Вы тут

З надзеяй на лепшы сцэнарый


Сучаснік мяркуе: калі ў свеце было так многа нянавісці і барацьбы, чаму людзі не асэнсавалі памылкі мінулага? Ды і ў XXI стагоддзі хіба не змянілася сутнасць чалавека? Але свет і погляды на яго ўладкаванне заўсёды былі розныя і такімі застануцца. Ці не трэба змірыцца з тым, што гісторыя цывілізацыі рухаецца так, як ёй наканавана (кімсьці ці чымсьці), нягледзячы на магчымыя неймаверныя страты? Супраць такой «прымірэнчай» пазіцыі паўстае Мікола Мятліцкі ў зборніку «Бяссмертнік», што выйшаў сёлета ў выдавецкім доме «Звязда» і прымеркаваны да 65-годдзя паэта.


Супрацьстаянне вайны і міру — асноўная скіраванасць твораў Міколы Мятліцкага. Самае жахлівая перспектыва — «зямля, без слядоў чалавечых». Паэт не скупіцца на вобразныя сродкі, супастаўляючы мірнае неба і неба падчас вайны, чорнае ад куродыму. Нягледзячы на тэматычную разнастайнасць твораў, аўтар увесь час нагадвае пра вайну. У розных варыяцых словазлучэнні накшталт «пажар вайны», «жудасны плач», «рады магіл», «патопы крыві» сустракаюцца на працягу ўсяго зборніка, нібыта дзеля таго, каб «працверазіць» чытача, які падрыхтаваўся да лірычных разваг ці сузірання прыроды.

Майстэрства Міколы Мятліцкага — у прамалёўцы выразнай карціны, якая не патрабуе дапаўненняў і каментарыяў. Гэта як палотны, дзе можна назіраць за людзьмі, бачыць на тварах жах, боль, горыч, нянавісць ад таго, што адбываецца з імі і іншымі героямі. А такія вершы, як, напрыклад, «Азарычы», «Асвенцым», «Чырвоны бераг», увогуле патрабуюць эмацыянальнай устойлівасці. Аўтар амаль не пакідае нічога патаемнага, пазбягае недаказанасці. Таму радкі як нагода для асабістых разважанняў чытача сустракаюцца радзей: …

Семдзесят трэці раз

Паўтарае забіты салдат

З-пад парушанага

Надмагільнага помніка

Распешчанай Еўропе: —

Памятай, я цябе вызваліў!

Заставайся ўдзячнаю

А яна, распусніца-дзеўка,

І з мёртвага

Патрабуе еўра…

Адна з цэнтральных тэм — Другая сусветная вайна — на працягу роздумаў пераходзіць у развагі пра цяперашні час. Але калі супрацьстаянне «савецкі народ — фашысты» аўтар апісвае даволі канкрэтна, то ў дачыненні да сённяшняга дня адлюстраванне больш абагульненае, хоць часам і згадваюцца некаторыя моманты канфліктаў. Мікола Мятліцкі мудра займае асцярожную пазіцыю і не робіць канчатковых высноў. Але ў кожным творы ён выступае як сапраўдны гуманіст, які абараняе свае ідэі. Так, у вершы «Бежанцы» паэт ставіць кропку і аўтаматычна ўступае ў любую палеміку, звязаную з тэмай вайны: «Лепш жыць век беспрытульным валацугам, / Як згінуць ад разбою і вайны».

Не баіцца паэт і прагназаваць будучыню: «Што чакае Еўропу праз дваццаць гадоў? / Гаварыць я пра гэта сягоння гатоў». Часцей ён адкрыта выказвае спадзеў на шчаслівую бясхмарную будучыню («і спачыне апошні ў зямлі тэрарыст»), але бывае песімістычна настроеным і не бачыць перспектыў мірнага прадаўжэння жыцця (гаворка аб прагрэсе, які можа зрабіць свет нежывым). З надзеяй і любоўю ён глядзіць на мірны беларускі народ. У вершах Беларусь паўстае як краіна, што ўваскрэсла дзякуючы сумленню тых, хто пакутаваў вякамі. Аўтар імкнецца данесці гэтае пачуццё спакою беларусаў пасля выпрабаванняў. Недзе і ў немудрагелістай форме:

У дабра заўжды на службе,

Бульбу з даўнасці ядуць.

