Вы тут

Месца веры


Даведаліся, з якой спадчынай падыходзіць да 500-гадовага юбілею Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр

Навошта жывеш, чалавек?

У будні дзень Жыровічы, ці, як кажуць тутэйшыя на стары лад, — Жыровіцы, мала чым адрозніваюцца ад любой іншай беларускай вёскі. Нетаропкі рух на вуліцах, клопаты на гародзе і ў хляве, дзеці на веласіпедах. Нават на манастырскіх сцежках нешматлюдна — пара-тройка выпадковых турыстаў і рабочыя. Калі ўваходзіш у вялізны Успенскі сабор, чуеш рэха ўласных крокаў.

— Вам пашанцавала, — кажа іераманах Яўстафій, з якім знаёмлюся ў першыя хвіліны ў манастыры. — У нядзелю і на святы тут ні прайсці ні праехаць. Да цудадзейнай іконы і крыніц — чарга, а экскурсіі па тэрыторыі не спыняюцца з ранку да вечара. Лавіце момант спакою ў адной з самых вядомых абіцеляў Беларусі.

— Як мясцовы падкажыце: што тут абавязкова трэба ўбачыць ці зрабіць?

— Усё залежыць ад таго, з якой мэтай чалавек прыязджае. Турыстам лепш за ўсё замовіць экскурсію і пазнаёміцца з архітэктурай манастыра — яна сапраўды ўнікальная і хавае шмат таямніц. Ёсць тыя, хто імкнецца ў Жыровіцы, каб вырашыць жыццёвыя пытанні: напрыклад, з пэўнай просьбай да цудадзейнай іконы ці каб акунуцца ў крынічную ваду. І гэта таксама трэба. Але я раю ўсім праваслаўным вернікам не спяшацца і не ператвараць свой візіт у фармальны рытуал. Лепш вылучыць цэлы дзень, можа, нават не адзін, і абавязкова схадзіць на споведзь і прычасце. У чым сутнасць жыцця з пункту гледжання хрысціяніна? Ператварыць жыццё часовае ў вечнае. Як гэта зрабіць? Па адказ чалавек і ідзе ў царкву, якая дапамагае далучыцца (прычасціцца) да Хрыста сваім двухтысячагадовым досведам і таінствамі. Глыбокія ўнутраныя адносіны чалавека з Богам, у якіх ён для сябе адкрывае, па слове самога Хрыста, шлях, ісціну і жыццё, — вось і адказ на вечнае пытанне «Навошта жыву?» — дзеліцца манах. — Асаблівасць нашага манастыра ў тым, што тут даволі вялікая колькасць кампетэнтных святароў, якія кожнаму прыхаджаніну могуць удзяліць столькі часу, колькі патрабуецца, падрабязна адказаць на пытанні. У нас, напрыклад, усе маюць багаслоўскую адукацыю. Ёсць тыя, хто спецыялізуецца на асобных праблемах. Чаму б не скарыстацца магчымасцю звярнуцца да іх? Выратаванне душы можна параўнаць з рэстаўрацыяй іконы. Калі за справу возьмецца той, хто толькі пагартаў самавучыцель, хутчэй за ўсе нічога путнага не атрымаецца. Іншая справа — вопытны майстар, які пераняў сакрэты рэстаўрацыі ад папярэднікаў...

На споведзь у той дзень я не трапіла, але ясна, што наступная паездка ў манастыр дакладна будзе не на турыстычным аўтобусе.

Што раўняла каралёў і жабракоў

Зусім маленькая і непрыкметная на першы погляд Жыровіцкая ікона Божай Маці — нерукатворная выява на невялікім камені — прыцягвае да сябе сотні тысяч вернікаў штогод. У цудадзейнай сіле абразка людзі пераконваюцца на працягу амаль 550 гадоў. Ікона вяртала да жыцця, вылечвала безнадзейна хворых, дарыла дзетак, але самае галоўнае — была і застаецца заступніцай манастыра. Нягледзячы на разбуральныя войны, страшныя эпідэміі, глупства і прагнасць да матэрыяльных каштоўнасцяў, манастыр ніколі не зачыняў свае дзверы. Што сведчыць не толькі пра непарыўнасць хрысціянскай веры на беларускай зямлі, але і пра захаванне духоўнай і культурнай спадчыны нацыі.

— Манастыр, а пасля і семінарыя пры ім прыцягвалі найразумнейшых людзей свайго часу — першых асоб краін, вучоных, дзеячаў культуры. Усё гэта знайшло адбітак у гісторыі, з якой цяпер можна бліжэй пазнаёміцца ў невялічкім семінарскім музеі, — расказвае Піліп Юнашаў, які якраз і навучаецца на 4-м курсе Мінскай духоўнай семінарыі.

