Вы тут

Ён ведаў слова «так». Некалькі слоў пра Андрэя Грамыку


Калі разглядаеш старыя здымкі, важна не толькі тое, чые вобразы яны захоўваюць. Нават у пратакольных фота савецкага часу паўстае значна больш, чым проста факт прысутнасці знаных асоб на важным мерапрыемстве. Паўстае кантэкст: як гэта тады было, што значыла. І нават стрыманая ўсмешка адказнай асобы часам вартая доўгіх аповедаў пра гісторыю нейкай падзеі. Асабліва, калі гэта ўсмешка «Містара Не», як называлі Андрэя Грамыку яго апаненты.


Сустрэча прэзідэнта ЗША Дж. Ф. Кенэдзі з міністрам замежных спраў СССР А. А. Грамыкам.

Легендарны савецкі дыпламат Андрэй Грамыка — галоўны герой выстаўкі, што працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Сёлета адзначаецца 110 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца вёскі Старыя Грамыкі (што цяпер адносіцца да Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці). Успомніць самыя плённыя гады жыцця Андрэя Грамыкі прапаноўвае праект, заснаваны на дакументах і фотаматэрыялах. Нічога, здаецца, незвычайнага — і было б дзіўна чакаць чагосьці іншага, калі гаворка пра асобу Грамыкі: прапанавана ўспомніць яго не столькі як чалавека (у коле сям'і з дзецьмі ды ўнукамі, хоць і ў гэтай частцы жыцця ён быў чалавекам паспяховым і адданым). Яго ўвасаблялі мастакі ў партрэтах. Але складана было б расказаць пра Грамыку, не прыгадаўшы час, калі ён быў пры справе.

І вось час адноўлены — праз фота, дзякуючы якім выстаўку можна лічыць адлюстраваннем эпохі. Эпохі барацьбы за мір, якая пачалася падчас Другой сусветнай вайны. Гэтую эпоху стваралі людзі, адным з іх быў Андрэй Грамыка, які браў удзел у падрыхтоўцы Тэгеранскай, Ялцінскай, Патсдамскай канферэнцый з удзелам дэлегацый саюзнікаў. І ад імя савецкай дэлегацыі ён паставіў подпіс пад Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Як гэта было, можна пабачыць на фота. Ды нават больш — уявіць, што магло быць па-за пратакольнымі здымкамі. Бо нават калі на фота Грамыка — не галоўны герой (ён часам у кадры збоку ці выглядае з-за спінаў іншых), ёсць поўнае адчуванне надзейнасці, выверанасці сітуацый. Ёсць Грамыка — усё будзе (ёсць!) добра... Мяняліся прэзідэнты ЗША, а Грамыка быў пастаянны. Вось ён у суполцы побач з прэзідэнтам Франклінам Рузвельтам (калі кавалася перамога саюзнікаў у Другой сусветнай вайне), вось разам з Гары Трумэнам (пры якім пачалося доўгае супрацьстаянне ўжо халоднай вайны), ці з Джонам Кенэдзі (з ім Грамыка сустракаўся падчас вырашэння Карыбскага крызісу, калі любое неасцярожнае слова на перагаворах магло абярнуцца вайной паміж дзвюма дзяржавамі). Гэтыя перагаворы Андрэй Грамыка лічыў самымі складанымі ў сваім жыцці. І пасля ад імя СССР ён вёў найбольш складаныя перагаворы з ЗША — за час, калі краіну ўзначальвалі прэзідэнты Ліндан Джонсан, Рычард Ніксан, Джэймс Картэр...

Легендарны міністр замежных спраў СССР быў кіраўніком савецкай дыпламатыі 28 гадоў. Пры тым што заўсёды адваёўваў лінію, якая была прынята на самым высокім узроўні, ён меў сваё меркаванне і бачанне многіх рэчаў і з'яў, ён спадзяваўся на перамены ў сваёй краіне і нават асабіста паспрыяў ім...

І ўсё ж гэта больш, чым пра Грамыку. За фотаздымкамі, якія нібыта сышлі з першых палос савецкіх газет (іх можна было тады лічыць рупарамі партыі, але цяпер яны ўспрымаюцца як летапісцы часу), чытаецца гісторыя чалавецтва наогул, якая залежыць ад асоб. Не толькі ад тых, хто на самым версе. Бо гэта быў час, калі нават савецкія школьнікі перажывалі за Кубу, пісалі лісты супраць вайны ў В'етнаме, спявалі песні пра японскіх жураўлікаў. Цяпер думаю, што мы рабілі гэта недарэмна! Бо калі нават нашы песні і лісты не даходзілі да адрасатаў наўпрост, то, магчыма, уплывалі на агульны фон, калі той жа прэзідэнт Кенэдзі не прамовіў словы «ракеты на Кубе», а савецкі міністр зразумеў, што вялікая вайна нікому насамрэч не патрэбна. На гэтым фота ён усміхаецца больш разняволена, чым на іншых — як чалавек, які любіў жыццё і разумеў, што за ім — жыцці іншых людзей.

За ім, які быў простым вясковым хлопцам, але здатным да навукі і чытання, які скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, але асабіста ўдзельнічаў у стварэнні ААН. У любы час патрэбныя людзі са стрыжнем, якія робяць сваю справу надзейна і з пастаянствам, па-мастацку віртуозна і гатовыя яе рабіць у любых умовах — менавіта такія ствараюць эпоху.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».