Вы тут

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці


72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. Вучэбна-матэрыяльная база па фізічнай падрыхтоўцы і спорце дазваляе адначасова праводзіць заняткі з 1,5 тысячы курсантаў.


Як паведаміў старшы памочнік начальніка аддзялення ідэалагічнай работы Дзмітрый НАВУМЕНКА, у цэнтры дзейнічаюць школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы, пяць школ па падрыхтоўцы спецыялістаў родаў войскаў і спецыяльных войскаў, тры падраздзяленні забеспячэння.

«Цэнтр рыхтуе спецыялістаў для Узброеных Сіл усіх відаў і родаў войск — прапаршчыкаў, малодшых камандзіраў і спецыялістаў, ідэалагічны актыў, а таксама ваеннаабучаны рэзерв для воінскіх часцей», — тлумачыць Дзмітрый Навуменка. Так, кухары атрымліваюць 3-і ці 4-ы разрады, а без катэгорыі Е няма чаго і марыць аб «дальнабоі». Заўважце, хлопцы атрымліваюць правы бясплатна.

У 72-м АВЦ навабранцы спачатку атрымліваюць пачатковую і агульную ваенную падрыхтоўку, неабходныя тэарэтычныя веды, займаюцца ў камп'ютарных класах, на трэнажорах, агнявых гарадках, потым прыступаюць да заняткаў на тэхніцы. А праз паўгода, ужо стаўшы сапраўднымі спецыялістамі, накіроўваюцца ў часці па ўсёй Беларусі, куды былі прызваныя.

Печы — знак якасці

Атрымаўшы павестку, Уладзіслаў ЗЯНЬКОЎ з Калінкавіч не сумняваўся, што служыць трэба. Не палохаўся ні неабходнасці прытрымлівацца дысцыпліны, ні фізічнай нагрузкі. Адзінае пытанне, якое мучыла на грамадзянцы, — ці ёсць дзедаўшчына ў арміі.

«Прыйшоў сюды, даведаўся, што ўжо даўно яе няма. Напрыклад, тут дакладна няма такога паняцця», — запэўнівае хлопец.

Раней Уладзіслаў здолеў атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В і С ад ваенкамата, таму яму прапанавалі працягнуць вучобу — на кіроўцу-кранаўшчыка аўтамабільных пнеўмаколавых кранаў. Кажа, класна ў тым плане, што заўсёды работу знойдзеш — і даходную. Таму для юнака на грамадзянцы шмат перспектыў, хоць і ў службе ў арміі ён бачыць свае плюсы: зарплату, кар'ерны рост.

«У нас тут выдатныя і казарменныя, бытавыя ўмовы — нядаўна рамонт быў. Кормяць няблага. Фізкультурныя нарматывы выконваць няцяжка, бо акцэнт зроблены на навучанне, больш увагі аддаецца інтэлектуальнаму развіццю», — расказвае баец.

Яго таварыш Ілья ВАНЮХІН ужо запланаваў, што ў далейшым будзе працаваць кранаўшчыком. Малады чалавек ужо двойчы ў жыцці мяняў прафесію: першы раз вучыўся на аўтамеханіка, потым на вымяральшчыка. Але ўсё прыйшлося не па душы. А вось кранаўшчыком быць спадабалася.

«Нават з бацькамі абмеркаваў жаданне ўладкавацца на гэтую работу. Ёсць ужо і варыянты: напрыклад, сябар у роднай Рэчыцы працуе ў кампаніі, якая ездзіць на паўночныя вахты. Там можна добра зарабіць, пакуль малады, на далейшую будучыню», — разважае радавы. Усё павінна здзейсніцца, бо наймальнікі добра ведаюць: «выпускнікі» Печаў — гэта своеасаблівы знак якасці.

Сваю дзяўчыну Ілья ўжо папярэдзіў, што, магчыма, давядзецца цяжка: спачатку чакаць з арміі, потым з Поўначы. Каханая ўсё зразумела, бо Ілья стараецца для будучай сям'і.

Ну а пакуль да дэмабілізацыі ёсць час, юнак вывучае воінскія абавязкі і грамадзянскую спецыяльнасць. Адносіны з хлопцамі добрыя («Натуральна, добрыя», — удакладняе Ілья), тым больш што ў роце шмат хто з Гомельскай вобласці. З'явілася ў радавога і мара.

«Ужо хачу хутчэй паспрабаваць на кране працаваць, гэта ў пачатку лістапада будзе», — чакае Ілья. Часць, у якой ён атрымлівае прафесію, мае чатыры сучасныя краны, а працаваць на іх навучаць у любых умовах, нават у зоне, нябачнай машыністу, у катлаване.

«Што сустракаецца ў жыцці, таму і вучаць», — тлумачыць курсант.

