Вы тут

Роды па плане: вас чуюць


«План родаў» існуе ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. Ён уяўляе сабой пісьмовую заяву аб уліку правоў і інтарэсаў жанчыны ў правядзенні родаў: дзе, з кім і як яна хоча нараджаць. Напрыклад, жанчына можа выбраць партнёрскія роды ці роды без суправаджальніка, згадзіцца ці адмовіцца ад прымянення стымулюючых або абязбольваючых медыкаментаў, пасля родаў увесь час знаходзіцца з дзіцем ці не. Пры гэтым спецыялісты ініцыятывы «Тваё права на пазітыўны досвед у родах» падкрэсліваюць, што «план родаў» — не ідэальны варыянт развіцця падзей і не алгарытм, а магчымасць дыялогу з памочнікамі ў родах, медыцынскімі работнікамі аб сваіх пажаданнях, ведах і поглядах на роды. Што мяняе наяўнасць «плану родаў» (і што трэба мяняць у сістэме родадапамогі), расказалі нашы суразмоўніцы: мама двух дзяцей і акушэрка з 36-гадовым стажам.


Мама дзвюх дачок:

«Не трэба баяцца пісьмова заяўляць пра свае пажаданні»

Брастаўчанка Ася Новаслабодская — мама дзвюх дачок. Старэйшую, якой хутка споўніцца восем, яна нарадзіла без «плана родаў».

— Я спадзявалася, што ў радзільні траплю ў надзейныя рукі медперсаналу, дзе мне ўсё падкажуць, была гатова слухаць і слухацца. Але ўсё атрымалася не зусім так, — згадвае Ася. — Я сама нічога не пытала, а мне ніхто нічога і не тлумачыў. У радзільню мяне палажылі загадзя, і калі мне здалося, што ўсё пачалося, я пайшла да ўрача. Яна паглядзела мяне на крэсле і... разрэзала каляплодны пузыр, нават не папярэдзіўшы мяне. Роды цягнуліся з 12 гадзін ночы да 10 раніцы. Акрамя мяне, у гэты час ніхто не нараджаў, але ніякай асаблівай увагі да мяне не было. Я імкнулася правільна дыхаць, не крычаць лішні раз — была ўзорна-паказальнай парадзіхай. Адну за другой прыносілі таблеткі, а на маё пытанне адказалі, што гэта глюкоза. Пасля з размовы медперсаналу я зразумела, што мне далі восем стымулюючых таблетак. Чаму ад мяне гэта хавалі? Было незразумела і крыўдна. У радзільнай зале пачалі ціснуць на жывот, імкнучыся, каб выйшла дзіця. І сказалі: калі не народзіш зараз — разрэжам. Я імкнулася запярэчыць: не трэба рэзаць. Адказалі, што ў мяне ніхто і не пытае. Гэтыя словы былі як халодны душ! Я проста захлынулася ад крыўды. Зразумела, што рабіць усё правільна ў такой абстаноўцы я не магу.

У выніку ўрачы прывялі сваю пагрозу ў дзеянне, а жанчына атрымала не самы лепшы досвед першых родаў.

— Я настройвалася давяраць, а ў выніку ўдарылася аб халодную рэчаіснасць. Я разумею, што ўрачы імкнуцца, каб нарадзілася здаровае дзіця і ўсё адбывалася хутка. А ў цябе ўсё зажыве. Падрыхтоўкай жанчыны да таго, каб не было разрываў, ніхто не займаецца, — кажа маладая мама.

Чатыры месяцы таму ў Асі нарадзілася малодшая дачка Ангеліна. Гэтым разам у радзільню жанчына прыехала падрыхтаваная — з «планам родаў». Яе знаёмая раней таксама нараджала такім чынам, і, паразмаўляўшы з ёй, Ася вырашыла скласці свой план.

— Я адчула, што не першая прыехала ў радзільню з планам. Да яго я яшчэ прыклала раздрукоўку свайго электроннага звароту ва ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама. У прыёмным пакоі «план родаў» успрынялі добра. Толькі папрасілі падпісаць дакумент, што я згодная на ўсе медыцынскія ўмяшанні. Я сказала, што не падпішу, зраблю гэта пасля, у выпадку, калі яны мне спатрэбяцца. Перад родамі ўвесь медперсанал схіліўся над сталом і дружна чытаў мой дакумент. З ім азнаёмілася і ўрач. Усе рэагавалі станоўча.

Але гэтым разам роды пайшлі па іншым сцэнарыі.

— Сэрцабіцце плода падчас схватак пачало падаць. І ўрач сказала мне, што можа прапанаваць толькі кесарава сячэнне. Я адразу пагадзілася, бо ўсведамляла, што не магу рызыкаваць сваім дзіцем. Прапанавалі і варыянты анестэзіі — эпідуральны і агульны наркоз у выпадку, калі будзе пагаршэнне. У выніку пагаршэння не было, і я знаходзілася ў прытомнасці падчас аперацыі. Мне расказвалі ўсё, што адбываецца. Урач папярэдзіла таксама, што не зможа выканаць яшчэ адзін пункт плана — не абразаць адразу пупавіну. У выніку ўсё прайшло добра.

Параўноўваючы свой вопыт, жанчына прызнаецца, што з «планам родаў» было іншае стаўленне медперсаналу: з ёй лічыліся і інфармавалі пра ўсе маніпуляцыі.

— Пасля аперацыі я знаходзілася ў рэанімацыі, і мне адзінай з усіх, хто там быў, прыносілі дзіця на кармленне — нячаста, усяго тры разы на суткі, але і гэта важна. Магчыма, таксама дзякуючы плану.

