Вы тут

Як выратаваць унікальную сельву?


Да маштабных пажараў, якія ўжо больш за месяц палаюць у трапічных лясах басейна Амазонкі, без перабольшвання прыкаваная ўвага ўсяго свету. Глабальнае бедства «cтала дадатковым стрэсам для клімату і прыроднага асяроддзя Зямлі пасля чэрвеньскіх і ліпеньскіх пажараў у Арктыцы», адзначыла днямі Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА). Як падлічылі эксперты, за першыя 25 дзён жніўня ў атмасферу трапіла 255 мільёнаў тон двухвокісу вугляроду. СМА спасылаецца на звесткі службы Еўрасаюза па назіранні за атмасферай «Капернік» (CAMS). За гэты час у Амазоніі было зарэгістравана амаль чатыры тысячы пажараў, якія таксама прывялі да выкіду ў атмасферу такіх таксічных газаў, як вокіс азоту і неметанавыя арганічныя злучэнні. Метэаролагі звяртаюць увагу на прамую пагрозу, якую агонь і падобныя выкіды ўяўляюць для карэннага насельніцтва рэгіёна. «Пажары ў Амазоніі сталі працягам за беспрэцэдэнтных чэрвеньскіх і ліпеньскіх пажараў у Сібіры і ў раёнах Арктыкі, Грэнландыі і Аляскі», — нагадала СМА. Што ж адбываецца ва ўнікальнай паўднёваамерыканскай сельве?


Попельныя дажджы

Амазонская сельва — самы буйны ў свеце трапічны лес. Яна размешчана на шырокай, амаль плоскай раўніне, якая ахоплівае амаль увесь басейн ракі. Межы сельвы выразна акрэслены ўсходнім падножжам Андаў, а таксама схіламі Бразільскага і Гвіянскага нагор'яў. Грандыёзная «зялёнка» займае 5,5 мільёна квадратных кіламетраў — палову агульнай плошчы такіх лясоў на планеце. Яна знаходзіцца на тэрыторыі дзевяці дзяржаў — Бразіліі (найвялікшы кавалак), Перу, Калумбіі, Венесуэлы, Эквадора, Балівіі, Гаяны, Сурынама, Французскай Гвіяны.

Амазонская сельва вылучаецца найбольшай біялагічнай разнастайнасцю на планеце. Гэта прыблізна 40 тысяч відаў раслін, у тым ліку 16 тысяч відаў дрэў, 3 тысячы відаў рыб, амаль 2 тысячы відаў птушак, больш за тысячу відаў млекакормячых, земнаводных і паўзуноў і амаль 130 тысяч відаў розных беспазваночных. Пры гэтым трапічныя лясы басейна Амазонкі з'яўляюцца найбуйнейшай у свеце экасістэмай падобнага тыпу. Тут сканцэнтравана пятая частка запасаў прэснай вады на Зямлі. Лес служыць важным паглынальнікам вугляроду, бо забірае вуглякіслы газ і дапамагае ўтрымліваць рост глабальнай тэмпературы.

Лясы Амазонкі насяляюць каля пяцідзесяці розных плямёнаў. Цяжка ўявіць, але многія з іх жывуць практычна ў поўнай ізаляцыі ад сучаснай цывілізацыі. У іх няма пісьменства, яны захавалі самабытны жыццёвы ўклад продкаў і здабываюць ежу за кошт рыбалкі і палявання. Гэтыя дзікія індзейскія плямёны ў джунглях Амазонкі адрозніваюцца адно ад аднаго не толькі вонкава, яны гавораць на розных мовах, у кожнага свая культура, абрады, адзенне і прычоскі. Згодна з бразільскай канстытуцыяй 1988 года, усе землі старажытных продкаў сучасных індзейцаў павінны былі перадаць родам на працягу пяцігодкі, але гэты працэс дасюль яшчэ не завяршыўся.

