Вы тут

У Гродне дэпутаты прапануюць выдаваць у маршрутках «нулявы» білет


Вучні-выдатнікі змогуць ездзіць у маршрутных таксі бясплатна. З такой прапановай выступілі дэпутаты Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў. Ініцыятыву гатовы падтрымаць і фірмы-перавозчыкі. Каб ездзіць бясплатна, школьнікі павінна па ўсіх прадметах за чвэрць мець толькі «дзявяткі» і «дзясяткі».


Адкуль ідэя?

Задзейнічаць у бясплатнай перавозцы маршрутныя таксі прапанаваў дэпутат гарадскога Савета, старшыня камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, справах моладзі і ветэранаў Сяргей Мазайла. Ён расказаў, што даведаўся аб такой ініцыятыве з расійскіх тэлеканалаў. І падумаў: а чаму не зрабіць такі ж бонус для гродзенскіх школьнікаў?

— У Расіі выдатнік паказаў дзённік — і едзе бясплатна. Я сабраў прадстаўнікоў фірмаў-перавозчыкаў і кажу: ёсць ідэя. Але гэта вашы грошы — хочаце вазіце, хочаце — не, — кажа дэпутат.

Школьнікаў бясплатна возіць гарадскі грамадскі транспарт. Да таго ж, усіх. Такая ўстаноўка дзейнічае па ўсёй краіне, але на месцах усё роўна павінны прымацца адпаведныя рашэнні, прычым на ўзроўні абласнога Савета дэпутатаў. Таму што бюджэт, за які адказваюць дэпутаты, кампенсуе транспартнікам затраты на праезд вучняў. Такім чынам, школьнікі ездзяць бясплатна з верасня да ліпеня. Яны павінны мець толькі завераную ў школе даведку з фотаздымкам. Што датычыцца перыяду ліпеня—жніўня, кошт для бюджэту атрымаўся даволі значны, таму ў Гродне было прынята рашэнне зрабіць бясплатны праезд толькі тым, хто наведвае дзённыя летнікі. На гэтыя мэты з бюджэта выдаткавана 16 тысяч рублёў.

А вось маршрутчыкам ніхто нічога кампенсаваць не будзе. Больш за тое, яшчэ і пакараць могуць за безбілетны правоз. Напрыклад, спыняе іх падатковая інспекцыя: дзе білет у пасажыра? Няма, маўляў, едуць бясплатна. Значыць, штраф. Павінен быць «нулявы» білет. Гэта свайго роду страхоўка для пасажыра. Калі няма ніякага білета, значыць пасажыр не застрахаваны, а гэта парушэнне заканадаўства. Дарэчы, так званыя «нулявыя» білеты існуюць для некаторых катэгорый грамадзян. Па іх таксама прымаюцца адпаведныя рашэнні абласным Саветам дэпутатаў.

Каго павязуць?

Аказалася, што выдатнікаў у Гродне ні многа, ні мала — каля адной тысячы чалавек. Дэпутаты падлічылі, што з першага да чацвёртага класа дзяцей, як правіла, возяць бацькі. 10 і 11 класы — ужо дарослыя, яны будуць самі плаціць. Вызначыліся, што бясплатна паедуць толькі сярэднія школьнікі з 5 па 9 класы. Такім чынам набралася дзесьці 600 чалавек. Гэта толькі тыя, хто мае «дзявяткі» і «дзясяткі» ва ўсіх чвэрцях.

— Выказваліся прапановы наконт таго, чаму менавіта выдатнікам трэба дапамагаць? А чаму ім не паспрыяць? — задаецца пытаннем Сяргей Мазайла. — Дзеці працуюць, выкладваюцца, я сам бачу, калі прысутнічаю на конкурсах у журы. Там сапраўды ўзровень, гэта наша будучая эліта, і няхай яна атрымае невялікі падарунак ад горада.

Вядома, тыя ж выдатнікі могуць бясплатна ездзіць і на грамадскім транспарце, а маршруткі для іх — свайго роду бонус за выдатную вучобу.

