Вы тут

Юным сувораўцам уручылі пагоны


Сёння ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы адбылася цырымонія пасвячэння. Праз яе ў Дзень ведаў прайшлі 73 новаспечаныя першакурснікі. Яны атрымалі алыя пагоны з рук колішніх навучэнцаў — усё згодна з даўняй традыцыяй. 


— Пагоны ўручаюць генералы — міністр абароны Андрэй Раўкоў, намеснік міністра абароны Сяргей Патапенка і іншыя колішнія выпускнікі Сувораўскага вучылішча, якія дамагліся значных прафесійных вышынь, — расказвае начальнік навучальнай установы генерал-маёр Аляксандр Навуменка. — Першыя пагоны юным сувораўцам прышываюць навучэнцы выпускнога курсу. Тым самым яны дэманструюць узаемадапамогу.

У бліжэйшы час іх чакае асваенне па агульнаадукацыйнай праграмы. Але акцэнт будзе рабіцца на спецыяльную падрыхтоўку. Вялікую ўвагу нададуць стралковай падрыхтоўцы, плаванню. Адкрыўся і новы спартыўны гарадок. 

Акрамя таго, з гэтага года сувораўцы змогуць наведваць Мінскі палац дзяцей і моладзі, каб мець такія ж магчымасці для ўсебаковага развіцця, як і іх равеснікі, якія вучацца ў звычайных школах. Мяркуецца, што яны будуць наведваць заняткі па робататэхніцы, авіямадэляванні, шахматах. Гэта дазволіць рыхтаваць сувораўцаў да ўдзелу ў міжнародных конкурсах, якія праходзяць у Расіі на базе тамтэйшых кадэцкіх і сувораўскіх вучылішчаў.

— Гэты дзень вам запомніцца на ўсё жыццё, — сказаў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.То — пачатак жыцця, станаўлення вас як мужчын, якое прывядзе вас да вышынь. Вы мусіце дакладна памятаць, што вучыцца заўжды цяжка. Напрыканцы гэтага шляху вы зробіце выбар — або і надалей звязваць сваё жыццё з арміяй, або стаць грамадзянскім спецыялістам. Але ў любым разе, вам тут дадуць адукацыю, якая адкрые перад вамі ўсе дарогі. 

Арцёму Жукаву споўнілася 12 год. Хлопчык выглядае развітым не па гадах. І нягледзячы на хвалявальны момант, трымаецца вельмі годна. 

— Я сам родам з Мінска. У Сувораўскае вучылішча вырашыў паступаць, калі ўпершыню ўбачыў рэкламу. Пасля схадзіў на дзень адчыненых дзвярэй. І мне вельмі спадабалася! Мой бацька і дзед — лётчыкі, служылі ў паветрана-дэсантных войсках. Пра армейскае жыццё ведаю з маленства. Конкурс сёлета быў вялікі — восем чалавек на месца! Але падчас здачы іспытаў я не напружваўся. Трэба было прайсці праз выпрабаванні па беларускай і рускай мовах, матэматыцы і фізкультуры. Па ёй мы здавалі бег на паўтара кіламетры, шэсцьдзесят метраў і падцягванне. Тут мы ўжо знаходзімся тыдзень. За гэты час мяне навучылі прышываць падкаўнерык, крыху асвоіўся і са страявой падрыхтоўкай. 

Пасля ўручэння пагон у сувораўцаў наступіў вольны час. Але ён непрацяглы — ужо а 19-й яны мусяць знаходзяцца ў падраздзяленнях. Наперадзе ў іх доўгія гады вучобы. Дык пажадаем ім удачы! 

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.