Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Трэба слухаць жонку

...Дзядзька Мар'ян у той дзень, што называецца, захаўтурыў: на ўласным трактарку прывёз суседу бульбу. Разам яны разгрузілі мяшкі, разам селі за стол: гавораць, частуюцца — хораша сядзяць, бо яно ж чарку браць — не гной выкідаць...

Адзінае — выпіўкі мала, а болей гаспадыня і грама не дае, на сваім стаіць: маўляў, выпілі і досыць, бо ты, Мар'янка, на трактары... І табе, гаспадар, пара аглядацца — свінні стаяць галодныя.

Але ж Юзіку, калі той пад мухай, ужо не да свіней і тым больш не да жонкі, бо калі яе слухаць...

Карацей, перамігнуліся яны з дзядзькам Мар'янам і ўдвух патэпалі з хаты на вуліцу. Там па чарзе ўскараскаліся на дзядзькаў трактарок ды «панесліся» ў найбліжэйшую краму.

Ехалі, віхляючы, дарогай палявой, потым неяк «ускочылі» (не прамахнуліся!) на вузкаваты масток цераз рэчку. А вось на ім, ужо крышачку збочыўшы, трактарок... не ўтрымаўся — паволі занурыў у ваду.

Першым з яе вынырнуў маладзейшы — Юзік:

— Гэ-эй, Мар'ян, — клікнуў ён суседа, — ты дзе?

Ніхто не адазваўся, таму спалоханы Юзік зноў сігануў пад трактар.

У гэты ж час, але з другога боку, паказалася галава Мар'яна:

— Юзі-ік, ты дзе?! — загалёкаў ён і, набраўшы паветра, вярнуўся ў ваду... З якой тут жа (і зноў жа з іншага боку) з'явілася галава суседа.

— Мар'ян! Ты жывы? — загалёкаў ён і, яшчэ раз з ім «размінуўшыся», пагрузіўся ў рэчку...

Выплыў, шалёна хапаючы паветра, ужо ля берага, выскачыў з вады і з крыкам: «Людзі, ратуйце!..» панёсся да вёскі.

У гэты ж час, не знайшоўшы суседа ні ў вадзе, ні на беразе, дзядзька Мар'ян ужо горка выў:

— Во-о-о... Даба-авілі-і-і... У-у-уто-оп!!! І што ж зараз будзе-е? Што мне ўдаве Юзевай сказаць? Лю-дзі!..

Яны, скліканыя «тапельцам», тым часам ужо беглі да рэчкі — не тое ратаваць, не тое гараваць па Мар'яне, і «агучвала» гэтую «працэсію» жонка Юзі:

— Во што нарабіла праклятая гарэлка! — крыкма крычала яна. — Ды хай бы я тую бульбу на гарбе сваім панасіла-а! На халеру мне быў яго трактар?!

Гэтыя два галасы імкліва ішлі на збліжэнне і ўрэшце...

Юзік з Мар'янам — абодва мокрыя і жывыя! — моцна абняліся, нават, казалі, заплакалі...

Ці кінулі потым піць?

Хацелася б сказаць: «Ну вядома ж!», але...

Зыгмунд Дзякевіч, в. Пенценішкі, Воранаўскі раён


Сіла рэкламы

Гэтых трох мужчын-пенсіянераў аб'яднала адзінота. Аўдавелі яны хто раней, хто пазней і ўдары лёсу прынялі па-рознаму. Іван, напрыклад, вырашыў, што болей жаніцца не будзе, і без жонкі не прападзе. Можа, хоць начытаецца: пасля вайны не было калі, скончыў толькі пяць класаў. А далей трэба было працаваць. Паслухаўся маці, пайшоў у калгас, але ж на кніжкі «падсеў». Чытаў усё, што траплялася: газеты, часопісы, розныя даведнікі. Жонка, нябожчыца, аж шалела, бачачы гаспадара за чытвом...

А вось прыяцелі яго, Васіль ды Міхась, «без баб сваіх» зусім не маглі. Разгуляліся, распіліся яны, як той казаў, на сабачую пугу. Дзяцей ды ўнукаў ад сябе адвадзілі, бо каму ж спадабаецца прыязджаць да такіх вось бацькаў: дамы ў іх брудам зараслі, гаспадаркі звяліся, гароды запушчаны...

У Івана ж усё чын чынам было: поўны падворак курэй, сабака з катом, у гародзе і бульбачка, і капуста з буракамі...

Хіба з цыбуляй першы год непрыемнасць выйшла. Нейкі баламут на рынку насенне прадаваў (галоўнае — зусім нядорага!), казаў, што пасадзіць трэба ўвосень, тады ранні вітамін будзе ледзь не з-пад снегу.

Іван аж тры місачкі ўзяў, як след рассадзіў... І града вясной сапраўды аддзячыла: закрасавала... Цюльпанамі.

