Вы тут

Хваробы кабачкоў


Ворага важна ведаць у «твар» і, узброіўшыся сучаснымі сродкамі барацьбы, не даць у крыўду свае агародныя культуры.


Вяршынны бактэрыёз

Калі на градках прысутнічае вільготная глеба, пры гэтым паветра дрэнна цыркулюе паміж раслінамі, то вялікая верагоднасць, што кабачкі захварэлі вяршынным бактэрыёзам. Завязі жоўкнуць і загніваюць. Плады перастаюць развівацца, становяцца шклопадобнымі. Праз некаторы час на дэфармаваным кабачку ўтвараюцца бурыя плямы.

Меры барацьбы

Расліны, якія захварэлі, выратаваць немагчыма. Таму барацьба з бактэрыёзам пладоў заключаецца ў асноўным у правільнай прафілактыцы: высейваць здаровае насенне, паліваць вадой пакаёвай тэмпературы і не дапускаць пераўвільгатнення глебы.

Мучністая раса

Асноўная прыкмета хваробы — белы налёт на лістах кабачкоў. Гэта грыбок, які пазбаўляе расліну пажыўных рэчываў і тым самым прыводзіць да гібелі (лісты скручваюцца і высыхаюць). Часам белыя плямы з'яўляюцца і на сцёблах. Грыбковыя поры пераносяцца вадой і ветрам і могуць заразіць іншыя садовыя і агародныя культуры, таму марудзіць не варта.

Меры барацьбы

Выконваць рэжым паліву, не дапускаць пераўвільгатнення і строга прытрымлівацца нормаў унясення азотных угнаенняў, паколькі пры іх лішку грыбок імкліва развіваецца. Пашкоджаныя часткі расліны выдаліць, а тыя, што засталіся, апырскаць фунгіцыдам. Пры выбары насення аддаваць перавагу сартам, устойлівым да мучністай расы.

Ілжывая мучністая раса

Гэтая хвароба таксама часцей за ўсё выяўляецца пры высокай вільготнасці паветра і палівах раслін халоднай вадой. На ліставой пласціне з'яўляюцца масляністыя зеленавата-жоўтыя плямы, якія з часам набываюць шаравата-карычневае адценне. Нярэдка яны прыпудраны брудна-белым налётам. Лісты кабачка здаюцца абпаленымі і паступова засыхаюць.

Меры барацьбы

Пры першых прыкметах хваробы спыніць палівы. Расліны апырскаць растворам прэпарату Абіга-Пік, «Кансент» або «Трыхадэрма Верыдэ». Калі на вуліцы холадна, укрыйце кабачкі спанбондам. У ідэале тэмпература паветра не павінна апускацца ніжэй 22 °С днём і 18 °С уначы. Акрамя таго, пры вырошчванні кабачкоў важна выконваць севазварот.

Антракноз

На лісці ўтвараюцца бура-жоўтыя круглявыя плямы з размытымі абрысамі. Ачагі заражэння даволі хутка пашыраюцца і неўзабаве займаюць практычна ўвесь ліст, плямы паступова бурэюць. На сцёблах таксама з'яўляюцца падоўжныя ўціснутыя плямкі з жоўта-карычневым налётам. Плады моршчацца, губляюць пругкасць, загніваюць і становяцца гаркавымі.

Меры барацьбы

Хвароба прагрэсуе пры частых палівах у гарачую пару дня. На першых этапах праявы хваробы вылечыць кабачкі дапаможа апырскванне прэпаратам «Агралекар». Часцей за ўсё антракноз развіваецца ў цяпліцах, у адкрытым грунце хвароба ўзнікае ў асноўным пры незахаванні правілаў агратэхнікі.

Гнілі

Кабачкі гніюць з розных прычын. Напрыклад, сухая вяршынная гніль узнікае ў выніку недахопу кальцыю ў глебе. Сімптомы гэтай хваробы вельмі падобныя на вяршынны бактэрыёз. Каранёвая гніль распаўсюджваецца пераважна ў раслін у абароненым грунце з-за частых падкормак арганікай і высокай вільготнасці паветра.

Белая і шэрая гнілі развіваюцца з-за пераўвільгатнення глебы, загушчаных пасадак, перападаў дзённай і начной тэмператур, недахопу мікраэлементаў ці лішку азоту. Белыя і шэрыя плямы з чорнымі кропкамі могуць з'яўляцца на пладах, лісці, завязі.

Меры барацьбы

Пры дэфіцыце кальцыю ўнесці ў глебу молатую яечную шкарлупіну і драўняны попел (з разліку 1 шклянку попелу на 1 кв. м). Выдаліць усе заражаныя завязі і лісты. Правесці пазакаранёвую падкормку па лісці фосфарным угнаеннем (напрыклад, попельным настоем). Праліце глебу растворам «Фіталавіна», а затым падсыпце туды нявыкарыстаны кампост, каб аднавіць мікрафлору грунту. Каб прыгатаваць карысную для кабачкоў пазакаранёвую падкормку, вядро на 1/3 запаўняюць попелам, да самых краёў заліваюць яго гарачай вадой і настойваюць двое сутак. Пасля чаго настой працэджваюць і выкарыстоўваюць для апырсквання па лісці.

Фузарыёз

Фузарыёзнае завяданне спачатку атакуе каранёвую сістэму. Пасля гэтага хвароба пераходзіць на сцябло і лісце. Яны жоўкнуць і сохнуць. На папярочным зрэзе парасткаў прыкметна пабурэнне сасудаў.

Меры барацьбы

Апудрыць ніжнюю частку парасткаў і корань драўняным попелам. Пры моцным заражэнні апрацаваць «Трыхацынам». Аздаравіць глебу: пасеяць сідэраты, праліць грунт растворам ЭМ-прэпарату. Улічыце: хваробатворныя грыбкі гінуць у нейтральнай, насычанай кальцыем глебе.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.