Вы тут

Выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала альбом «Мастацкі вобраз Гродзеншчыны»


Выдавецтва «Беларусь» падрыхтавала чарговы падарунак да Дня беларускага пісьменства ў Слоніме — альбом «Мастацкі вобраз Гродзеншчыны».


Сёлета, як ніколі, Міністэрства інфармацыі, Гродзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам парупіліся над стварэннем цэлай бібліятэкі кніг, звязаных са святам прыгожага пісьменства, а галоўнае — з гісторыяй і асветніцтвам на Гродзеншчыне, у Слоніме. Назавём хаця б некаторыя творчыя праекты — альбомы старых паштовак пра Гродна і Слонім, фотаальбом, прысвечаны Каложскай царкве, гісторыка-краязнаўчыя кнігі. І вось яшчэ выданне, якое аб'яднала розных майстроў выяўленчага мастацтва багатага на культурныя здабыткі краю.

Пад вокладкай «Мастацкага вобраза Гродзеншчыны» (укладальнікі кнігі — Алена Клімовіч, Мікалай Бандарчук, Юрый Кітурка) сабраны рэпрадукцыі і фотаздымкі, што прадстаўляюць творчасць амаль 80 жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ва ўступным слове да альбома старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў зазначыў: «Мастакі Гродзеншчыны паспяхова дэманструюць сваю творчасць на самых прэстыжных еўрапейскіх выставачных пляцоўках, прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах графікаў, жывапісцаў, скульптараў, а таксама ў культурным жыцці горада і вобласці, выстаўках, конкурсах і фестывалях, робяць значны ўнёсак у эстэтычнае выхаванне насельніцтва сродкамі мастацтва.

Мастацкае жыццё Гродна — гэта творчы лёс і Віктара Шчарбакова (яго «Зімовы Гродна», «Лодкі на Нёмане», напісаныя амаль паўстагоддзя таму, і цяпер вабяць вока), і Уладзімра Церабуна (гэта ён — аўтар мемарыяла ў Дальве, скульптурных кампазіцый «Клёкат буслоў» у Скідзелі, «Дрэва жыцця»), і Мікалая Бандарчука (яго карціна «Каложа» здаецца шырокім вакном у вялікі і бясконцы Сусвет), і Кастуся Качана (кожная з яго работ — адкрыццё роднай Беларусі, радзімазнаўчае падарожжа па адрасах нашай Айчыны)... Альбом уражвае, падштурхоўвае да асэнсавання мастацкай памяці пра краіну ўвогуле, пра ролю выяўленчага мастацтва ў стварэнні і захаванні такой памяці. Было б выдатна, каб кнігі такога кшталту, як «Мастацкі вобраз Гродзеншчыны», з'явіліся і ў іншых рэгіёнах краіны, прадставіўшы такім чынам мастакоў Міншчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Берасцейшчыны, Магілёўшчыны.

Кастусь ХАДЫКА

Загаловак у газеце: Фарбы і колеры Гродзеншчыны

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.