Як адрозніць выдатнікаў? Ім, па словах дэпутата, выдадуць адпаведныя даведкі. Праўда, спачатку прапаноўвалася зрабіць, як у Расіі — паказваць кіроўцу дзённік. Але гэта будзе зацягваць паездку, да таго ж, ёсць верагоднасць, што дзеці могуць карыстацца чужымі дзённікамі. Таму з'явіцца даведка з фотаздымкам і завераная школьнай пячаткай. Калі ў звычайнага школьніка такая даведка адна — толькі на праезд у гарадскім транспарце, у выдатнікаў іх будзе дзве — яшчэ і для праезду ў маршрутках.

Перавозчыкі згодны, але...

Як высветлілася, тэма для многіх даволі няпростая. У гутарцы прадстаўнікі фірмаў-перавозчыкаў прызналіся, што пакуль не ўяўляюць сабе гэты працэс у поўнай ступені. У прыватнасці, як перавозіць выдатнікаў пры наплыве пасажыраў? Зразумела, што перавага будзе аддавацца менавіта ім, а не школьнікам з «нулявымі» білетамі.

Таксама ўзнікае пытанне: як быць, калі ў маршрутку зойдзе адразу некалькі выдатнікаў? Для перавозчыкаў такая сітуацыя паграджае стратамі. Тым больш што ездзіць такім дзецям будзе дазволена цэлы дзень.

— Многія кіроўцы бяруць школьнікаў і вязуць бясплатна, нягледзячы на тое, выдатнік ён ці не. Некаторыя дзеці кажуць, што грошай няма, маўляў, падвязіце два прыпынкі, мы не адмаўляем. Але калі сёння аднаго школьніка бярэш, заўтра іх ужо цэлы натоўп стаіць... Ці не спрыяе гэта ўтрыманству? Ды і даведку, я лічу, праз інтэрнэт зрабіць нескладана, — лічыць перавозчык Сяргей.

Па яго словах, у сітуацыі з бясплатнай перавозкай нямала падводных плыняў. Напрыклад, як часта вучань павінен пацвярджаць, што ён выдатнік? Як будзе выглядаць даведка? Яна будзе агульнага ўзору ці не? З гэтымі пытаннямі павінны разабрацца дэпутаты. Неабходна таксама далучыць да размовы ўсіх перавозчыкаў, растлумачыць ім усё падрабязна. Пакуль у маршрутчыкаў нямала пытанняў наконт новай ідэі. Напрыклад, ці ўсе будуць вазіць выдатнікаў, ці толькі некаторыя маршрутныя таксі?

Як паведаміў Сяргей Мазайла, рашэнне яшчэ патрабуе нямала ўзгадненняў. Каб яго прыняць, трэба абысці не адзін кабінет, а можа, з дзясятак. І толькі пасля гэтага пытанне будзе выносіцца на разгляд сесіі абласнога Савета дэпутатаў. Як хутка ўсё завершыцца, пакуль невядома. Верагодней за ўсё, гэтая ініцыятыва пачне працаваць з наступнай, другой чвэрці.

Каментарый дэпутата

Алена Аляхновіч, дырэктар школы № 28 горада Гродна, дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў:

— Што датычыцца зайздрасці з боку іншых вучняў, можна адказаць так: а што ім перашкаджае вучыцца добра? Некаторыя проста не прыкладаюць для гэтага дастаткова намаганняў, таму і не могуць разлічваць на прывілеі.

Наш педагагічны калектыў вельмі станоўча ставіцца да гэтай ініцыятывы. Ідэю падтрымалі і бацькі. Лічым, што гэта будзе спрыяць яшчэ большай паспяховасці вучняў. Гэта здаровы, нармальны стымул. Як у кожнай рабоце — чым лепш чалавек працуе, тым у яго больш шанцаў на матэрыяльныя заахвочванні. Лічу, што гэтую катэгорыю выдатнікаў можна было б пашырыць і ўключыць сюды пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, кандыдатаў і майстроў спорту. Перамогі, якія яны прыносяць, вельмі значныя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бонус для выдатнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».