Экспазіцыя прыемна здзіўляе шырынёй канцэпцыі. Аб'ектыўна адлюстроўвае гісторыю манастыра ад самага заснавання: пачынае са знаходжання цудадзейнай іконы праваслаўнымі, раскрывае няпросты ўніяцкі перыяд, не хавае падрабязнасцяў супрацьстаяння рэлігіі і атэізму ў ХХ стагоддзі і працягвае папаўняцца незвычайнымі экспанатамі нашага часу.

— Вось хрысціянскія нацельныя крыжыкі дамангольскага перыяду Русі, а тут іконы, характэрныя для Заходняй Еўропы. Ёсць старажытныя кнігі на класічных мовах — грэчаскай і лацінскай, а таксама ўнікальныя фаліянты на царкоўнаславянскай, сярод якіх — асобнік «Апостала» Івана Фёдарава, выдадзены ў Львове ў 1574-м, — расказвае пра артэфакты Піліп. — Калі ласка, драўляная скульптура «Пакутуючы Хрыстос» сярэдзіны XVІІІ стагоддзя. Гэта каталіцкая традыцыя. Побач з ёй — узор праваслаўнай лампады з дароўным надпісам: «В память чудесного спасения их Величества государя императора и его семьи 17 октября 1888 года». Аляксандр ІІІ ледзь не загінуў пры крушэнні цягніка.

Кожная рэч невыпадковая, мае дачыненне да манастыра, а ўсе разам яны раскрываюць няпростыя міжканфесійныя стасункі ў гісторыі беларусаў.

— А гэта што на сценах? — пытаюся ў семінарыста, пазіраючы на загадкавы драўляны дэкор, ад якога павявае мінуўшчынай.

— Фрагменты іканастаса 1730 года з Успенскага сабора. У нас нічога не знікае бясследна, — заўважае хлопец. — Хоць, на жаль, спробы разбурыць манастыр былі. Напрыклад, у сярэдзіне XVІІ стагоддзя, калі абіцель перайшла ў валоданне ўніятаў, яе атакавалі войскі Багдана Хмяльніцкага. Напамін пра гэта — гарматныя ядры ў экспазіцыі. Першая і Другая сусветныя войны таксама пакінулі свой след. Літаральна днямі будаўнікі знайшлі на тэрыторыі нямецкую гранату. Чулі? Аднак дзіўная рэч: як ні імкнуліся захопнікі ўзарваць храмы манастыра, нічога не атрымалася.

Варта зазначыць, што Жыровіцкая ікона Божай Маці аб'ядноўвае хрысціян розных канфесій. Пакланіцца святыні прыязджаюць як праваслаўныя, так і каталікі. Прыходы ў яе гонар існуюць у Еўропе, Паўночнай Амерыцы і нават Аўстраліі. Слава пра цудадзейную ікону распаўсюдзілася амаль адразу пасля яе з'яўлення. Прасіць у яе выратавання ці заступніцтва заўсёды ішлі не толькі беларусы, але і рускія, палякі, літоўцы, украінцы.

— Перад Жыровіцкай іконай усе роўныя: на калені апускаліся простыя людзі і каралі. Пасля візіту ў манастыр Уладзіслава ІV і яго жонкі Цэцыліі з'явілася памятная дошка, часцінка якой захоўваецца ў музеі, — расказвае Піліп.

Нягледзячы на тое, што Жыровіцы заўсёды былі месцам правінцыйным, нікому і ў галаву не прыходзіла перанесці ікону, напрыклад, у сталіцу. Дзе з'явілася — там і павінна быць. Але ў 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, пры набліжэнні фронту яе вымушана перавезлі ў Маскву. Неўзабаве адбылася рэвалюцыя, якая прынесла з сабой атэістычныя ідэі. Здавалася, што святыню дадому ніхто не верне і яна знікне ў кругазвароце бязбожніцтва.

— Вынаходлівы жыровіцкі архімандрыт Ціхан Шарапаў зрабіў мудра: самае дарагое паклаў у... слоік з варэннем і без праблем даставіў ікону ў манастыр.

Але колькі цудадзейных беларускіх ікон засталіся за мяжой ці зніклі бясследна? Дзясятак можна прыгадаць без падрыхтоўкі, а калі залезці ў гістарычныя дакументы і папрацаваць з адмысловай літаратурай, то высветлім, што іх было значна больш. Вяртанне на Радзіму — мэта недасягальная. Вось мы і аказаліся ў становішчы, калі беларускія прыходы вымушаныя набываць на замежных аўкцыёнах спісы са сваіх жа святыняў.

