Вы тут

Украінскі ракурс


У пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, 31 жніўня, адбудзецца міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Прыедзе шмат гасцей — літаратараў з розных краін. Добрую суседку Беларусі — Украіну — будзе прадстаўляць публіцыст, перакладчык, гісторык Глеб Кудрашоў.


— Акрамя таго, што збіраюся выступіць на Міжнародным круглым стале, 1 верасня правяду такую цікавую, як мне падаецца, імпрэзу «Беларускія кніжныя інтэрпрэтацыі “Энеіды” Івана Катлярэўскага», — распавёў Глеб Кудрашоў. — Сувязь Беларусі, беларускага прыгожага пісьменства з гэтым творам — сапраўдны беларуска-ўкраінскі гуманітарны мост. І многія часіны не могуць схаваць ад нас, украінцаў і беларусаў, неўміручага Катлярэўскага. На імпрэзе, а можа, і ў фармаце іншых мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства абавязкова пакажу экзэмпляр кнігі з перакладам «Энеіды» Катлярэўскага на беларускую мову. Перакладчык — народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. А на кнізе — аўтограф перакладчыка! Уявіце сабе, з якім душэўным трымценнем я ўпершыню трымаў у руках гэтае выданне. Ёсць і яшчэ адзін падарунак ад мяне, ад маёй роднай Палтавы, ад маці Украіны беларускаму святу, куды я прыязджаю заўсёды з вялікай ахвотай. Але пра гэта крышачку пазней раскажу. Ці ў самы пярэдадзень свята ці ўжо на самім Дні беларускага пісьменства ў Слоніме. Упэўнены, гэтая невялікая «таямніца» будзе цікавая кожнаму кніжніку, бібліяфілу.

Спадзяёмся, што такі анонс прыцягне ўвагу да Дня беларускага пісьменства ў Слоніме і ўкраінскай дыяспары ў Беларусі. Дарэчы, «украінская тэма» (як пра яе не нагадаць у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства!) праяўляецца ў Слоніме і вось яшчэ ў чым. У старажытным горадзе ў 1890 годзе нарадзілася ўкраінскі мовазнаўца Алена Курыла. Вучылася ў Львоўскім універсітэце. У 1913 годзе закончыла курсы пры Варшаўскім універсітэце. Сярод яе настаўнікаў — акадэмік Яўген Цімчанка. Асоба ва ўкраінскім мовазнаўстве легендарная. Акадэмік Акадэміі навук Украіны, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. З 1918 года Цімчанка — старшыня пастаяннай Камісіі па складанні гістарычнага слоўніка ўкраінскай мовы. Фактычна сам і склаў 14 тамоў, здолеўшы выдаць толькі адзін. Астатняя праца засталася ў рукапісе, на картках. З 1932 па 1948 год яго работы зусім не друкавалі, не згадвалі. Толькі пасмяротна, у 1948-м, пабачыў свет адзін мовазнаўчы артыкул. Вось такі чалавек выводзіў у вялікую навуку нашу зямлячку — Алену Курылу.

У 1930 годзе ўраджэнка Слоніма была прызначана ў Кіеве намеснікам дырэктара Інстытута мовазнаўства. Выдала цэлы шэраг тэрміналагічных слоўнікаў, надрукавала шмат розных артыкулаў. А ў 1933 годзе была без усялякіх на тое падстаў арыштавана. Праўда, праз паўтара месяцы адпусцілі. Выехала ў Расію. Працавала ў Маскоўскім абласным педагагічным інстытуце. У 1938 ізноў арыштавалі. У 1946 Алену Курылу вызвалілі з Карагандзінскага лагера. Як склаўся далейшы яе лёс, на жаль, невядома…

Сапраўды, гісторыя і сучаснасць падкідваюць свае сюжэты. І «ўкраінскі сцяжок» у межах беларускага свята таксама кладзецца радком у гісторыю беларуска-ўкраінскага пабрацімства.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.