У 1980—1990-х гадах плошча лясоў Амазонкі пачала паступова скарачацца, таму што фермеры, шахцёры і лесанарыхтоўшчыкі расчышчалі ўчасткі зямлі для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, гадоўлі жывёлы ці продажу драўніны. Гэта быў спосаб зарабіць грошы ў рэгіёне з высокім узроўнем беспрацоўя. «Якая схема? Вы прысвойваеце зямлю і прадаяце яе. Зямля даражэе ў 50, 100, 200 разоў, калі на ёй высечаны лес. Гэта выдатны бізнес. Вы прадаяце дзяржаўную зямлю, дакладна, так што гэта — чысты прыбытак», — адзначыў прафесар Федэральнага ўніверсітэта штата Пара Маурысіа Торэс.

Але паколькі ў Бразіліі ў 1980-х гадах была створана шырокая сетка нацыянальных запаведнікаў і тэрыторый карэнных народаў, стала складана прысвойваць зямлю. У 2000-х гадах, калі аб'ёмы высечак узраслі, урад прыступіў да ажыццяўлення амбіцыйнага плана па запаволенні тэмпаў знішчэння трапічных лясоў. Але гэтыя намаганні, якія ў значнай ступені абапіраліся на агрэсіўныя аперацыі праваахоўных органаў, з часам страцілі сваю папулярнасць. Праблемы ў эканоміцы павялі тысячы беспрацоўных углыб лесу.

Бразільская эканоміка традыцыйна арыентавана на экспарт прыродных рэсурсаў — нафты, руды, збожжа, гародніны, садавіны і мяса, у першую чаргу знакамітай бразільскай ялавічыны. У гэтай сувязі Жаір Балсанару, як і яго папярэднік Мішэль Тэмер, а да іх прэзідэнты-«левыя» Луіс Інасіу Лула да Сілва і Дылма Русеф, кожны ў свой час, шмат казалі пра неабходнасць «разумнага індустрыяльна-аграрнага развіцця Амазоніі». У выніку ўсё абярнулася бескантрольным знішчэннем джунгляў — дзеля палеткаў для вырошчвання маслічных культур і соі, пашы для жывёлы і бурэння свідравін.

Падчас выбарчай кампаніі і пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта Балсанару казаў, што абарона трапічных лясоў цяжарам ляжыць на эканоміцы Бразіліі і тармозіць яе развіццё. Найбольшы працэнт галасоў, якія прынеслі яму перамогу на леташніх выбарах, ён атрымаў якраз у трох галоўных «лясных» штатах — Амазонас, Мату-Гросу і Мату-Грос-ду-Сул, дзе ідзе знішчэнне сельвы і развіццё агракультурнага бізнесу. Тут сельскагаспадарчыя фермы і прадпрыемствы наступаюць на амазонскія джунглі, а іх уладальнікі і работнікі знішчаюць унікальны раслінны і жывельны свет і асяроддзе пражывання архаічных індзейскіх абшчын, якія жылі там тысячы гадоў.

Капітан Бензапіла

Сёлета са студзеня да жніўня згарэла больш чым 1,8 мільёна гектараў амазонскай сельвы, прытым толькі ў сакавіку агонь знішчыў каля 500 тысяч гектараў лясоў, паведаміў на гэтым тыдні бразільскі Нацыянальны інстытут касмічных даследаванняў. Відэа і фота таго, што адбываецца ў Амазоніі, жудасныя. Высечка лясоў пад пашы і палеткі прывяла да татальнага «высыхання» рэгіёна. Але асноўнай прычынай катастрафічных вогненных валаў, якія бязлітасна выпальваюць вялізныя лясныя масівы на тэрыторыі Бразіліі, а таксама ўжо і Балівіі, Перу, Эквадора, Гаяны, Сурынама, Венесуэлы, сталі наўмысныя падпалы — для расчысткі тэрыторыі, якая прыносіць даход. Буйныя гарады рэгіёна зацягнутыя заслонай густога дыму, тут цёмна, як уначы. Прайшлі чорныя дажджы — вада змяшалася з попелам.