Як у ХХІ стагоддзі вяртаюць да жыцця ХІХ

— Красавіцкай ноччу 1863 года жыхары Жыровіц прачнуліся ад яскравага полымя, якое ахапіла два дамы паблізу абіцелі. Ва ўспамінах так і запісана: «Іскры валіліся на стары дах манастырскай гасцініцы і на дом з усімі прыбудовамі, які некалі належаў архіепіскапу М[іхаілу]. Дрэвы, якія абаранялі гэты дом, даўно згарэлі, плот таксама, палыхаў ужо і дах над калодзежам. На бяду народу сабралася шмат, але не было ніякага парадку. <...> Не бачылася ніякай надзеі адстаяць манастыр і яго храмы». Тады іераманах Мікалай узяў цудадзейную ікону Багародзіцы, абышоў дом архіепіскапа Міхаіла і рушыў праз увесь манастыр, чытаючы малітву. Услед за манахам вецер змяніў напрамак і агонь суцішыўся... Сёння мы з вамі стаім перад гэтым самым домам, які ўцалеў той ноччу, — расказвае протадыякан Георгій.

Немагчыма паверыць у тое, што драўлянай двухпавярховай пабудове, якая знаходзіцца акурат адразу за межамі манастыра, каля дзвюх соцень гадоў.

У экспазіцыі музея ёсць рарытэтны інструмент — фісгармонія пачатку ХХ стагоддзя. Абавязкова прасіце экскурсавода прадэманстраваць яе ў справе.

— Дакладная дата ўзвядзення пакуль невядомая. Мяркуем, што не пазней за 1830-я гады. Пры гэтым дом нядрэнна захаваўся, — клірык запрашае зазірнуць унутр. — Зірніце на сцены — старадаўняя дранка і каваныя цвікі. А якое масіўнае і трывалае дрэва! З беларускіх лясоў у наш час такое не выпішаш, толькі з Сібіры. Столь — скляпеністая. Цяпер за такую мала хто бярэцца. Усё гэта хараство адкрылася падчас рэканструкцыі, якую мы распачалі зусім нядаўна. Пасля вайны тут жылі звычайныя людзі, з часам дом прыйшоў у аварыйны стан. Вынік — жыльцоў рассялілі. Паўстала пытанне: прайсціся па ім бульдозерам ці захаваць. Дзякаваць Богу, абышлося! Інакш атрымалася б варварская сітуацыя, калі сядзіба перажыла пажары і войны, а мы сваімі ж рукамі яе знішчылі.

Галоўная каштоўнасць дома — тут жылі архіерэі. Пра гэта сведчаць пісьмовыя крыніцы. Вядома, што ў першай палове ХІХ стагоддзя менавіта гэты будынак лічыўся найлепшым у мястэчку. Балкон на другім паверсе надаваў рамантычнасці, а ў фруктовым садзе нярэдка можна было пачуць музыку: ігралі семінарысты і спявалі пеўчыя. Архіепіскап Міхаіл трымаў у доме калекцыю карцін, на якую прыходзілі паглядзець жыровіцкія госці. Цікава, што яна не была страчана, проста ўладыка распарадзіўся, каб пасля яго смерці прадметы мастацтва распрадалі на карысць Жыровіцкага жаночага вучылішча, якое ён заснаваў.

Даведка

Свята-Успенскі мужчынскі стаўрапігіяльны манастыр у Жыровіцах заснаваны ў 1520 годзе менавіта на тым месцы, дзе з'явілася цудадзейная ікона Божай Маці. Сёння архітэктурны ансамбль уключае Яўленскую і Крыжаўзвіжанскую цэрквы, Успенскі сабор і прылеглы да яго зімовы Нікольскі храм, а таксама званіцу, будынак Мінскай духоўнай семінарыі, жылы манастырскі комплекс і іншыя пабудовы. Акрамя таго, непадалёк знаходзяцца драўляная Юр'еўская царква на могілках і дзве святыя крыніцы.

— Нават за сто гадоў дом не страціў свайго шарму. Разабраўшы новыя сцены, зробленыя апошнімі ўладальнікамі дома, атрымалася часткова ўзнавіць першапачатковую планіроўку, — дзеліцца протадыякан Георгій і аптымістычна зазначае: — Працы яшчэ непачаты край, але калі ўзяліся за справу, то абавязкова давядзём яе да канца. У планах — вярнуць былую прыгажосць архіерэйскаму доміку ў Жыровічах і заснаваць тут музей.

Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Рэквізіты:

разліковы рахунак BY71AKBB30150038301434100000 філіял № 402 ААТ «ААБ Беларусбанк» у Ваўкавыску. BІC AKBBBY21402. УНН 500241964. Навагрудская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы з пазнакай «На аднаўленне архіерэйскага дома».

Ганна Курак, фота аўтара і Анатоля Клешчука

Слонімскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?