Каб жылі самалёты

На беларускіх аэрадромах шмат выпускнікоў Валерыя МЯРГУР'ЕВА і Вячаслава ВОЙНАВА. У Печах увогуле выкладаюць шмат афіцэраў запасу ці ў адстаўцы — хто, як не яны, ведаюць не толькі тэорыю, але і практыку? У школе для навучання ёсць абсталяваныя класы і рабочыя ўзоры тэхнікі ў парках — усё, што выкарыстоўваецца ў жыцці.

«Людзі прыходзяць зусім розныя: з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, з вышэйшай. Такіх, канешне, малавата, хацелася б больш», — адзначае Валерый Мяргур'еў.

Раман СКВАРЦОЎ з Рэчыцы пасля школы атрымаў спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага ў галіне машынабудавання, а прызваўся ў Мачулішчы, у вайсковую часць ВПС і войскаў ППА. Атрымліваць спецыяльнасці кіроўцы-аператара аўтамабіляў аэрадромнага забеспячэння накіравалі ў 72-і АВЦ. Аказалася нават не вельмі складана, прызнаецца хлопец.

Яго таварышы згаджаюцца: тлумачаць усё настолькі даступна, што разабрацца ў нязвыклай тэхніцы проста.

Раман з планамі на будучыню пакуль не вызначыўся, але, кажа, можна паспрабаваць і на цывільны аэрадром працаўладкавацца. А не, дык «хоць у чымсьці дадаткова будзеш разбірацца».

Хай будзе святло

Стас КАВАЛЁЎ і Уладзімір БУРАКОЎ пасябравалі, прызваўшыся на 361-ю базу аховы і абслугоўвання. А там ёсць патрэба ў начальніках электрастанцый сілавых і асвятляльных агрэгатаў, і хлопцаў накіравалі ў Печы. Абодва мелі цывільную спецыяльнасць памочніка машыніста цеплавоза, дызель-цягніка, так што і ў вучэбцы хутка скемілі, што да чаго.

«Не, зусім не складана. Насамрэч, нават болей цікава становіцца, калі ўжо нешта ведаеш і можаш камусьці падказаць, паказаць. Выкладчыкі добрыя, а яшчэ да кожнага з курсантаў — індывідуальны падыход», — з задавальненнем знаёмяць з салдацкім жыццём сябры.

Пасля дэмбелю, упэўнены хлопцы, атрыманыя веды і навыкі вельмі дапамогуць. Прынамсі, Стасу, які мае намер вярнуцца на сваю работу ў лакаматыў.

«Ды і думкі такой не было, каб не ісці ў армію. Хацелася самому, яшчэ з дзяцінства. Ну і калі прыйшоў, не расчараваўся. Гэта нейкі ўрок на жыццё. Зразумеў, што навучыўся цаніць кожную хвіліну. Заслужыў звальненне, дык узгадаў, як да арміі, бывае, ляжыш на той канапе... А зараз думаеш: гэта столькі ўсяго можна паспець зрабіць», — расказвае Стас.

«І адказнасць з'яўляецца, што немалаважна», — дадае Уладзімір. А яшчэ, адзначаюць сябры, за тры месяцы — тэрмін, здаецца, нядоўгі — навучыліся ўзаемадзеянню ў калектыве: дзе, як да каго падысці, у якой сітуацыі як паступіць.

Што да бытавых умоў, дык, кажуць, калектыў у 72-м АВЦ добры, камандзіры па-бацькоўску ставяцца, у казарме ўсё акуратнае, харчаванне прыемнае. «Салацікі смачненькія», — асабліва падкрэсліваюць хлопцы.

Кажам «служба» — разумеем «камфорт»

Каб маладыя арганізмы лягчэй адаптаваліся да тэрміновай службы, у Печах увялі адмысловы рэжым дня: адбой і пад'ём не ў 22 і 6 гадзін, як усюды ў арміі, а на гадзіну пазней. Таму юнакам, якія прывыклі да начных тусовак, можна хутчэй звыкнуцца з рэжымам.

Выпускнікі 320-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў інжынерных войскаў і войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны карыстаюцца попытам на грамадзянскім полі дзейнасці, бо маюць практычны досвед страпоўкі, перамяшчэння, забеспячэння жыццядзейнасці ў розных умовах.

«У нас штучны тавар», — ганарыцца байцамі намеснік камандзіра часці Аляксандр ПАРЦЯНКА. Ён знаёміць з сістэмай відэаназірання, які дзейнічае ва ўсіх памяшканнях, акрамя прыбіральні. Тут усё — пад кантролем. Ведаюць пра гэта і самі хлопцы, і іх бацькі.

«Калі ў маці ён адзіны, то ў нас — сотня. За кожным прыглядаем», — кажа Аляксандр Парцянка. Камандзіры рот, узводаў рэгулярна тэлефануюць бацькам, паведамляюць аб поспехах сыноў, цікавяцца становішчам у сям'і, кантралююць перамяшчэнні салдат падчас звальнення.

Варвара МАРОЗАВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Я ў стропальшчыкі пайшоў бы... У арміі навучаць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?