Вы тут

Адчуць сябе друкаром зможа кожны падчас свята пісьменства


Асаблівасці правядзення Дня беларускага пісьменства былі абмеркаваны падчас прэс-канферэнцыі з нагоды свята. Чым сёлета будуць здзіўляць гасцей свята арганізатары? Перш за ўсё насычанай двухдзённай праграмай. Напрыклад, Саюз пісьменнікаў Беларусі прадставіць шмат цікавых творчых праектаў. Ужо 31 жніўня адбудзецца міжнародны круглы стол, які аб’яднае творцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і замежжа.


— Будзе ісці размова аб пісьменніку, яго ролі ў жыцці грамадства, пра значнасць слова, каб яно захоплівала душы, было пазітыўным, заклікала да міру і спагады, — распавяла журналістам першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. — У той жа дзень пройдзе адкрыццё фотавыстаўкі «Бачу Беларусь такой», якая ладзілася на розных пляцоўках нашай краіны і за мяжой. Зараз своеасаблівае прызнанне ў любові да Беларусі атрымае святочны Слонім.

Акрамя таго, пісьменнікі далучацца да традыцыйнай навукова-асветніцкай акцыі «Дарога да святыняў», якая пасля соцень кіламетраў падарожжа па розных кутках Беларусі дабярэцца да Жыровічаў, дзе адбудзецца яе заключны этап. «Я слова ў душы нашу» — так называецца падрыхтаваная ўжо паэтычная імпрэза, прысвечаная духоўным каштоўнасцям.

31 жніўня ў 11.00 пачне работу пляцоўка «Слова пісьменніка». Гэты дзень будзе прысвечаны прэзентацыі Гродзенскага абласнога аддзялення. Удзел возьмуць і літаратары з Баранавіч. А ў нядзелю, 1 верасня, галоўную творчую пляцоўку свята напоўніць пісьменніцкае рознагалоссе з усёй краіны. Прэзентацыі новых выданняў, аўтограф-сесіі, магчымасць зносін з самімі аўтарамі — незабыўныя ўражанні ад сустрэч з цудоўным светам кнігі і тымі, хто яе стварае. Дарэчы, удзел у Дні беларускага пісьменства прымуць больш як 100 сяброў СПБ.

Асноўныя ж мерапрыемствы запланаваны на 1 верасня. З самай раніцы ўрачыста адкрыецца помнік легендарнаму Льву Сапегу. Цэнтральнымі падзеямі фестывалю стануць цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Святочныя мерапрыемствы разгорнуцца адразу на 16 пляцоўках: ад тэатральнай да маладзёжнай з фотазонамі і гастранамічнымі вынаходствамі. Парадуе гасцей і жыхароў Слоніма ўпадабаны многімі «Друкарскі двор», які наглядна прадэманструе багатыя традыцыі беларускага кнігадрукавання. Дзякуючы ўнікальнаму станку, зробленаму Уладзімірам Ліхадзедавым па чарцяжах ХVІ стагоддзя, кожны зможа перанесціся ў часы Францыска Скарыны і адчуць сябе сапраўдным першадрукаром. Чакаецца, што выклікае цікавасць і кніга Уладзіміра Ліхадзедава, прысвечаная Слоніму і складзеная больш чым з 600 фотаздымкаў з гісторыі горада.

У 14.30 на галоўнай пляцоўцы свята пачнецца канцэрт Саюза пісьменнікаў Беларусі «Край бацькоўскі, мой край родны» — своеасаблівая прэзентацыя кнігі «Мая Радзіма», якую Саюз пісьменнікаў Беларусі ствараў да Дня беларускага пісьменства.

Міра ІЎКОВІЧ

Фота Віктара ТАЛОЧКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».