Вы тут

Аб правілах бяспечных паводзін на дарозе напамінаюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі


У Гомелі прафілактычная акцыя «Бяспечная дарога ў школу!» стартавала на плошчы Паўстання. Там інспектары ДАІ ўручалі школьнікам — пасажырам транспартных сродкаў канцылярскія прылады. Пеналы, наборы алоўкаў, альбомы, а таксама святлоадбівальныя элементы і тэматычныя памяткі пра бяспеку дарожнага руху абавязкова спатрэбяцца дзецям на працягу навучальнага года. Адначасова з малымі і дарослымі праводзіліся прафілактычныя гутаркі аб правілах паводзін на дарозе.


Інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскай вобласці Дар'я Смаляк расказала, што каля адной з вялікіх крамаў у абласным цэнтры прайшла сумесная акцыя Дзяржаўтаінспекцыі, Савецкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і навучэнцаў школы № 43:

— Падчас правядзення інфармацыйна-прафілактычнай акцыі «Па дарозе ў школу» школьнікі не толькі ўручалі мінакам памятку пра асновы бяспекі на дарозе, але і прапаноўвалі адказаць на некалькі пытанняў віктарыны. Усе, хто хацеў, маглі пакінуць на стэндзе свае пажаданні ўдзельнікам дарожнага руху. Дарэчы, і тут былі падарункі: шарыкі з парадамі і флікеры.

Цяпер у абласным цэнтры праходзіць акцыя Дзяржаўтаінспекцыі «Бяспечная дарога ў школу!». На працягу тыдня супрацоўнікі ДАІ кантралююць перавозку дзяцей у аўтамабілях. Тым кіроўцам, што перавозяць дзяцей без парушэнняў і з выкарыстаннем утрымліваючых прылад, дораць сувенірную прадукцыю, а маленькім пасажырам — канцылярскія прылады да школы.

Між тым супрацоўнікі ДАІ Гомельшчыны на патэнцыйна небяспечных пешаходных пераходах, а таксама каля ўстаноў адукацыі ініцыявалі нанясенне дарожнай разметкі, якая павінна садзейнічаць псіхалагічнаму стрымліванню хуткасці руху транспартных сродкаў.

Цяпер каля школы № 72 па вуліцы Галавацкага ў Гомелі і побач з Азершчынскай школай № 1 у Рэчыцкім раёне праезная частка візуальна звужаецца. Такая мера таксама змяншае верагоднасць несанкцыянаванай паркоўкі транспартных сродкаў бліжэй чым за 15 метраў ад пешаходных пераходаў. Хутка аналагічная разметка з'явіцца і на вуліцы Карповіча, каля сярэдняй школы № 11 у Гомелі, а таксама побач з некаторымі школамі ў Мазыры.

Акцыя «Бяспечная дарога ў школу!» падоўжыцца да 31 жніўня, а ўжо 2 верасня супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, прысвечаных новаму навучальнаму году. Вядома ж, яны не толькі павіншуюць школьнікаў са святам, але і нагадаюць пра самыя галоўныя правілы бяспекі на дарозе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота атрымана ад прэс-службы УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама

Загаловак у газеце: Разметка каля школ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».