У сапраўднай, вернай дружбе

Век сяброў не падвядуць.

Нягледзячы на высокія памкненні аўтара, часам у зборніку сустракаюцца сумніўныя з пункту гледжання формы і зместу радкі, хоць катэгорыя сумніўнасці — рэч вельмі суб’ектыўная. Але, здаецца, можна было б пазбегнуць твораў накшталт:

Многа хворых на рак,

Смутак нудзіць душу.

Ім спрыяю ўсяляк —

І вясёлку нашу.

Паэт вядзе дыялог з сучаснікам, прапаноўвае роздум, спрабуе адказаць на надзённыя пытанні: «З тугою гавораць турысты: —Зашмат / Тут помнікаў з бронзы, граніту і сталі. / Не кожны з іх чуе раскаты гармат / І посвісты куль, што прыцэльна ляталі». У іншым вершы ёсць працяг тэмы помнікаў, дзе Мікола Мятліцкі здзіўляецца, якія помнікі стварыў наш час (напрыклад, бабры ў Бабруйску, кулік у Тураве, яйка ў Салігорску). У гэтым бачыцца аптымізм паэта: «Рукі беларусаў ужо меней стамлёныя сёння».

Унутраны свет хвалюе Міколу Мятліцкага менш, чым знешні. Большасць твораў аўтара — гэта вершы-прамовы, вершы-звароты, вершы-заклікі. У рэдкім выпадку ён звяртае ўвагу на асобу лірычнага героя (якога ў кнізе цяжка не атаясаміць з постаццю аўтара). Чытач ведае яго думкі, пачуцці, стаўленне да той ці іншай з’явы, але асоба за гэтым нібы хаваецца. Калі звычайна паэты ў сваіх зборніках, асабліва такіх аб’ёмных (толькі змест займае больш чым 15 старонак), адкрываюць душу і распавядаюць пра набалелае-асабістае, то Мікола Мятліцкі не ўдзяляе гэтаму шмат увагі.

У цэлым лірычны герой — асоба аптымістычная і ўдзячная. Але зрэдку некаторыя творы перадаюць традыцыйную атмасферу адзіноты і журбы:

На зямлі —

Цэлае мноства гарадоў,

Дзе ў адначассе

Грукаюць мільярды колаў,

Рушаць мільярды крокам.

І толькі я, адзінотны вандроўнік,

Абходжу іх кожны раз пачаргова

У бязмежжы свайго ўяўлення.

Пачуцці ў творах перадае прырода, якой у зборніку адведзена асаблівае месца (у тым ліку ў сувязі з Чарнобылем і пагрозай экалагічнай катастрофы). Яна, амаль заўсёды яркая і квітнеючая, паўстае як асобны герой, надзвычай жывы і трапяткі («І дзень, як дзед празяблы, плечы звёў»). Усё ў творах буяе, цвіце, пахне: тут і журавінавае балотца, і грыбныя сцяжыны, і нямыя хмары, і разамлелыя бары, і разлогі палёў…

Ў краях чужых павандраваў замала,

Мой век не знаўся з прыткасцю такой.

Ставала часу зведаць дасканала

Бацькоўскі кут і край радзімы свой.

Увогуле, тэматычна багаты зборнік вершаў Міколы Мятліцкага здольны не толькі крануць душу. Аўтар мэтанакіравана звяртаецца да розуму і свядомасці сучасніка. Спадзеючыся на лепшы сцэнарый для свету, ён гукае да нас: «Чаму вы называеце мары мае ўтопіяй?». Што ж, у кожнага знойдзецца свой адказ на гэтае пытанне.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.