Вы тут

40 гадоў таму пачалася савецкая экранізацыя Артура Конан Дойла


За першы фільм, які адкрыў цэлую серыю кінастужак аб прыгодах знакамітага прыватнага сышчыка Шэрлака Холмса і ягонага сябра, біёграфа і памочніка доктара Ватсана, рэжысёр Ігар Масленнікаў узяўся яшчэ ў 1979 годзе — з падачы сцэнарыстаў, якія здолелі стварыць аднолькава цікавых і яркіх герояў. Да 1986-га выйшла пяць дэтэктыўных фільмаў агульным аб'ёмам у 11 серый, альбо 766 хвілін.


На галоўную ролю зацвердзілі Васіля Ліванава — не адразу, бо акцёр славіўся няпростым характарам, але практычна безальтэрнатыўна. Другога кандыдата ў Холмсы, Аляксандра Кайданоўскага, рэжысёр запрасіў на пробы на ўсякі выпадак, але бачыў сваім героем выключна Ліванава, у якім «адчувалася парода» і які, дарэчы, нават знешне быў падобны да сышчыка з малюнкаў брытанскага мастака, блізкага сябра самога Конан Дойла. Выканаўцу ролі Ватсана давялося шукаць значна даўжэй, бо ніхто не ўяўляў, як той павінен выглядаць. У адным з акцёрскіх альбомаў знайшлося фота Віталя Саломіна з прыклеенымі «армейскімі» вусамі — гэты здымак трапіў на вочы рэжысёру і падаўся таму якраз, што трэба. У верную і адважную гаспадыню дома місіс Хадсан ператварылася Рына Зялёная — нягледзячы на тое, што актрысе было ўжо больш за 75 гадоў і што яе давялося вазіць на здымкі з Масквы, яна выдатна справілася з роляй. Без праблем адшукалі і Марыярці — Віктара Яўграфава, які акрамя запамінальнай знешнасці меў навыкі каскадзёра і захапляўся баявымі мастацтвамі. Што праўда, у карціне Марыярці агучыў Алег Даль, бо ў самога акцёра для зладзейскай аўры сілы голасу не хапала. Не сваім голасам размаўляе і інспектар Лестрэйд — Барыслаў Брандукоў, украінскае маўленне якога ўмела замаскіраваў дублёр з «Ленфільма» Ігар Яфімаў.

Стужку здымалі пераважна ў павільёнах «Ленфільма» (адну толькі гасцёўню ўзводзілі і абстаўлялі наноў чатыры разы, бо фільмы здымаліся з перапынкамі), а таксама на вуліцах Ленінграда, Рыгі і Таліна, а яшчэ на Каўказе — тут у Абхазіі на Гегскім вадаспадзе знайшлі натуру для ракавога паядынку сышчыка і геніяльнага ліхадзея, прафесара Марыярці. Лондан у гэты спіс, зразумела, не трапіў — тым не менш атмасферу дома на Бейкер-стрыт, 221Б удалося стварыць і сіламі савецкіх кінематаграфістаў. Адзіны насамрэч англійскі эпізод ва ўсім серыяле — панарамныя здымкі Тэмзы, якія па просьбе рэжысёра зрабілі і перадалі карэспандэнты Цэнтральнага тэлебачання ў Вялікабрытаніі.

Васіль Ліванаў і Віталь Саломін пасябравалі не толькі на экране, але і ў жыцці — сяброўскія стасункі падтрымлівалі і іх сем'і ажно да трагічнай смерці Саломіна ў 2002 годзе. У 2007-м акцёры зноў паўсталі разам — у бронзе, у выглядзе скульптурнай кампазіцыі на Смаленскай набярэжнай Масквы. А ў 2012-м аўтарытэтнае выданне Thе Tеlеgrарh склала спіс дзесяці найлепшых Ватсанаў усіх часоў — Віталь Саломін у ім на другім месцы. Ну і, канешне, як не згадаць аб прэстыжнай ўзнагародзе, Ордэне Брытанскай імперыі, якой быў адзначаны «наш» Холмс!

Сказана!

  • «Капернік... Знаёмае прозвішча, што ён зрабіў?»
  •  — Дарагі Холмс, вы вялікі сышчык!
  • — Дарагі Ватсан, я заўжды вам гэта гаварыў!
  • «Наогул, доктар, я стараюся не глядзець, хто прыходзіць, хто сыходзіць... І вам не раю».
  •  «Не, сапраўды скаціна! Уварваўся ў дом, наслядзіў, сапсаваў добрую рэч!»
  •  — Вы хочаце сказаць, што не чытаеце раманаў? Гэта ж Дзікенс!
  •  — Не чытаў, не чытаю і не збіраюся чытаць. Я наогул не люблю белетрыстыку.

Загаловак у газеце: «Элементарна, Ватсан!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».