Вы тут

У Цюмені — талака


Каштоўны досвед яднання беларускіх суполак на карысць агульнай справы маюць супляменнікі ў Заходняй Сібіры

У цэнтры — Ганаровы генконсул Беларусі ў Цюмені Уладзімір Шугля, злева — старшыня навуковага камітэта кангрэса Вадзім Кузняцоў з лекарамі-кардыёлагамі з беларускай дэлегацыі на Форуме

У беларускіх вёсках па гэты час жыве талака — як спрадвечная традыцыя разам рабіць цяжкую працу: будаваць хату, капаць бульбу, нарыхтоўваць сена… І ў святы продкі нашыя былі разам. Падобныя звычаі беларусы-самаходы захавалі ў Сібіры, дзе суровыя ўмовы жыцця патрабуюць супольных дзеянняў. Цяпер жа ёсць у нас і ў горадзе такая талака: некалькі грамадскіх суполак паядноўваюць намаганні, каб на высокім узроўні правесці значныя імпрэзы — каб усё прайшло як мае быць, душу грэла. Да таго ж не лішнім бывае й добры прыклад іншым паказаць.

Як правіла, часта ў супрацы найстарэйшая Цюменьская абласная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурнае таварыства «Аўтаномія Беларусь»” (ёй цяпер кіруе Марыя Піскун), аддзел беларускай культуры Дома нацыянальных культур “Строитель” на чале з Юліяй Чарапанавай. Далучаецца да талакі нядаўна створаная Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Цюменьскай вобласці” (выканаўчы дырэктар Сяргей Сцяцкевіч). Актыўна падключаюцца да розных праектаў Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюмені Уладзімір Шугля і начальнік аддзела Камітэта па справах нацыянальнасцяў абласной дзяржадміністрацыі Сяргей Яфімчык.

А цяпер — канкрэтныя прыклады такой супрацы.

У маі, напярэдадні Дня Перамогі, актывісты дыяспары Клаўдзія Зуева, Сяргей Сцяцкевіч і Таццяна Мецелева наведалі дома беларусаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў канцлагераў, працаўнікоў тылу. Праходзіла патрыятычная акцыя “Ветэраны жывуць побач” — іх віншавалі са святам, уручалі падарункі, слухалі, запісвалі ўспаміны пра ваенную пару. Ніхто не быў забыты: спісы ветэранаў ёсць у нас, як і тых, хто 75 гадоў таму вызваляў Беларусь. Лашчыла слых валанцёраў, калі трапляліся беларускія слоўцы ў гаворцы Соф’і Пятроўны Саковіч, Алены Дзмітраўны Лебедзевай, Ганны Паўлаўны Башарымавай. Хвалюючай атрымалася сустрэча з Сяргеем Сцяпанавічам Кочкіным: сібірак, якому ўжо 102 гады, аказваецца, вызваляў Мінск у 1944‑м! Ён успамінаў родную нашу Беларусь, з цяжкасцю стрымліваючы хваляванне. Бо зямля беларуская тады вызваліцелям нагадвала выпаленае поле. Ветэран гаварыў стоячы, не прысеў нават. На сустрэчы быў і памочнік консула Аляксей Уладзіміравіч Шугля.

А 9 Мая ладзілі мы святочны канцэрт з удзелам запрошаных калектываў і мастацкіх ансамбляў дыяспары. Быў арганізаваны транспарт: прывозілі ветэранаў на канцэрт. Для гасцей працавала выстава-дэгустацыя страў нацыянальнай кухні. Каб лепш пазнаёміць іх з традыцыямі, паказаць адметную культуру беларусаў, мы распавялі пра самыя папулярныя стравы беларускай кухні, да таго ж далі магчымасць іх прадэгуставаць. Каштоўны досвед!

