Вы тут

Букеты могуць хаваць шмат непрыемных сюрпрызаў


Першае верасня без кветак — гэта быццам Новы год без ёлкі ці мандарынаў. Згодныя? Насамрэч цяжка ўявіць школьніка, які ідзе да свайго любімага настаўніка з пустымі рукамі. Але за традыцыямі вельмі важна не забыцца і на бяспеку. Бо, на жаль, нават бяскрыўдныя на першы погляд букеты сёння могуць хаваць шмат непрыемных сюрпрызаў. Што тады рабіць? Давайце разбірацца!


Цудоўны набор... таксінаў

Памятаю, у дзяцінстве мяне вельмі здзіўляла, чаму кветкі ў краме так доўга жывуць, тады як нашы з агародчыка не могуць прастаяць і дня. Сакрэт аказаўся просты — уся справа ў вялікай колькасці хімікатаў. Спачатку, каб кветкі раслі хутчэй, іх шчодра ўгнойваюць, як вы разумееце, далёка не арганікай, пасля чаго апрацоўваюць біяцыдамі і пестыцыдамі, якія знішчаюць пустазелле, паразітаў і насякомых у цяпліцах. Пасля гэтых працэдур кветкі зразаюць і адразу кансервуюць зноў жа з дапамогай усіх дасягненняў хімічнай прамысловасці, бо інакш яны не змогуць «даляцець» да крамы. І вось мы атрымліваем цудоўны букецік таксінаў. Важна адзначыць, што большая частка кветак прыязджае да нас з краін з нястрогім экалагічным заканадаўствам (напрыклад, Калумбіі, Кеніі, Эфіопіі), дзе да гэтага часу дазволена выкарыстоўваць пестыцыд ДДТ, які лічыцца надзвычай небяспечным і таму забаронены ва ўсіх краінах Еўропы.

Трэба таксама памятаць пра транспартны след, які цягнецца за ўсімі гэтымі прывезенымі букетамі, і вялікую колькасць выдаткаваных на іх вырошчванне рэсурсаў (ваду, электраэнергію і г. д.). Напрыклад, толькі для вырошчвання аднаго цюльпана патрэбна каля 13 літраў вады.

Цікава

Падчас вырошчвання ўсяго адной кветкі і яе транспарціроўкі выдзяляецца каля трох кілаграмаў вуглякіслага газу.

Якая ёсць альтэрнатыва?

Школьнікам вельмі няёмка цягнуць вялізарныя букеты ў школу (па сабе ведаю), а потым стаяць з імі яшчэ і на лінейцы. Не патрэбны яны і настаўнікам, якія проста не ведаюць, куды дзець усю гэту прыгажосць, таму большую частку вельмі хутка адпраўляюць у сметніцу. А бачыць, як твой букет выкідаюць, вельмі непрыемна, асабліва маленькім дзецям. Таму лепш за ўсё падарыць невялікую кветачку ў гаршку, якую можна нават пакінуць у класе. Не падабаецца такі варыянт? Паспрабуйце знайсці кветкі мясцовых вытворцаў, якія вырошчваюць іх без хімікатаў, альбо складзіце прыгожы букет з кветачак са свайго саду. І, вядома, старайцеся выкарыстоўваць упакоўку і іншыя ўпрыгажэнні з натуральных матэрыялаў: паперы, льну, дрэва і лазы.

А калі ўсё ж вы лічыце, што кветкі з крамы нічым нельга замяніць, шукайце беларускія альбо тыя, што былі прывезены з найбліжэйшых да нас краін. Яны таксама апрацаваны хімікатамі, але ў іх усё ж меншы транспартны след.

Важна!

Больш за палову супрацоўнікаў кветкавых прадпрыемстваў у Коста-Рыцы маюць сімптомы хранічнага атручвання пестыцыдамі.

Прыемнага вам свята!

Маша ЗЯЛЁНАЯ

Загаловак у газеце: Букет для настаўніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.