Вы тут

Едзем у Ракаў на фестываль культур


Якія жарсці: у 1921 годзе Ракаў увайшоў у склад Польшчы, аказаўся за паўтара кіламетра ад граніцы з Савецкім Саюзам і стаў цэнтрам кантрабандыстаў і агентаў спецслужбаў з рэстаранамі, публічнымі дамамі і казіно. Гарадок на беразе Іслачы, дзе ёсць старажытнае гарадзішча, склеп, касцёлы, і сёння ўмее выкарыстаць што мае, таму заўтра, 25 жніўня, запрашае на ўжо чацвёрты Ракаўскі фэст.


Фота Анатоля Клешчука.

Галоўнае, ліхія 1920—1930-я тут будуць у пэўным сэнсе ажыўленыя, бо на ўездзе ў Ракаў якраз падчас фестывалю плануецца адкрыць мемарыяльную дошку ў гонар рамана Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Некалі вылучанага на Нобелеўскую прэмію рамана, дзе Ракаў, савецка-польская мяжа і кантрабандысты трапляюць у цэнтр увагі.

«Каханка Вялікай Мядзведзіцы» Сяргей Пясецкі напісаў за кратамі: праціўнік Саветаў, агент польскай разведкі, нарэшце, кантрабандыст, у 1927 годзе ён быў асуджаны польскай уладай на пятнаццаць гадоў зняволення і дзякуючы сваёй аўтабіяграфічнай кнізе, што стала папулярнай, выйшаў на волю раней прызначанага тэрміна.

Але далёка не Пясецкім адзіным: праграма Ракаўскага фэсту мае шырока прадставіць беларускую, польскую, яўрэйскую і літоўскую культуры і завабіць гасцей артыстамі з Беларусі, Польшчы, Літвы і Аўстрыі. Хэдлайнерамі тусоўкі стануць Лявон Вольскі і польскі гурт Tеklа Klеbеtnіса, у канцэртную праграму таксама ўвайшлі Koleżanki tеgо Раnа з Надзеяй Бронскай, Рrаwdzіwі mężczyźni, Сzаrnа Реrlа з Мінска, спявачка Каміла Плашайска з Аўстрыі, калектыў Аrt Оf Musіс з Літвы, хор Ріаstunу з Польшчы ды іншыя гурты, вакальныя і танцавальныя ансамблі і хоры.

З дванаццаці гадзін у Ракаве пачнуцца танцы і спевы, экскурсіі па мястэчку, запрацуюць кірмаш «Горад майстроў», мастацкі пленэр і выстаўкі, адна з якіх прысвечана Фердынанду Рушчыцу, а другая — паўсядзённаму жыццю напярэдадні вайны. Прадстаўніцтва варшаўскай мануфактуры пакажа тэхнікі Слуцкіх і Кракаўскіх паясоў, а адмысловы квэст правядзе па сцежках кантрабандыстаў.

Забаўна, як адсылкі да насычаных ракаўскіх 1920—1930-х адлюстроўваюць змену эпох: больш ніякіх «сексу, наркотыкаў, рок-н-рола». Жыццё, відавочна, стала больш «прыстойным», таму сёння Ракаўскі фэст запрашае на харавыя канцэрты ў царкве і касцёле, на чытанні вершаў беларускіх паэтаў у літаратурным дворыку ды прадстаўленне нацыянальнымі падворкамі традыцыйнай кухні. Затое завершыцца ўсё феерверкам.

Свята ствараюць Валожынскі райвыканкам, Ракаўскі сельвыканкам і пасольства Польшчы ў Беларусі. Падрабязную праграму — гугліце.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Прагулкі з панам Пясецкім

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.