Напрыканцы мая ў Цюмені праходзіў X Міжнародны кангрэс “Кардыялогія на скрыжаванні навук”, у якім бралі ўдзел і вядучыя вучоныя Беларусі. Важнай падзеяй форуму сталі Дні беларускай кардыялогіі, якія прайшлі ўпершыню. На пленарным пасяджэнні выступаў акадэмік, доктар навук, прафесар Юры Астроўскі, які выконваў першыя трансплантацыі сэрца ў Беларусі. З беларускімі вучонымі сустракаўся консул Уладзімір Шугля. Ён гаварыў пра вялікую ролю медыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Былі на сустрэчы кіраўнікі беларускіх суполак, а гурты “Спадчына” і “Лянок” душэўна праспявалі для гасцей беларускую “Лявоніху”, і не толькі. Уладзімір Шугля на сустрэчы казаў пра архіепіскапа-хірурга Свяціцеля Луку Война-Ясянецкага, які выратаваў жыцці тысячам салдат. (Дарэчы, родавыя карані ў святога — беларускія: з вёскі Ясянец, якая цяпер у Баранавіцкім раёне, на Брэстчыне. — Рэд.). Уладзімір Фёдаравіч прыводзіў мудрыя разважанні архіепіскапа-хірурга: “Тры рэчы вызначаюць чалавека: праца, сумленнасць, дасягненні. Тры рэчы ў жыцці ніколі не надзейныя: улада, вязенне, дабрабыт. Тры рэчы ў жыцці найбольш каштоўныя: любоў, перакананні, здароўе”.

12 чэрвеня, у Дзень Расіі, беларусы вобласці паўдзельнічалі ў абласным фестывалі “Мост дружбы”. Як заўжды, зладзілі наш падворак, частавалі гасцей традыцыйнымі беларускімі стравамі, спявалі народныя песні, вадзілі карагоды. Фестываль штогод праходзіць у цэнтры Цюмені, на Цвятным бульвары. Губернатар з камандай паплечнікаў, кіраўнікамі дыяспар наведваюць падворкі, ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных культур, пагаварыць па-свойску, зрабіць фота на памяць. На фестываль прыехалі: з райцэнтра Вікулава — народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Вячоркі”, з сяла Дзясятава Ішымскага раёна — народны гурт “Жывіца”, з Новобярозаўкі Арамашаўскага раёна — вакальны ансамбль “Бярозка”. Былі й цюменьцы: народны ансамбль беларускай песні “Лянок”, народны маладзёжны ансамбль “Палессе”, сямейны вакальны ансамбль “Спадчына”. Выставу работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці прадставілі Наталля Габрусь і Валянціна Красікава. Майстар-клас па пляценні давала Марыя Падкарытава, і быў яшчэ майстар-клас “Танцуем польку беларускую” ад Клаўдзіі Зуевай ды акампаніятара Аляксандра Вахнічава. Усе калектывы паўдзельнічалі ў заключным святочным канцэрце: гучалі там песні на розных мовах.

У ліпені, вядома ж, адзначалі мы 75‑годдзе Вызвалення Беларусі, Дзень Незалежнасці. Урачыстасць ладзілі ў ДНК “Строитель”. Поўная зала! І — атмасфера вялікай роднасці, шчырасці, душэўнай цёплыні. Са слязамі на вачах, з заміраннем сэрца. Дэпутаты абласной думы, прадстаўнікі адміністрацыі, ветэраны віншавалі беларусаў з вялікім святам. Віктар Рэйн ад імя абласнога дэпутацкага корпуса падкрэсліў, што гэтае свята — “скрэпа між нашымі краінамі”, што беларусы — “сябры з асобаю пробаю” ды падзякаваў беларусам, што мы ёсць на зямлі Цюменьскай. Мікалай Сапега зачытаў віншаванне консула Уладзіміра Шуглі. Лётчык грамадзянскай авіяцыі, Герой Расіі, падпалкоўнік ВПС у адстаўцы Уладзімір Шарпатаў даў наказ: “Ніколі не забывайце пра вайну!”. На сцэне былі сцягі дзвюх дзяржаў, дэманстраваліся кадры кінахронікі. Кранальна пачалі ўрачыстасць Таццяна Мецелева і Сяргей Сцяцкевіч — і настроілі ўсіх на праяву шчырых патрыятычных пачуццяў.