Прэзідэнт Балсанару скептычна ставіцца да пытанняў захавання навакольнага асяроддзя. У ліпені Нацыянальны інстытут касмічных даследаванняў апублікаваў справаздачу, у якой гаворыцца, што за год тэмпы знішчэння лясоў Амазонкі павялічыліся на 88 працэнтаў. Аднак прэзідэнт публічна паставіў пад сумнеў высновы, якія змяшчаюцца ў гэтай справаздачы. «Калі б лес і на самай справе высякалі з такой хуткасцю, то ад яго ўжо нічога не засталося б», — заявіў ён на мінулым тыдні групе міжнародных журналістаў. Балсанару некалькі разоў каментаваў лясныя пажары і абвінавачванні ў свой адрас. «Раней я быў Капітанам Бензапілой. Цяпер я Нерон, які спальвае лес Амазонкі», — іранізаваў ён у адказ на пытанне аб прэтэнзіях эколагаў. Маштабныя вогнішчы, растлумачыў ён, разгарэліся таму, што ў фермераў пачаўся сезон выпальвання лясоў.

На мінулым тыдні, напярэдадні саміту «Вялікай сямёркі» ў Біярыцы, французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон заклікаў сусветных лідараў абмеркаваць «надзвычайную сітуацыю» з пажарамі ў Амазоніі. «Наш дом гарыць. Літаральна. Дажджавыя лясы Амазоніі — лёгкія, якія вырабляюць 20 працэнтаў кіслароду на нашай планеце — ахоплены агнём. Гэта міжнародны крызіс», — напісаў Макрон. Адказ Жаіра Балсанару быў імгненны. На яго думку, прапанова Макрона — пачаць абмяркоўваць тое, што адбываецца ў Амазоніі, на сустрэчы лідараў сямі вядучых дзяржаў заходняга свету — з'яўляецца прыкладам «каланіяльнага ладу мыслення». Балсанару таксама адказаў, як цяпер стала модна, у сваім «Твітары»: «Мне шкада, што Макрон спрабуе атрымаць палітычную выгаду за кошт унутраных спраў Бразіліі і іншых краін Амазоніі».

Францыя і Германія заявілі, што не ратыфікуюць гандлёвае пагадненне паміж Еўрасаюзам і краінамі Паўднёвай Амерыкі, пакуль Бразілія не распачне актыўных намаганняў для барацьбы з ляснымі пажарамі ў басейне Амазонкі. Як вядома, у канцы чэрвеня ЕС і краіны Меркасур (аб'яднаны рынак Аргенціны, Бразіліі, Уругвая і Парагвая) пасля перамоў, якія доўжыліся больш за 20 гадоў, заключылі пагадненне аб свабодным гандлі. Для ЕС гэта найбуйнейшае ў яго гісторыі гандлёвае пагадненне, якое адкрывае еўрапейскаму бізнесу дзверы на рынак чатырох краін Паўднёвай Амерыкі з сумарным насельніцтвам 260 мільёнаў чалавек. Для таго каб дагавор набыў сілу, яго павінны ратыфікаваць парламенты кожнай краіны-ўдзельніцы.

У чаканні залевы

У сацсетках актыўна заклікаюць патушыць пажары ў сельве. Хэштэг #PrayforAmazonіa (#МалісяЗаАмазонію) надзвычай папулярны. У той жа дзень, што і Макрон, падобны твіт напісаў амерыканскі астранаўт Скот Кэлі: «Я заўважыў розніцу ў Амазоніі паміж сваім першым палётам у 1999 годзе і апошнім, у 2016». Менш лесу, больш падпаленых палеткаў. Дажджавыя лясы Амазоніі вырабляюць больш за 20 працэнтаў сусветнага кіслароду. Нам патрэбны кісларод, каб выжыць!»

У адказ на гэтыя і іншыя падобныя заявы прафесар Універсітэта Каларада Скот Дэнінг апублікаваў артыкул на сайце The Conversatіon, які так і называецца: «Пажары ў Амазоніі пагібельныя, але яны не спусташаюць запасы кіслароду на Зямлі», перадае Бі-бі-сі. «Часта паўтараюцца сцвярджэнні пра тое, што дажджавыя лясы Амазоніі вырабляюць 20 працэнтаў кіслароду нашай планеты. Яны заснаваныя на непаразуменні, — падкрэслівае прафесар. — Насамрэч, практычна ўвесь кісларод, якім мы дыхаем, вырабляюць акіяны — і яго хопіць на мільёны гадоў».

