Вы тут

Паклон вам, нашы землякі!


Памяць герояў бітвы ў Італіі, пад Монтэ-Касіна, у многіх з якіх былі беларускія родавыя карані, ушанавалі ў літоўскім горадзе Клайпедзе


Здымак на памяць пра сустрэчу

Доўгі час тыя знакавыя падзеі часу Другой сусветнай вайны ў Італіі несправядліва заставаліся ў цяню, і не прынята было гаварыць пра герояў-беларусаў, якія ўдзельнічалі ў Бітве пад Монтэ-Касіна. Ды ў апошнія дзесяцігоддзі мы шмат даведаліся пра воінаў, якія гераічна змагаліся з нацыстамі ў арміі саюзнікаў, набліжаючы агульную перамогу. Монтэ-Касіна — гэта бенедыктынскі кляштар на вяршыні аднайменнай гары непадалёк ад Неапаля, дзе былі створаны непрыступныя ўмацаванні (абарончая лінія “Густаў”), якія баранілі подступы да Рыма. 123 дні доўжылася бітва, і палегла там каля 120 000 чалавек.

Па ініцыятыве суполкі “Крыніца” ў Клайпедзе ўшанавалі памяць тых, хто 75-гадоў таму змагаўся й за нашу Бацькаўшчыну, “за нашу і вашу свабоду” (словы са знакамітай песні) пад Монтэ-Касіна. У Цэнтры нацыянальных культур горада сабраліся прадстаўнікі беларускай, польскай, рускай ды іншых суполак, каб успомніць адну з самых кровапралітных бітваў Другой сусветнай, якую назвалі: італьянскі Сталінград. Мы гаварылі пра ўдзел беларусаў, прадстаўнікоў іншых нацый у той бітве ў шэрагах Арміі генерала Уладзіслава Андэрса. Цяпер вядома: значную частку салдат 5-й пяхотнай дывізіі Крэсовай, некаторых іншых частак, падраздзяленняў 2-га Польскага корпуса складалі беларусы. Даследчыкі кажуць: нашых там было каля 6000 чалавек. Мы пастараліся агучыць прычыны таго, як беларусы ў тую армію трапілі, чаму “завеса маўчання” была вакол тых падзей. Беларусы, палякі, яўрэі, ды й літоўцы ваявалі ў складзе Брытанскай арміі, куды ўвайшой 2-гі Польскі корпус, разам з індыйцамі, новазеландцамі. І тысячы герояў засталіся назаўсёды ля падножжа вяршыні гары. Быў загад камандавання авалодаць ёй, у тым ліку й беларусам з 5-й Крэсовай пяхотнай дывізіі “Зубры” 2-га Польскага корпуса. Толькі чацвёрты штурм быў пераможным, вяршыню ўзялі 19 мая 1944 года. Бітва была такой жорсткай і кровапралітнай, што пасля яе заканчэння ўсё поле было чырвонае ад крыві.

Кажуць, быццам за ноч ад пралітай крыві там расцвілі пунсовыя макі. З часам з’явілася й вядомая ў Польшчы песня “Чырвоныя макі на Монтэ-Касіна” (“Czerwone makі na Monte-Cassіno”), прысвечаная бітве. Прадстаўнікі польскай абшчыны дапамаглі нам зразумець сэнс кожнага слова з песні, распавялі пра гісторыю яе стварэння. З узяццем Монтэ-Касіна дарога на Рым была адкрыта, і 4 чэрвеня 1944 года армія саюзнікаў вызваліла Рым. У бітве за Монтэ-Касіна загінула 924 салдаты корпуса Андэрса, у іх ліку 180 беларусаў. Усе яны пахаваны на асобных Польскіх вайсковых могілках ля кляштыра, дзе зроблены мемарыял. (Беларускі з Неапаля ўскладвалі там сёлета кветкі на магілы супляменнікаў, гл.: “Пакуль жывыя — памятаем”, ГР, 29.05.2019). Ва ўсёй жа італьянскай кампаніі загінулі 863 выхадцы з Беларусі.

Беларуска з Неапаля Ніна Марчык на мемарыяле ў Монтэ-Касіна

З вялікай цікавасцю ў нашай імпрэзе паўдзельнічаў Эгідыус Казлаускіс, старшыня “Клуба аматараў ваеннай гісторыі” з Клайпеды. Ён цікавіцца гэтай тэмай, збірае матэрыялы пра ўдзел у бітве пад Монтэ-Касіна землякоў-літоўцаў. З розных архіўных даных ён ведае: такіх было каля 100. З асабістай калекцыі Эгідыус прадаставіў для агляду манекен у форме, у якой ваявалі й нашы землякі ў той час — гэта форма ангельскага ўзору са знакамі адрознення 5-й Крэсовай пяхотнай дывізіі. Аматару гісторыі ўдалося купіць у Лондане на аўкцыёне аўтэнтычную каску ангельскага ўзору, але з эмблемай польскай арміі. Мы ўдзячны Эгідыусу за цікавыя дапаўненні й пра асобу генерала Андэрса. Спадзяемся прадоўжыць супрацу па вывучэнні агульнай ваеннай гісторыі.

Наталля Дамненка, намесніца старшыні беларускай суполкі “Крыніца”, г. Клайпеда

Фота: Уладзімір Беглік і Таццяна Пумпулева

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.