Канцэртная праграма была, як заўсёды, разнастайнай, кранальнай, сугучнай тэме. Тры сівыя былыя сувораўцы, цяпер палкоўнікі ў запасе, выканалі песню “Апошні бой”. Яны ўспаміналі пасляваенны Мінск, гаварылі, што радасць за Перамогу будзе вечнай. Разам з любімымі ансамблямі “Спадчына”, “Лянок”, “Палессе” з’явіліся на святочнай сцэне новыя ўдзельнікі: дзеці, дзіцячыя гурты. Вучань школы-студыі музычнай творчасці “ІMAGESE” Захар Вікулаў, напрыклад, упершыню выступаў перад шматлікай аўдыторыяй. Атрымалася кранальна, пранікліва, і гледачы адгукнуліся бурнымі авацыямі. Пераемнасць пакаленняў адбылася. Ветэран вайны, беларус Павел Васілевіч Нікіцін, у кіцелі з шматлікімі медалямі, звярнуўся да ўсіх з пажаданнем: беражыце мір, абараняйце Радзіму!

А 6 ліпеня беларусы святкавалі Дзень Івана Купалы (так называюць свята ў Сібіры) ў глыбінцы: з супляменнікамі з сяла Навалокці — гэта Ішымскі раён. Дождж, праўда, не пускаў на вуліцу, але сцэнар свята быў складзены так умела й цікава, што ў сельскім Цэнтры культуры й вольнага часу прайшло “купанне”, конкурс русалак, і нават праз “вогнішча” скакалі. Усяляк стваралася атмасфера магічнай Купальскай ночы. Былі вянкі, карагоды, загадвалі жаданні, гулялі ў Купальскія гульні, спявалі беларускія песні… Сяльчане актыўна далучыліся да свята, знаёміліся з даўнімі беларускімі традыцыямі, што вельмі важна: сяло заснавалі беларусы-самаходы. Падтрымлівалі “агонь” Таццяна Мецелева (вядучая, рэжысёр, сцэнарыст), Марыя Піскун і гурт “Лянок”. Яго кіраўніца Клаўдзія Зуева падарыла навалокцеўцам запісаны гуртом кампакт-дыск з беларускімі песнямі, томік вершаў Уладзіміра Шуглі. Цюменьцы стварылі чароўную канцэртна-гульнявую праграму з удзелам і салістаў “Лянка”, і дуэтаў: спявалі Марыя і Мікалай Піскуны (а потым было і трыа з іх унучкай Машай), Святлана і Сяргей Яфімчыкі, Таццяна Мецелева і Сяргей Сцяцкевіч. Спявалі сола Аляксандр Вахнічаў, Алена Гардубей, Святлана Фёдарава — і яна ж у адной сцэнцы выконвала ролю Вадзяніка.

Варта згадаць: 6 чэрвеня было й 153‑годдзе ўтварэння беларускай вёскі Навалокці. Ёсць надзея, што там утворыцца беларуская грамадская суполка і ўвойдзе ў склад абласной аўтаноміі. Актывісты з Цюмені гатовыя дапамагчы энтузіястам, а талентаў у вёсцы хапае. Знаходзяць беларусы адзін аднаго!

Напрыканцы ліпеня Цюмень адзначала Дзень горада, якому споўнілася 433 гады. Беларускія калектывы ўдзельнічалі ў гэтым свяце. Рыхтуюцца цяпер упершыню правесці свята Багач, якое па абрадах нагадвае беларускія Дажынкі. Задумы пакуль у сакрэце. Але мы не сумняваемся: калі працаваць дружнаю талакою, як і належыць беларусам, то ўсё пройдзе як мае быць.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.