«Ёсць шмат прычын прыйсці ў жах ад сёлетніх пажараў у Амазоніі, але магчымае змяншэнне запасаў кіслароду на Зямлі — дакладна не адна з іх», — запэўнівае ён. Далей прафесар Дэнінг даволі падрабязна тлумачыць, як менавіта адбываецца кругазварот кіслароду ў прыродзе. Сутнасць яго тлумачэнняў зводзіцца да таго, што дрэвы і іншыя наземныя расліны сапраўды выпрацоўваюць даволі шмат гэтага газу за кошт фотасінтэзу — і прыкладна траціна яго ўтвараецца ў трапічных лясах, найбуйнейшая колькасць якіх сапраўды знаходзіцца ў басейне Амазонкі. Аднак практычна ўвесь сінтэзаваны раслінамі кісларод паглынаюць арганізмы (пераважна бактэрыі), якія жывуць у тых жа лясах і ў пэўнай ступені пажары, так што «чыстая вытворчасць кіслароду за кошт лясоў, і нават усіх наземных раслін у цэлым, вельмі блізкая да нуля». Той газ, якім мы дыхаем, вырабляе ў асноўным багавінне на паверхні Сусветнага акіяна, а яго рэшткі спажываюць ужо акіянскія бактэрыі і іншыя арганізмы.

У цэлым розніца «штогадовага балансу» паміж вытворчасцю і паглынаннем кіслароду на Зямлі складае тысячныя, калі не мільённыя долі працэнта, тлумачыць вучоны. Аднак гэтага дастаткова, каб за мільёны гадоў існавання жыцця на планеце назапасілася велізарная колькасць свабоднага кіслароду (яго ў атмасферы больш за 20 %), ад якога залежыць усё жывое. «Нават калі ўся арганічная матэрыя на Зямлі згарыць, на гэта пойдзе менш за 1 % сусветных запасаў кіслароду», — запэўнівае Денінг і заклікае чытачоў дыхаць на поўныя грудзі. «Нават рэзкі рост колькасці лясных пажараў зменіць кіслародны баланс гэтак нязначна, што гэтыя змены будзе цяжка вымераць. У паветры дастаткова кіслароду, каб яго хапіла на мільёны гадоў, і гэтая колькасць вызначаецца хутчэй геалогіяй, чым тым, як выкарыстоўваюцца зямельныя рэсурсы», — заключае ён.

Безумоўна, усе гэтыя кампетэнтныя выкладкі не змяншаюць апасенняў наконт лёсу ўнікальнага лесу Амазонкі. А перспектывы, мякка кажучы, зусім не радасныя. «Калі тэмпы знішчэння лясоў ва ўсёй Амазоніі, якія мы бачым сёння, захаваюцца, пераломны момант для ператварэння іх у савану можа надысці ўжо на працягу 20-30 гадоў», — заявіў РІА «Навіны» бразільскі навуковец Карлас Нобрэ. Што да сёлетняй сітуацыі, то, як сцвярджаюць эксперты, вялікія пажары патушыць толькі працяглая залева. Канчаткова перамагчы агонь змогуць інтэнсіўныя ападкі, у той час як кароткатэрміновыя проста выпарацца. Сезон дажджоў у Амазоніі звычайна пачынаецца ў канцы верасня, і неабходна некалькі тыдняў, каб «вадзяны перыяд» перайшоў да актыўнай фазы. Па прагнозах, залевы не накрыюць усе падпаленыя раёны — некаторыя з іх, у прыватнасці на ўсходзе, застануцца сухія. Як перакананы эксперты, ападкі закрануць усе праблемныя ўчасткі лесу толькі ў кастрычніку. Такі вось расклад.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Амазонія ў агні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.