозніваецца і паўстае не проста фонам, але і адбіваецца на лёсах і паводзінах людзей. Такім чынам, у аўтара з’яўляецца яшчэ адзін аб’ект даследавання — гістарычныя абставіны і іх уплыў на персанажаў.

Сярод іншых вылучаецца загалоўнае апавяданне «Восень у Вільні». У ім найбольш заўважна адлюстраванне часу. Атрымліваецца моцная повязь: гістарычныя падзеі становяцца фонам для жыцця падлетка ў Вільні трыццаць дзявятага года; праз жыццё звычайнай сям’і адлюстроўваюцца падзеі блізкай вайны, змены ўладаў і пытанні беларускай самасвядомасці ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Апошняе, дарэчы, выяўляецца нестандартна: беручы ў рукі кнігу Якуба Коласа, хлопец не адчувае зацікаўленасці, у ім нічога не абуджаецца, ён не імкнецца ўключыцца ні ў якую барацьбу. Адчуванне сябе беларусам унутранае, бясспрэчнае і не мае пад сабой ніякіх палітычных кантэкстаў. Дарэчы, гэтае адчуванне ўласцівае і персанажам іншых апавяданняў. Напрыклад, у канцы апошняга твора герой разважае пра тое, што хоча з’ехаць, але яго намер амаль беспадстаўна змяняецца. Нацыянальная самасвядомасць у кнізе Мудрова — абсалютна фонавае, натуральнае і нязменнае пачуццё ці хутчэй стан, які ніяк не выпінаецца з характару герояў.

Што тычыцца тэхнічнага боку, ніякіх пытанняў да тэксту не ўзнікае. Стылістыка, лексічнае багацце, выдатна прапрацаваны сінтаксіс апісанняў і дыялогаў чарговы раз сцвярджаюць прафесійнасць аўтара. Нягледзячы на дакладныя і не вельмі шматслоўныя апісанні, часам, каб унікнуць у гістарычныя абставіны і ахапіць усю карціну падзей, даводзіцца спыняцца на старонцы, не спяшацца перагортваць. Нельга сказаць, што гэта нейкая праблема.

І ўсё ж такі «Восень у Вільні» — не тое чытво, што можа выконваць раслабляльную і забаўляльную функцыю. Кніга вымагае ад чытача пэўнай падрыхтаванасці. У творах не варта шукаць адказу на пытанне «Што хацеў сказаць аўтар?», рэзкіх сюжэтных паваротаў… Тут няма ўжо згаданага падзелу на «добрых» і «дрэнных», усе аповеды аб’ядноўвае агульны фонавы песімізм. Падаецца, што гэты зборнік можна разглядаць менавіта як справаздачу па сацыяльна-псіхалагічных даследаваннях, якія аўтар праводзіць адпаведна ўнутраным запытам і патрэбам.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.