Сусветна вядомы падарожнік будзе спрыяць «пацяпленню адносін паміж народамі».
«Пасол міру, падарожнік, журналіст, унікальная з'ява сучаснасці» — так пісьменнік Валерый Казакоў прадставіў публіцы, якая сабралася ў кнігарні «Светач», свайго сябра Яцэка Палкевіча. Славуты італа-польскі рэпарцёр-даследчык, член Рускага геаграфічнага таварыства і Каралеўскага геаграфічнага таварыства ў Лондане прыбыў у нашу краіну на пяць дзён. У насычанай праграме візіту — удзел у Дні беларускага пісьменства ў Слоніме.
Там пан Яцэк прадставіць чытачам сваю кнігу «Па бездаражы свету». Сфера інтарэсаў Палкевіча-вандроўніка — далёкія экзатычныя краіны. А ў Беларусі ён другі раз. Першы візіт быў вельмі кароткі: прыляцеў, прачытаў лекцыю і зноў на самалёт. Цяпер жа ён плануе лепш пазнаёміцца з нашай краінай. «Вельмі рады запрашэнню ў Беларусь, таму што мая мама ў 30-я гады мінулага стагоддзя вучылася ў Гродне ў каледжы. Мне будзе цікава ўбачыць гэты горад, — сказаў Яцэк Палкевіч. — А бацькі жылі за 30 кіламетраў ад сучаснай польска-беларускай граніцы».
Яцэк Палкевіч з'яўляецца аўтарам больш чым 30 кніг, якія перакладзены на сотні моў народаў свету. Яго вопыт журналіста, падарожніка ды проста чалавека, які ўмее сябраваць, знайсці выхад са складанай сітуацыі, унікальны. «Мы прывыклі думаць, што геніі — гэта класікі, а на самай справе геній той, хто жыве побач», — рэзюмаваў пісьменнік Валерый Казакоў. А Яцэк Палкевіч гатовы дзяліцца сваім вопытам, таму выступіць з лекцыямі перад студэнтамі Гродзенскага ўніверсітэта і БДУ. І паверце, гэта будзе не сумна!
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.