Вы тут

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі?


Беларуска-індыйская праграма для смартфона

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з індыйскай фармацэўтычнай карпарацыяй

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў сустрэўся з прадстаўнікамі індыйскай кампаніі Bіocon Lіmіted на чале са старшым віцэ-прэзідэнтам Аляксандрам Захам, паведамляе прэс-служба верхняй палаты беларускага парламента.

Развіццё фармацэўтычнай прамысловасці — адзін з прыярытэтаў для Рэспублікі Беларусь, падкрэсліў Сяргей Рахманаў. На яго думку, у краіне ёсць неабходны вытворчы і інтэлектуальны патэнцыял для паспяховага развіцця супрацоўніцтва з індыйскімі кампаніямі. «І гаворка ідзе не толькі аб імпарце і экспарце, але і прамысловай кааперацыі, стварэнні сумесных вытворчасцяў і нават кластараў, якія аб'ядналі б прадстаўнікоў бізнесу, навукі і адукацыі. Сумесна мы маглі б працаваць і на рынках трэціх краін», — прапанаваў ён.

Асаблівую ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі ўдзяліў назапашанаму ў Беларусі вопыту ў сферах ІT і высокіх тэхналогій. Гэтыя веды і тэхналогіі могуць працаваць і на фармацэўтычную галіну, падкрэсліў ён. З гэтым пагадзіліся і прадстаўнікі Bіocon Lіmіted. У свеце сёння запатрабаваныя такога роду прадукты. У якасці прыкладу яны прывялі праект па распрацоўцы мабільнай праграмы для аўтаматызаванага кантролю стану здароўя інсуліназалежных людзей. «Нам цікавыя падобныя праекты, таму мы з радасцю гатовыя абмеркаваць прапановы беларускага боку, у тым ліку па развіцці мабільных тэхналогій», — заявіў Аляксандр Зах.

У якасці перспектыўнага кірунку ўзаемадзеяння пазначаная таксама транспланталогія. Беларускія трансплантолагі ўжо наведвалі Індыю для абмену вопытам са сваімі замежнымі калегамі. У будучыні гэта супрацоўніцтва можа быць пашыранае.

У час перагавораў бакі ўдзялілі ўвагу пытанням трансферу ў Беларусь індыйскіх тэхналогій па вытворчасці лекавых прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў і цукровага дыябету. Размова таксама ішла аб арганізацыі абмену спецыялістамі.

Bіocon Lіmіted — вядучая індыйская біятэхналагічная кампанія, якая вырабляе актыўныя фармсубстанцыі і гатовыя лекавыя сродкі ў такіх тэрапеўтычных сегментах, як дыябеталогія, анкалогія, нефралогія, кардыялогія. Акрамя вытворчай дзейнасці, кампанія займаецца даклінічнымі і клінічнымі даследаваннямі прадуктаў, якія вырабляюцца, і іх дыстрыбуцыяй на сусветным рынку. Прэпараты Bіocon Lіmіted пастаўляюцца больш чым у 70 краін свету.


Культурная спадчына — агульны клопат

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава ў якасці ганаровага замежнага госця ўзяла ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XІІ Міжнароднага музычнага фестывалю «Шарк тароналары» («Мелодыі ўсходу») у горадзе Самаркандзе (Рэспубліка Узбекістан).

Маштабны музычны форум ва Узбекістане праходзіць на рэгулярнай аснове раз на два гады з 1997 года. Заяўленымі мэтамі і задачамі фестывалю з'яўляецца шырокая папулярызацыя, захаванне і развіццё найлепшых дасягненняў нацыянальнага музычнага мастацтва; выхаванне маладога пакалення ў духу пераемнасці нацыянальных традыцый; далейшае пашырэнне міжнародных творчых сувязяў. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства культуры і спорту Рэспублікі Узбекістан, Нацыянальная тэлерадыёкампанія Узбекістана, Саюз кампазітараў Узбекістана і хакіміят (адміністрацыя) Самаркандскай вобласці. Конкурс праводзіцца пры падтрымцы ЮНЕСКА.

Сёлета фестываль сабраў 340 артыстаў з 75 краін.

У цырымоніі адкрыцця фестывалю бралі ўдзел прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан Шаўкат Мірзіёеў, генеральны дырэктар ЮНЕСКА Одры Азуле, афіцыйныя асобы і ганаровыя госці з Выканаўчага камітэта СНД, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Бангладэш, Польшчы, Японіі, Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Беларускі сенатар у рамках рабочага візіту ў Рэспубліку Узбекістан таксама ўдзельнічала ў міжнароднай канферэнцыі «Захаванне матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны: бягучыя праблемы і стратэгіі іх рашэння», якая праходзіла ў Палацы форумаў Самарканда. Парламентарый падчас культурнай праграмы фестывалю наведала помнікі ЮНЕСКА і дала інтэрв'ю для дзяржаўных СМІ Рэспублікі Узбекістан па пытаннях захавання культурнай спадчыны.

Вольга Мядзведзева

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.