Вы тут

У Мінску прайшла інтэрнацыянальная «Тбілісоба-2019»


24 жніўня ў Верхнім горадзе з поўдня да апоўначы пералівалася на розныя галасы і мелодыі свята грузінскай культуры «Тбілісоба» – пятае па ліку і першае «з беларуска-грузінскім характарам»


Афіцыйны слоган фестывалю адлюстроўвае беларускую прысутнасць ва ўсім, ад інфастэндаў і шыльдаў да рамёстваў, ад музыкі і танцаў да кухні. Мяркуючы па колькасці гасцей, «Тбілісоба» мае сёлета ўсе шансы пабіць леташні рэкорд у 100 тысяч наведвальнікаў.

Для таго, каб выступіць перад мінчанамі і гасцямі беларускай сталіцы на галоўнай сцэне свята, з Грузіі прыляцеў поўны «Боінг» артыстаў: жтна-джазавы ансамбль Iriao, унікальнае мужчынскае шматгалоссе «Швідкаца», ансамбль танцу, а таксама звышпапулярныя сёння Mgzavrebi. Зрэшты, першыя авацыі сарвалі нават не яны, а Георгій Путкарадзе – ураджэнец Батумі, які больш як месяц таму прадстаўляў Грузію на «Славянскім базары ў Віцебску» і ў знак павагі да нашай краіны вывучыў хіт магілёўскіх рокераў Nizkiz «Небяспечна». Гэтая песня прынесла артысту першую прэмію – і гарачую любоў беларускай публікі.

З беларускага боку выступіла творчае аб’яднанне гурта Shuma з маладымі  музыкантамі і папулярнымі блогерамі (Бакей, Ліса і Валік), якія прадставілі трэк «Мінск з характарам». Уласна, кожная пляцоўка на фэсце мела свой адметны характар: дзіцячая – гарэзлівы, танцавальная – рухавы, фудкорт – гасцінны, турыстычны дворык – «улётны», інтэрнацыянальнае беларуска-грузінскае вяселле, дзе гучалі народныя песні і прыгожыя тосты, а таксама працаваў сервіс офлайн-знаёмстваў усляпую, – «рамантычны», і г.д.

Самыя рызыкоўныя выпрабоўвалі свой уласны характар – напрыклад, у ролі «арла», якога спускаюць з трохметровай вышыні ў адмысловы басейн з бляшанкамі баржомі, ці эквілібрыста на лоўлайне (хаджэнне па нізка нацягнутай страпе), альбо ў адкрытым салоне прыгажосці, дзе ўсім ахвотным малявалі экзатычныя яркія бровы. Тыя ж, хто глыбей цікавіўся традыцыямі, не абмінулі дворык грузінскай нацыянальнай суполкі «Мамулі», дзе праходзілі ўрокі каліграфіі і майстар-класы па валянні, а таксама маляванні… віном. 

Акрамя забаў, не забыліся арганізатары і пра хлеб надзённы: на некалькіх пешаходных вуліцах вакол ратушы працавалі каля 40 кропак розных кавярняў і рэстаранаў, дзе можна было пакаштаваць як ваду баржомі (гэты брэнд – нязменны арганізатар фэсту), так і розныя гатункі грузінскага віна, хачапуры, харчо і лобіо, сыры і соўсы, грузінскі салат, хінкалі альбо шашлык – 5 рублёў за 100 грамаў. А па дарозе – не забыцца пагладзіць белага каня з ружовай грывай ды зрабіць селфі на адмысловых фотапляцоўках з горнымі краявідамі, грузінскім садам, бела-зялёнымі стужкамі, каларытнымі дыванамі. І, канешне, у дворыку, дзе развешана на вяроўках бялізна, нібыта вы насамрэч перанесліся з Мінска на вулачкі Тбілісі…

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.