Вы тут

Дзень беларускага пісьменства аб'яднае Сапегу, Агінскіх і Быкава


Тут будзе ўсё — не толькі ўласна Слова, якому Дзень беларускага пісьменства прысвечаны, але і навуковая канферэнцыя, гістарычны квэст, хросны ход, адноўлены друкарскі станок XVІ стагоддзя, адкрыццё помніка Льву Сапегу, песні-танцы і, канешне, вытанчаныя стравы, прычым рэцэпты іх знойдзеныя ў мастацкіх кнігах. Штогадовае свята, якое традыцыйна адзначаецца ў першыя выхадныя верасня, збірае гасцей з усёй Беларусі, а таксама з блізкага і далёкага замежжа. А між тым арганізатары мерапрыемства дзеляцца падрабязнасцямі яго новага «выдання».


Паколькі фестываль пастаянна вандруе, кожны год ён мае магчымасць засяродзіцца на ўнёску ў беларускую ідэнтычнасць канкрэтных зямель. Гэтым разам Слонімшчына і ў цэлым Гродзеншчына прадстануць на Дні пісьменства ва ўсіх магчымых іпастасях. 31 жніўня і 1 верасня тут пройдзе шэраг у тым ліку традыцыйных мерапрыемстваў, але асвецяць іх Леў Сапега і Статут ВКЛ, які выдаваўся пры яго непасрэдным удзеле, Міхал Казімір Агінскі і заснаваны ім оперны тэатр, Алег Лойка і яго творчасць.

Пачнецца свята з афіцыйнага адкрыцця кнігарні «Санет», якая ў тэставым рэжыме ўжо працуе і, па словах арганізатараў, атрымлівае добрыя водгукі наведвальнікаў. Дарэчы, толькі ў Гродзенскай вобласці да Дня пісьменства выдадзена каля дзесяці кніг.

«Цырымонія ўрачыстага адкрыцця, — паведаміла прадстаўніца Міністэрства культуры Ірына Дрыга, — стане мастацка-гістарычнай дзеяй, пабудаванай на яркіх старонках і постацях з гісторыі Слонімшчыны і Гродзеншчыны, літаратурных асобах з усёй краіны — Міцкевічу, Быкаве, Караткевічу ды іншых».

Менавіта падчас цырымоніі адкрыцця адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама перадача ад прыватнай асобы гораду перакладзенага ў 1916 годзе на рускую мову Статута ВКЛ 1588 года. «Праз «Паланэз» Міхала Клеафаса Агінскага будзе перакінуты мосцік да ўсіх грамадска-палітычных дзеячаў і прадстаўнікоў культуры, якія ў XVІІІ—XІX стагоддзях шмат зрабілі для нашай літаратуры і літаратурнай мовы», — дадала Ірына Дрыга.

Госці свята змогуць набыць кнігі, паслухаць пятнаццаць фіналістаў конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», паўдзельнічаць у адмысловым квэсце «Код Сапегі», у якім можна будзе перамяшчацца ў часе і запаўняць прабелы гісторыі. Традыцыйнай часткай свята з'яўляецца Старажытны друкарскі двор Уладзіміра Ліхадзедава, дзе кожны ахвотны можа вырабіць паперу па тэхналогіі XVІ стагоддзя і на адноўленым друкарскім станку адціснуць першую старонку Бібліі Францыска Скарыны. Гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў таксама прадставіць арыгінальную друкарскую тэхніку XVІІІ—XX стагоддзяў і кнігі пра Слонім, Гродна і Навагрудак з уласнай серыі «У пошуках страчанага», у якіх гісторыя гэтых гарадоў расказваецца праз калекцыйныя паштоўкі і фатаграфіі.

Навуковая канферэнцыя «Слонімскія чытанні», як водзіцца, агучыць напрацоўкі навуковых колаў у вобласці літаратуры і мовазнаўства, прычым тэмы будуць датычыцца Слонімшчыны — напрыклад, мясцовых гаворак, спецыфікі прозвішчаў рэгіёна, археалагічных даследаванняў, Жыровіцкага евангелля, творчасці Алега Лойкі. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў сказаў, што канферэнцыя ўключыць у сябе дваццаць шэсць дакладаў гісторыкаў, мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, археолагаў, этнографаў, слонімскіх краязнаўцаў і настаўнікаў.

Традыцыйны міжнародны круглы стол, які за сваю гісторыю змог аб'яднаць творчыя колы постсавецкай прасторы і далёкага замежжа, гэтым разам запрасіў удзельнікаў з Грузіі, Італіі, Украіны, Казахстана, Кітая, Польшчы, Азербайджана, Літвы, Расіі, Сербіі і Узбекістана. Прадстаўнік праекта, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак анансаваў удзел народнага пісьменніка Азербайджана Чынгіза Абдулаева і польскага пісьменніка і журналіста Яцэка Палкевіча.

Новыя арт-аб'екты, графіці на сценах дзевяці дамоў (з подпісамі цяпер ужо на беларускай мове), а таксама помнік Льву Сапегу, які чакае афіцыйнага адкрыцця падчас Дня пісьменства, ужо займаюць сваё месца ў Слоніме.

На канцэрце закрыцця, дзе выступяць зоркі беларускай эстрады, гаспадары свята перададуць эстафету Бялынічам.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Слонім ва ўсёй красе

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Грамадства

Рос Морысан Макгіл: Грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце шмат

Рос Морысан Макгіл: Грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце шмат

Як ЕdСаmр Bеlаrus натхняе педагогаў працаваць у сучасным фармаце.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?