Жанчына прызнаецца, што калі яшчэ давядзецца нараджаць, рабіць гэта будзе толькі з планам.

— Жанчынам не трэба баяцца складаць «план родаў», ён служыць для таго, каб урачы ведалі пра нашы жаданні. У вас заўсёды будзе магчымасць пазнаёміцца з магчымымі варыянтамі і штосьці змяніць.

Фота БЕЛТА.

Акушэрка з 36-гадовым стажам:

«Жанчыне важна ведаць, што медперсанал гатовы яе пачуць»

Таццяна Зянькевіч мае 40-гадовы стаж у медыцыне. З іх 36 гадоў яна працавала акушэркай у Мінскім абласным клінічным радзільным доме. Сёння яна працуе ў 37-й гарадской паліклініцы Мінска. Таксама з'яўляецца аўтарам праграмы «Роды без страху» і 20 гадоў выкладае на курсах па падрыхтоўцы да родаў. Спецыяліст падзялілася сваім меркаваннем наконт таго, ці патрэбны ў радзільнях «план родаў». Яна ўпэўнена, што надышоў час змяніць пэўныя рэчы ў сістэме родадапамогі. І вітае, што такая ініцыятыва сёння ідзе ад саміх жанчын, якія ўсё часцей прыязджаюць у радзільні са сваімі пажаданнямі, аформленымі ў план.

— За апошнія 40 гадоў сістэма родадапамогі ў нас не моцна змянілася. Адзінае істотнае новаўвядзенне — сумеснае знаходжанне маці і нованароджанага. Прычым спачатку былі меркаванні, што гэта нельга рэалізаваць ва ўсіх радзільнях, ва ўсіх аддзяленнях. Але, як паказала практыка, усё магчыма. Для гэтага нават не давялося ўкладаць вялікія сродкі.

Таццяна Зянькевіч кажа, што ў Беларусі пабудаваны выдатныя перынатальныя цэнтры, аснашчаныя сучасным абсталяваннем. Але для жанчыны патрэбна не толькі гэта:

— Жанчыне падчас родаў важная сама атмасфера, якая мусіць быць камфортнай. Ёй ніхто не павінен перашкаджаць, у тым ліку медперсанал. Нездарма большасць родаў адбываецца ўначы, калі цела расслабляецца. Не трэба злоўжываць стымулятарамі. У арганізме кожнай жанчыны выпрацоўваецца гармон аксітацын, які стымулюе скарачэнне маткі. Сінтэтычныя прэпараты не даюць такога эфекту. Таму калі жанчына жадае, каб роды адбываліся максімальна фізіялагічна, — яна мае рацыю.

Спецыяліст упэўнена, што на родах павінен прысутнічаць і тата, і такі пункт плана таксама апраўданы:

— Некаторыя кажуць, што народзяць і так, без партнёра. Але лепш, чым муж, жанчыну падчас родаў ніхто не падтрымае. Праведзена шмат даследаванняў аб сувязі дзіцяці і бацькоў у першыя гадзіны пасля родаў. На маю думку, партнёрскія роды павінны быць даступныя не толькі тым, хто можа заплаціць, — іх варта было б зрабіць бясплатнымі для ўсіх ахвотных. У першыя дзве гадзіны нованароджаны ўвогуле павінен быць неразлучны з мамай, а яшчэ лепш — з абодвума бацькамі. Найбольшы выкід гармону аксітацыну адбываецца ў момант нараджэння дзіцяці, важна, каб сям'я ў гэты час была разам. Гэта ўмацуе адносіны і зменшыць колькасць пасляродавых ускладненняў. Грудное кармленне стымулюе выпрацоўку пасляродавага аксітацыну, які дапамагае скараціць матку і спыніць кровацячэнне.

Спецыяліст упэўнена, што роды, якія працякаюць без ускладненняў, можа прыняць і акушэрка, а не ўрач.

— Шпіталізаваць жанчыну за тыдзень да родаў — гэта раскоша, якую не дазваляюць сабе іншыя краіны. На роды жанчына павінна прыязджаць у добрым настроі з дому. У нас падчас родаў каля кожнай парадзіхі стаіць доктар. У Францыі, Галандыі, Канадзе, ЗША у жанчыны ёсць выбар: нараджаць з доктарам ці акушэркай.

Адпаведна, і партнёр, і жанчына павінны рыхтавацца да родаў, наведваць курсы, каб ведаць элементарныя рэчы: як правільна дыхаць падчас схваткі, як не нашкодзіць свайму целу.

Таццяна Зянькевіч згадвае, што першыя роды «па плане» ў яе практыцы адбыліся яшчэ ў 2010 годзе. У дакуменце ў жанчыны было 10 пунктаў, сярод якіх — пажаданні адразу пакінуць дзіця з маці, прыкласці да грудзей, не закапваць нованароджанаму вочкі, не змываць першародную змазку, паслед аддаць маці. Не ўвесь персанал тады ўспрыняў гэта адназначна. Сёння дзякуючы праекту «Радзіны», з'яўленню «руху доўл» ды і таму, што жанчыны ведаюць, як нараджаюць у іншых краінах, «план родаў» ужо нікога не здзіўляе.

— Гэты дакумент дае жанчыне магчымасць узяць адказнасць на сябе. Пры гэтым задача ўрача — растлумачыць магчымыя варыянты развіцця падзей. Такім чынам, жанчына будзе ведаць, што ў яе ёсць выбар і медперсанал гатовы яе пачуць. Гэта дае неабходную ўпэўненасць, спакой і зусім іншае стаўленне да родаў. Сёння свет імкліва мяняецца, варта мяняць і родадапамогу. Важна ведаць патрэбы кожнай жанчыны, бо ў родах — яна галоўная.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».