Адным словам, Іван (з тых часоў яшчэ і Цюльпан) па-людску жыў і шмат каму жыць памагаў. Сябрам па няшчасці, Васілю з Міхасём, і пагатоў, бо яны часцяком канцы з канцамі не зводзілі, без капейкі заставаліся. Праўда, паўтаралася гэта ці не кожны месяц. А таму цярпенне ў крэдытора ўрэшце лопнула.

— Вось што, —- сказаў аднойчы, — я вам не маці Тэрэза. Сваіх мазгоў не маеце, не ўмееце грошы размеркаваць, дык жаніцеся. Вунь Марыля адна, і Таццяна аўдавела... Наперад!

Дружбакі паслухалі яго — схадзілі ў «разведку». І вярнуліся ні з чым, бо жанчыны ведалі гэтых выпівох як аблупленых: не захацелі такога «шчасця».

— Вось каб не ведалі... Мы б, можа, з імі па-новаму зажылі, — памарылі ўдаўцы ў доме Цюльпана.

Той задумаўся і прынёс з каморкі цэлы стос газет:

— Чытайце, — сказаў. — Тут шлюбныя аб'явы.

— Што — у кожным нумары? — здзівіўся Міхась. — Дык гэта ж колькі ў нас адзінокіх?

— І ёсць такія прывабныя! — загарэліся вочы ў Васіля, як трохі пачытаў.

— Ага... Яны прывабныя — для цябе, — заўважыў Цюльпан. — А ты для іх? Ну вось паглядзі: шукаюць жаніхоў з кватэрамі, з машынамі, без шкодных звычак і розных праблем. Гэта ж не пра вас? Так што і вы шукайце каго з прасцейшых. А потым тэлефануйце ды з богам, як той казаў!

...Праз нейкі тыдзень Міхася з Васілём стала не пазнаць: акуратна пастрыжаныя, па модзе прыбраныя (дарэчы прыйшліся мяхі з адзеннем, што сыны прывезлі Цюльпану), яны збіраліся ў дарогу.

Было гэта ранняй вясной, і з таго часу, з'ехаўшы, ні адзін, ні другі ў вёску не вярнуліся.

Званілі, праўда, абодва. Казалі, што пашчасціла ім з жанчынамі, што ў іх і зімаваць застануцца.

— Во што значыць рэклама! — дзівіўся Іван. — Нават такія «ацяробкі» даспадобы прыйшліся! Дык, можа, і мне каго пашукаць?

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


На сваіх памылках

Адзінота — як навала...

Шмат каго яна дастала.

І таму

— часцей кабеты —

Шлюць аб'явы ў газеты.

Зоська ўсё там указала:

Рост,

узрост,

сваю вагу.

Для цікаўных прыпісала,

Што ўсё-ўсё, маўляў, магу:

Ма́ю хату, гаспадарку,

Малачко сваё і скварку,

Ёсць грыбочкі, агурочкі,

Нават дроў на два гадочкі...

І праз тыдзень

на падворак

Жаніхі...

Ажно чацвёра:

З Пінска, Мінска, Гродна, Горак.

(Ну што многа, то не гора).

Мінскі — страшненькі, патлаты,

Пінскі —- жах які насаты

І нягеглы з Горак, трэці:

Аж яго хістае вецер.

А чацвёрты, божа ж мой,

Зух-мужчына!

Сніўся ёй!

Гаспадыня кліча ў хату,

Дзе даўно ўсяго багата...

Зух зайшоў не абы-як —

Сходу выставіў каньяк.

Ну і Зося свой графін —

Самагонкі з журавін

(Падвучыла цётка Верка,

Каб наладзіла праверку...).

Ну, калі такое дзела,

Хата мігам загудзела.

Зух у Зоські за сталом

Стаў амаль гаспадаром:

На ўсіх зверху пазірае,

Чаркі «хлопцам» напаўняе...

Першым звіўся той патлаты

(Ён быў загадзя паддаты).

Ціха,

сам,

сышоў нягеглы

(Мусіць, слабенькія нервы?).

Пінскі ж

смаліць папяросы

Без упынку

ды без спросу:

Гаспадыні ажно млосна...

З-за стала пагнала злосна.

Засталіся ў хаце ўдвух

Зосечка ды мілы друг...

Цалаваліся адчайна.

Што далей?

Хай будзе тайнай.

...Тыдзень госцік той кайфуе,

Есць ды п'е ў сваю ахвоту,

Толькі ж яўна не мяркуе

Разам брацца за работу.

Падкі хіба да інтыму...

Ды і ў гэткую часіну

Усё выпытвае, харошы:

Дзе ляжаць у хаце... грошы?

І валюту хоць патрохі,

Ды выманьвае з «панчохі»...

Ад чаго ў жанчыны —

страх

(Не зусім жа знесла дах?):

Ёй не хочацца бясконца

У сябе трымаць альфонса.

...Факт, што ўсё ў нашай Зосі

Яшчэ добра абышлося.

Хоць

пасля такой праявы

Зараклася слаць аб'явы.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж чарговае і шчырае: «Пішыце», бо ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.