Вы тут

З Усходняй Прусіі далёкі боль


Землякі з Калінінградскай вобласці Расіі працуюць на славу продкаў: шукаюць і знаходзяць у архівах звесткі пра воінаў­ ураджэнцаў Беларусі, якія ваявалі, гінулі ўдалечыні ад Айчыны, вызваляючы Еўропу ад гітлераўцаў


Гасцей з Калінінградскай вобласці вітаюць у Бездзежы

Нядаўна калегі нашы з “Дрогичинского вестника” пісалі, што Драгічынскі райвыканкам (Брэсцкая вобласць) і Калінінградскае зямляцтва беларусаў падпісалі пагадненне аб супрацы — тое адбылося 14 ліпеня 2019 года ў аграгарадку Бездзеж. Там гасцявала дэлегацыя Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Калінінградскае зямляцтва беларусаў”. Госці прыехалі з яшчэ адной місіяй: прывезлі й перадалі сваякам загінулых франтавікоў дакументальныя сведчанні пра месцы іх пахавання. Атрымалі дакументы 8 сем’яў з вёсак Заклеценне, Застаўе ды Бездзеж, якія страцілі ў гады вайны сваіх родных. Каб адшукаць сляды землякоў на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі, велізарную пошукавую працу вядзе Васіль Іванавіч Ялец, які родам з вёскі Заклеценне.

Кіруе беларускай суполкай у Калінінградзе (раней — Кёнігсберг, беларусы называлі яшчэ: Каралявяц — горад караля) Святлана Зязера. Разам з ёй прыехалі на Бацькаўшчыну іншыя актывісты зямляцтва: дарадца губернатара Калінінградскай вобласці, заслужаны ўрач Расіі, ураджэнка Кобрынскага раёна Таццяна Грунічава, намеснік старшыні Савета зямляцтва, адмірал Васіль Апановіч, а таксама Васіль Ялец, які й выступіў адным з галоўных арганізатараў сустрэчы. У Бездзежы быў і былы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Заламай. Дарэчы, інтэрнэт падказвае, што вядомы беларусам ураджэнец вёскі Качаны Бераставіцкага раёна Гродзеншчыны цяпер таксама жыве ў Калініградзе. Са снежня 1994 па 2000 год Уладзімір Аляксандравіч быў старшынёй Брэсцкага аблвыканкама, потым 8 гадоў кіраваў аддзяленнем Пасольства Беларусі ў Расіі ў Калінінградзе. Цяпер ужо Ігар Уладзіміравіч Заламай на дыпслужбе — ён дарадца ў аддзяленні Пасольства Беларусі ў Расіі ў Санкт-Пецярбурзе.

Перш за ўсё ў Бездзежы госці наведалі храм Святой Жываначальнай Тройцы, дзе настаяльнік царквы протаіерэй Генадзь Воран падзякаваў ім “за працу на славу продкаў”, расказаў пра цудоўнае вяртанне ў сваю абіцель страчанай у гады мінулай вайны святыні: Евангелля 1890 года. Госці разам са святаром і прыхаджанамі малітоўна памянулі тых, хто загінуў на палях бітваў, не вярнуўся дадому. Потым дэлегацыя рушыла да абеліска загінулым воінам і мірным жыхарам у Бездзежы, дзе ў памяць пра трагічныя падзеі мінулай вайны адбыўся мітынг-рэквіем. У жалобнай імпрэзе, якая праходзіла з удзелам мясцовых жыхароў і вучняў тутэйшай школы, паўдзельнічалі кіраўнік раёна Аляксандр Дарашэнка й старшыня райсавета дэпутатаў Святлана Барташ. Пасля ўскладання вянкоў і кветак да помніка-абеліска арганізатар і вядучая сустрэчы, старшыня сельвыканкама Інэса Каласей дала слова гасцям.

Святлана Зязера казала, што беларусы Калінінграда прыехалі на Бацькаўшчыну з важнай місіяй: расказаць пра тое, як ваявалі, паміралі за Радзіму й дзе пахаваныя нашы землякі, якія гінулі й на тэрыторыі былой Усходняй Прусіі. Прывезлі госці памятныя лісты, дзе адлюстраваны подзвігі й узнагароды салдат-франтавікоў, якія не вярнуліся з палёў бітваў, каб уручыць іх сваякам, родзічам герояў. Далей Святлана Міхайлаўна расказала пра гераічнае мінулае Якава Рыгоравіча Юрашэвіча, жыхара вёскі Застаўе, 1916 года нараджэння. У шэрагі Чырвонай арміі быў ён прызваны 20 ліпеня 1944 года з партызанскага атрада — і адразу накіраваны ў разведроту. Госця зачытала выпіску з узнагароднага ліста, якая сведчыць пра мужнасць і бясстрашша Якава Юрашэвіча ў барацьбе з ворагам.

Таццяна Грунічава нагадала пра старонкі франтавой гісторыі Івана Лявонцевіча Каласея: у 19‑гадовым узросце быў ён прызваны ў Чырвоную армію з вёскі Заклеценне. У ходзе архіўных пошукаў стала вядома, што 10 кастрычніка 1944 года пры наступленні на Варшаву чырвонаармеец выявіў варожы кулямётны разлік, кінуўся на яго, аднаго фашыста пры тым забіў, двух узяў у палон і даставіў у распараджэнне часці. За той подзвіг быў прадстаўлены да ордэна Славы 3‑й ступені. Затым былі цяжкія баі, салдат апынуўся ў спісе загінулых, але 23 снежня адпраўлены рапарт аб памылковым унясенні Івана Каласея ў спіс беззваротных страт. Ды ўсё ж 22 студзень 1945 года ён памёр у шпіталі ад цяжкіх ран. Памяць пра яго ўвекавечана на праваслаўных могілках у Варшаве.

Пра подзвіг Сцяпана Пятровіча Дудзіка расказаў адмірал Васіль Апановіч. Дакументы сведчаць: хлопец быў прызваны на фронт у 21 год, і 17 студзеня 1945‑га, дзейнічаючы смела й адважна, першым уварваўся ў размяшчэнне варожай абароны, знішчыў там разлік кулямёта, за што 12 сакавіка быў узнагароджаны ордэнам Славы 3‑й ступені. А ўжо 13 сакавіка, Сцяпан Пятровіч загінуў, і быў пахаваны ў польскай вёсцы Боян.

Пошукавік Васіль Ялец таксама распавёў пра лёсы сваіх загінулых аднавяскоўцаў: Канстанцін Іосіфавіч Сідорчык (па франтавых дакументах Сідарчук) змагаўся на тэрыторыі Польшчы, дайшоў “да Перамогі”. Потым жа быў адпраўлены на Далёкі Усход, дзе працягвалася вайна з Японіяй. Там быў цяжка паранены ў хрыбетнік, самалётам яго даставілі ў шпіталь. Але выратаваць салдату жыццё не ўдалося, і 5 верасня 1945 года ён памёр ад ран, быў пахаваны ў горадзе Чарняхоўску.

Напрыканцы мітынгу-рэквіема ў Бездзежы выступіў старшыня райвыканкама Аляксандр Дарашэнка. Ён шчыра падзякаваў калінінградскім беларусам “ад усяго Драгічынскага краю” за падзвіжніцкую працу.

Рыгор Гарэшка

Фота drogichin.by

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.