Вы тут

З верасня павысяць тарыфную стаўку першага разраду


З першым намеснікам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Турчыным Прэзідэнт абмеркаваў фінансавыя вынікі ІІ Еўрапейскіх гульняў.


— Я вам даручаў узяць на кантроль фінансавы бок справы, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы разумееце, што гэта сур’ёзнае пытанне, гэта мільёны долараў, якія мы патрацілі на правядзенне гэтых Гульняў, і вельмі важна для любога прадпрымальніка, прадстаўніка бізнеса — наколькі мы змаглі кампенсаваць гэтыя выдаткі. Наколькі можна падлічыць іх? 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў: апазіцыю хвалюе, што выдаткі засталіся некампенсаваныя. «Яны зусім забываюць, што такое імідж Беларусі, турыстычны прыток падчас Гульняў і пасля, які прыбытак прынеслі гэтыя Гульні нашым кампаніям, грамадскаму харчаванню, музеям, артыстам і іншым», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: такія форумы — гонар для любой краіны, за права іх правядзення змагаюцца. «Мы заўсёды іх будзем праводзіць на самым высокім узроўні. Гэта яшчэ і аб’ядноўвае нацыю. Тым больш, калі спартсмены добра выступаюць»,— дадаў ён. 

Прэзідэнт дадаў, што на Еўрапейскіх гульнях у Мінску нашы спартсмены выступілі годна, а нядаўна — на чэмпіянаце свету па грэбле на байдарках і каноэ — увогуле бліскуча! Беларусь падзяліла першае месца ў медальным заліку (па колькасці залатых медалёў) з такімі сільнымі грабцамі, як немцы. 

«Малайцы, проста малайцы! І цяпер я для сябе адзначыў, што заўсёды буду хадізць на гэтыя спаборніцтвы, бо яны дастойна на гэта адказваюць, у адрозненні ад іншых нашых прадстаўнікоў масавых і народных відаў спорту», — пахваліў Аляксандр Лукашэнка. 

Дарэчы, напярэдадні кіраўнік дзяржавы даручыў прадставіць да высокіх узнагарод спартсменаў і ўвесь трэнерскі склад, які стварыў моцную школу грэблі, не забыць нікога, у тым ліку першых тренераў нашых грабцоў-пераможцаў. 

Вяртаючыся да тэмы Еўрапейскіх гульняў, Прэзідэнт паўтарыў: «Гэта вельмі важна для спартыўнага руху, для кансалідацыі нашых людзей, зрэшты, мы павінны ганарыцца тым, што можам правесці такія мерапрыемствы. Гэта каштуе немала грошай, але ацаніць гэта цяжка. Таму, паспрабуем падлічыць, там, дзе гэта магчыма, што затрацілі і што атрымалі». 

Аляксандр Турчын паведаміў журналістам, што падчас правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў удалося сэканоміць 94 мільёны рублёў бюджэтных сродкаў. Невялікую частку гэтых грошай накіруюць на рамонт студэнцкіх інтэрнатаў, парадку 80 мільёнаў — на павышэнне заробкаў у бюджэтнай сферы. 

Заробкі бюджэтнікаў падымуць

Дарэчы, менавіта гэта пытанне — павышэнне стаўкі першага разраду для работнікаў бюджэтнай сферы — стала яшчэ адной тэмай размовы кіраўніка дзяржавы з першым віцэ-прэм’ерам.

— Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада пра павелічэнне стаўкі першага разраду для бюджэтных арганізацый з 1 верасня з 36,4 рублёў да 41 рубля, — паведаміў журналістам Аляксандр Турчын. — Вынікі ліпеня паказалі, што ўзровень сярэдняй заработнай платы ў краіне за сем месяцаў складзе 1055 рублёў — гэта параметры, на якія мы планавалі выйсці па выніках года. Калі сярэдні заробак па краіне будзе працягваць рост, не выключана, што прыйдзецца зноў прымаць рашэнні па павышэнню заробкаў бюджэтнікаў да канца года. 

Павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду на 12,6 працэнта дазволіць выканаць даручэнне Прэзідэнта забяспечваць бюджэтную сферу заробкамі не ніжэй за 80 працэнтаў ад сярэдняга па краіне (1055 рублёў). Для такога павышэння ўраду спатрэбіцца знайсці да канца года дадатковых 300 мільёнаў рублёў.

Наступны склад парламента будзе працаваць над законам аб ліцэнзаванні

Ліцэнзаванне — яшчэ адно пытанне, якое сёння разгледзеў Прэзідэнт. 

«Праект указа падрыхтаваны ўрадам па даручэнню, якое было дадзена на нарадзе з прадпрымальінкамі. Пры гэтым хачу сказаць, што апошнім часам мы зрабілі беспрэцэдэнтныя крокі па адмене лішніх дазволаў і ліцэнзавання. Ужо не ведаю, якія напрамкі ў нас рэгулююцца такім чынам. Якім відам дзейнасці трэба займацца, каб атрымліваць на гэта дазвол? У нас гэта лібералізавана настолькі, наколькі ні ў адной краіне не лібералізавана. Але, зноў жа, жыццё ідзе, усё змяняецца, відавочна, нешта тут трэба падкарэктаваць. Дзе? Навошта?» — спытаў ён першага віцэ-прэм’ера. 

Аляксандр Турчын прадставіў праект Указа, які прадугледжвае комплексную карэкціроўку Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 года № 450 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці». Дакумент распрацаваны з мэтай знімання залішняга рэгулявання у адпаведнай сферы і спрашчэння патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да ліцэнзіятаў.

Праект замацоўвае асноватворныя ўніверсальныя прынцыпы для ліцэнзавання: недапушчальнасць спынення дзеяння ліцэнзіі за нязначныя парушэнні; вызначэнне поўнага пераліку ліцэнзійных умоў з улікам іх разумнасці, суразмернасці і эканамічнай абаснаванасці; максімальнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій.

Праект Указа адмяняе ліцэнзаванне двух відаў і 14 падвідаў дзейнасці, работ і паслуг, якія іх складаюць. Напрыклад, прапануецца адмовіцца ад ліцэнзавання аказання псіхалагічнай дапамогі; прафілактыкі захворванняў і лячэння жывёл, дзейнасці, звязанай з ажыццяўленнем кантроля радыеактыўных рэчываў і іншае. 

«Пытанне ліцэнзавання ў нас рэгулюецца указам № 450, але сусветная практыка паказвае, што практычна ва ўсіх краінах гэта — закон, — пракаментаваў журналістам гэту частку размовы з кіраўніком дзяржавы першы віцэ-прэм’ер. — Ужо новаму складу парламента неабходна будзе вельмі сур’ёзна падысці да гэтай работы і падрыхтаваць закон, які адпавядае часу. Напэўна, у ім будзе закладзены прынцып: кожны павінен даказаць, навошта патрэбны той або іншы від ліцэнзіі». 

Бягучая карэкціроўка указа № 450 закранула найбольш адчувальныя тэмы гэтай сферы, сказаў Аляксандр Турчын. Пры наяўнасці грубых парушэнняў орган, які ліцэнзуе, зможа даць час на ліквідацыю гэтых парушэнняў да прыпынення дзейнасці ліцэнзіі. Пытанні датычацца ліцэнзавання ахоўнай дзейнасці, цэлы блок пытанняў датычыцца ліцэнзавання ў медыцынскай сферы. Прапануецца зніцзіць патрабаванні да стажу медыцынскіх работнікаў, выключыць неабходнасць наяўнасці ў штаце недзяржаўных арганізацый аховы здароўя ўрачоў толькі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Дакумент прыводзіць палажэнні Указа № 450 у адпаведнасць з Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і іншымі заканадаўчымі актамі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?