Вы тут

Вольга Ксёнда: Лепей падштурхоўваць, а не прымушаць да чытання


Як прымусіць дзіця чытаць? У чым розніца паміж сапраўднай псіхалагічнай дыягностыкай і сцэнамі з фільмаў? Як уплывае мастацтва на развіццё маленькага чалавека? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае псіхолаг, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вольга КСЁНДА.


— Ці можна вызначыць характар чалавека і яго праблемы па малюнку?

— Па адным малюнку немагчыма, больш за тое, немагчыма і па некалькіх без каментарыя. Бо чалавек малюе ў пэўным настроі і ў пэўнай сітуацыі. Напрыклад, калі вам скажуць, што вы выйгралі мільён долараў, вы змяніліся імгненна, але па сутнасці застанецеся ранейшым. Таму амерыканскія фільмы і рэальнасць — рэчы розныя. Толькі ў амерыканскім фільме можа здарыцца так: чалавек памахаў шарыкам перад тварам — і іншы ўжо пад гіпнозам. Гэта немагчыма. Больш за тое, калі працуюць прафесійныя псіхолагі, то да малюнка заўсёды патрабуюць тлумачэнні: што, чаму і як.

Магу расказаць адзін смешны выпадак, калі малюнак і дзіця выглядалі па-рознаму. Адно дзіця намалявала чалавека з цвікамі на галаве. Пытанне: што гэта можа значыць? Пры размове высветлілася, што дзіця жыве ў адной кватэры з бабуляй, дзядулем, мамай, татам, дзядзькам і цёткай. Сем чалавек — у адной кватэры. І калі спыталіся, чаму дзіця намалявала цвікі, быў адказ: «Каб на галаву не садзіліся». Адгадайце, чыя гэта фраза… Правільны адказ — бабулі, у якой на ўтрыманні столькі людзей. І дзіця вось так разумее пазіцыю «каб на галаву не садзіліся».

— У школах і садках, наколькі мне вядома, практыкуецца падобны метад у адносінах да дзяцей. Ці дае гэта плён?

— У дзяцей дае, таму што яны не чытаюць пра гэта ў інтэрнэце. Там працуе псіхолаг з адукацыяй, які з імі памаляваў некалькі разоў, пагаварыў пра малюнкі, пагутарыў з выхавальнікамі, бацькамі. І тады ён можа зразумець, што намалявана і чаму. А дарослы, начытаўшыся ў інтэрнэце, ведае, што маляваць чорным — дрэнна, маляваць нешта вострае — дрэнна, маляваць неіснуючую жывёлу — гэта зусім жах.

— Калі бацькі хочуць даведацца, што адбываецца ў душы ў дзіцяці, якія ў яго праблемы, на што ім звярнуць увагу на дзіцячым малюнку?

— Раскажу вам пра «малюнак праблемы». Дзяўчынка, трэцякласніца, малюе ўсё выключна чорным колерам. Бацькі начыталіся: у дзіцяці праблемы. Страх. Жах. А насамрэч, калі дзяўчынка стала расці, аказалася, што ў яе ёсць здольнасці да графікі. Яна пайшла ў мастацкую школу і малявала толькі графіку. Калі бачныя гэтыя выразныя прыгожыя лініі, можна маляваць цені і ўсё астатняе. І дзе вы бачыце праблему? Калі бацькі раптам вырашылі, што нешта не так, не трэба спрабаваць ставіць дыягназы, а лепш схадзіць да прафесійнага псіхолага.

— Калі трэба звяртацца да псіхолага?

— Калі заўгодна. Псіхолаг ніколі не ставіць дыягназы. Калі ён бачыць праблемы, якія «патыхаюць дыягназам», ён можа скіраваць да спецыялістаў — неўролагаў, тэрапеўтаў. Псіхолаг не лекар. Ён працуе са звычайным дзіцем у звычайным рэжыме, ён можа яго развіваць, дапамагчы вызначыцца, але не ставіць дыягназы.

— Што адбываецца, калі дзіця сутыкаецца з творамі мастацтва і само спрабуе нешта стварыць (напісаць вершы, нешта намаляваць)?

