«Займацца геалогіяй мяне натхніла наша кіраўніца. Яна змагла паказаць, наколькі гэта навука можа быць цікавай», — расказала пра свой выбар Марына Кузьмар, вучаніца мінскай сярэдняй школы № 53. Яе словы падтрымалі ўсе сябры па камандзе «Юныя геолагі Беларусі», якая прынесла нашай краіне другое месца ў агульным заліку на ІІ Міжнароднай палявой алімпіядзе юных геолагаў у Новасібірску.
На спаборніцкі шлях гэта каманда ўстала толькі два гады таму, але ў скарбонцы яе ўдзельнікаў ужо некалькі медалёў і дыпломаў. А пачалося ўсё, як кажуць хлопцы і дзяўчаты, з авантуры, калі ў 2017 годзе яны пагадзіліся ўзяць удзел у 11-й Усерасійскай адкрытай палявой алімпіядзе юных геолагаў, у ходзе якой аргкамітэт прыняў рашэнне аб правядзенні ў яе рамках першай Міжнароднай алімпіяды.
— У Расіі дзіцяча-юнацкі геалагічны рух развіты вельмі добра. Там шмат тэматычных школ і клубаў, і дзеці займаюцца з вельмі ранняга ўзросту. Нядзіўна, што ўсе яны падрыхтаваны на вельмі высокім узроўні. У Беларусі, на жаль, гэта не так распаўсюджана, таму і вопыту ў такіх спаборніцтвах у нас менш, — расказала настаўнік геаграфіі і кіраўнік каманды Жанна ГВОЗД. — Калі нас упершыню запрасілі на алімпіяду з такімі сур'ёзнымі сапернікамі, мы насамрэч не ведалі, чаго чакаць. Вырашылі, што паедзем на разведку. Вядома, мы трэніраваліся, але так, як самі гэта разумелі. І першы блін не атрымаўся камяком — вынікам нашага ўдзелу сталі бронзавыя медалі.
Міжнародная алімпіяда праходзіць раз на два гады і складаецца з 11 геалагічных спаборніцтваў, чатырох геалагічных конкурсаў, а сёлета яшчэ дадалі навукова-практычную канферэнцыю. Паставіўшы ў 2017 годзе даволі высокую планку, каманда сёлета ўжо не магла вярнуцца з пустымі рукамі. Па іх словах, разлічвалі хоць на такі ж вынік, як мінулы раз. Таму заслужанае «серабро» парадавала ўсіх.
— Алімпіяда вельмі складаная. У некаторых кірунках, напрыклад «Мінералогія», нам цяжка набрацца практычнага вопыту, бо з-за геалагічнай будовы нашай краіны мы не можам убачыць усе горныя пароды і мінералы ў прыродзе. Музейныя экзэмпляры з'яўляюцца эталоннымі, а на алімпіядзе выкарыстоўваюць палявыя ўзоры. Таму цяпер будзем шукаць прыватныя калекцыі, — расказала Жанна Яўгенаўна.
Для высокага выніку таксама вельмі важна не страціць ужо набыты запал паміж алімпіядамі. Для гэтага каманда юных геолагаў у 2018 годзе ўдзельнічала ў адкрытай палявой алімпіядзе ў Татарстане, а ў ліпені 2019-га — у першым беларускім рэспубліканскім злёце юных геолагаў, дзе заняла першае месца. У савецкія часы такія злёты праводзіліся часта, і, па словах настаўніцы, вельмі добра, што яны вяртаюцца, бо дапамагаюць набірацца вопыту і новых ведаў.
— Мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб прыцягнуць школьнікаў да такой цікавай і важнай навукі, як геалогія. Так, у 2017 годзе сумесна з дэканам факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ распрацавалі праект супрацоўніцтва школы і ВНУ дзеля развіцця дзіцяча-юнацкага геалагічнага руху ў Беларусі. Праект быў удастоены гранта Мінгарвыканкама. У рамках рэалізацыі гэтага праекта ў 2018 годзе адбылася першая інтэрнэт-алімпіяда па геалогіі. Дарэчы, супрацоўнікі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і цяпер нам вельмі дапамагаюць. Можна сказаць, што мы супрацоўнічаем і сябруем. Таксама вялікую навуковую падтрымку падчас падрыхтоўкі да алімпіяды нам аказалі супрацоўнікі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі» і ААТ «Беларуськалій», а матэрыяльную — група кампаній «СОХРА» і ААТ «Рузэкспедыцыя», — адзначыла Жанна Гвозд.
Па словах настаўніцы, будучы геолаг абавязкова павінен быць настойлівы, інтэлектуальна развіты, амбіцыйны, сур'ёзны і ў той жа момант з рамантыкай у душы. А яшчэ яму неабходна ўмець працаваць у камандзе.
— Гэтыя дзеці настолькі жывыя, што знойдуць агульную мову з кім заўгодна, але ім і разам ніколі не бывае сумна. Такая згуртаванасць вельмі важна для каманднай гульні, — падкрэсліла Жанна Яўгенаўна. — У любой дзіцячай камандзе абавязкова ёсць яшчэ і бацькі, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей, бо калі ўсе не будуць на адной хвалі, то нічога не атрымаецца. Узаемасувязь «дзеці — бацькі — педагогі» працуе ў нас вельмі добра. Калі мы, напрыклад, ездзілі на Пціч, каб папрактыкавацца ў гідралогіі, радыёметрыі, шліхавым апрабаванні і геалагічным маршруце, дзеці амаль цэлы дзень працавалі, а бацькі ў гэты час побач смажылі шашлыкі для ўсіх удзельнікаў вялікай каманды.
Усе ўдзельнікі каманды, як адзін, кажуць, што займацца геалогіяй іх натхніла кіраўніца. Яна «праліла святло на гэту цудоўную навуку». Такі ж прыклад калісьці быў і ў самой Жанны Яўгенаўны.
— Я скончыла педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «настаўнік геаграфіі», але ва ўніверсітэце любімым прадметам была геалогія. Яе ў нас выкладаў вельмі вядомы ў Беларусі геолаг Барыс Мікалаевіч Гурскі. Да яго было сорамна прыйсці непадрыхтаваным нават тым, хто не вельмі любіў напружвацца, — расказала настаўніца. — Але пасля вучобы я рэдка сутыкалася з геалогіяй, бо ў школьным курсе яе амаль няма, пакуль мы не вырашылі паўдзельнічаць у гэтай авантуры. І я не шкадую. Думаю, ніхто з юных геолагаў таксама не шкадуе. Я чула, што аднакласнікі спачуваюць дзецям з каманды, таму што летам, падчас канікул, ім давялося ехаць на алімпіяду. Не разумеюць, навошта працаваць на канікулах, калі можна адпачываць. Вядома, гэта складаная і адказная праца — прадстаўляць сваю краіну на мерапрыемстве такога ўзроўню, але ж і які важны вопыт!
Самі ж юныя геолагі пакуль вырашаюць, ці звяжуць сваё жыццё з геалогіяй. Але такія мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты дакладна даб'юцца поспехаў у любой прафесіі.
Кацярына КІРЭЕВА
Фота з архіва герояў
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы
На прасторах яе вялікасці кнігі.