— Любое мастацтва развівае. Выключэнне — сучаснае мастацтва кіно, дзе з’явілася шмат агрэсіўных тэндэнцый. Любыя мастацкія творы, што чытае дзіця, развіваюць памяць, увагу, гаворку, павялічваюць слоўнікавы запас. Дзеці, якія чытаюць многа, размаўляюць лепш, чым тыя, хто чытае мала. Калі мы пяройдзем да коміксаў, наша гаворка стане абрывістай, няскладнай і ператворыцца ў абрэвіятуры, з дапамогай якіх мы перапісваемся ў сацыяльных сетках. Калі казаць пра музыку, то сёння існуе цэлы кірунак музычнай тэрапіі. Любы чалавек з’яўляецца яе ўдзельнікам, калі, напрыклад, прыходзіць на свята. І там грае ўрачыстая, вясёлая музыка, яна на вас дзейнічае станоўча. Музыка жалобная дзейнічае адмоўна: настрой пагаршаецца, бо яна асацыюецца з сумнымі эмоцыямі. Музыка жорсткая, рытмізаванная (цяжкі рок) працуе ў розных сітуацыях па-рознаму, але заўсёды горш, чым класічныя творы. Класіка выклікае выключна станоўчыя змены. Таму часцей яе выкарыстоўваюць у музычнай тэрапіі.

— Існуе меркаванне, што па музыцы, якую чалавек слухае, можна вызначыць яго характар. Гэта праўда?

 — Вы хочаце даведацца, па чым можна вызначыць характар? Ні па чым. Вось так паглядзець на яго адзін раз і зрабіць прысуд НЕМАГЧЫМА. Усе думаюць, што вялікі псіхолаг ідзе і, як рэнтген, усіх прасвечвае. Гэта не так. Раніцай вы ў адным стане, а ўвечары пасля працы — у іншым. Вы застаяцеся адным і тым жа, але пры гэтым змяняецеся, рэагуеце па-рознаму на прадметы і рэчы.

— Ці трэба прымушаць дзіця чытаць?

— Калі прымушаць, то эфект будзе адваротны. Калі нас нешта зрабіць прымушаюць, узнікае ўнутраны супраціў. Вы можаце прымусіць дзіця чытаць, але яно будзе гэта рабіць без задавальнення: абы адчапіліся. І не атрымае ні карысці, ні асалоды. Ёсць шмат хітрых прыёмаў, як прывучыць дзяцей да чытання. У інтэрнэце можна натрапіць на гісторыю пра маму, у якой былі блізняты. І абодва не хацелі чытаць, затое любілі гуляць. Тады яна купіла настольную гульню, якую яны любілі, і сказала: «Гуляем. Калі выйграеце вы, то чытаеце па тры старонкі кнігі, калі я, то чытаеце 30 старонак». Яны гуляюць. Мама здаецца. Дзеці, задаволеныя і шчаслівыя, ідуць чытаць свае тры старонкі. Таксама можна падсоўваць кнігі, якія ім цікавыя, а потым ужо і больш сур’ёзную літаратуру. Таму што сучаснаму пакаленню нецікавая класічная літаратура, як бы ні хацелі многія дарослыя. Яны яе могуць прачытаць, калі прымусяць, ды абы ад іх адчапіліся. Вось калі падрастуць, будзе цікава. Лепей да чытання не прымушаць, а падштурхоўваць. Ёсць шмат хітрыкаў, і разнастайных. Яшчэ адзін прыклад — скажыце, што гэтая кніга забароненая. І ўжо хутка яна будзе прачытана.

— Як уплываюць сцэны гвалту на дзіця ў кіно?

— Любы чалавек, у тым ліку дзіця, набывае нейкі досвед. Калі я гляджу на сцэны гвалту, гэта таксама досвед. Але я гляджу кіно, потым яго выключаю, і жыццё працягваецца. Чым дзіця меншае, тым спакайней успрымае гвалт. У маленькіх няма паняцця зваротнасці і незваротнасці. Многім падлеткам, якія глядзелі сцэны гвалту, здаецца, што калі гэта адбудзецца, жыццё пойдзе далей, як ішло. Але калі ты нешта падобнае зрабіў, тыя, хто пацярпеў, жыць, як раней, не змогуць, а ты будзеш сядзець у турме. Гэта значыць, нельга будзе выйсці з праграмы, потым зайсці назад з новым жыццём, з новым здароўем.

Максім ЖУК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.