Кніжныя падарункі да 75‑годдзя Вялікай Перамогі рыхтуюць беларускія выдаўцы
Сёлета мы адзначылі 75‑годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наперадзе — 75‑годдзе Вялікай Перамогі. Кніжныя падарункі да гэтай даты рыхтуюць і выдаўцы. Адзін з іх толькі прыйшоў да чытача. Мінскае выдавецтва “Мастацкая літаратура” пры спрыянні Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі выдала кнігу народнага паэта Башкартастана Мустая Карыма “Доўгае-доўгае дзяцінства”.
Паэт, празаік, перакладчык, драматург, публіцыст… Мустай Карым быў добра знаёмы з пакаленнем беларускіх пісьменнікаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, з літаратарамі, якія плённа працавалі ў беларускім прыгожым пісьменстве другой паловы XX стагоддзя. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры й мастацтва захоўваюцца здымкі Мустая Карыма з Сяргеем Грахоўскім, Еўдакіяй Лось, іншымі беларускімі паэтамі, з якімі ён сустракаўся на прасторах Расіі, Савецкага Саюза.
У кастрычніку 2019 года будзем адзначаць 100‑годдзе Мустая Карыма: лаўрэта Ленінскай прэміі, лаўрэата Дзяржпрэміі СССР, Героя Сацыялістычнай Працы. Па выніках конкурса “Вялікія імёны Расіі” міжнародны аэрапорт Уфы атрымаў імя народнага паэта Мустая Карыма. У розных гарадах яго імем названы вуліцы, усталяваны помнікі ў гонар знакамітага башкартастанца.
У кнігу, сабраную ў Мінску, увайшла аповесць “Доўгае-доўгае дзяцінства” (за гэты твор пісьменнік быў адзначаны Ленінскай прэміяй), нарысы, інтэрв’ю, якія паказваюць повязі класіка адной з нацыянальных літаратур Расіі з Беларуссю ды іншымі куткамі постсавецкай прасторы. Развагамі пра творчасць старэйшага таварыша дзеліцца ў зборніку народны паэт Кабардзіна-Балкарыі Саліх Гуртуеў. Пра юбіляра ў эмацыйным, трапяткім эсэ расказвае башкірская паэтэса Зульфія Хананава — “Наш Мустай Карым”. Наш, свой башкірскі паэт-класік і для народнага паэта Чувашыі Валеры Тургая. У кнізе ёсць яго інтэрв’ю “Народ жывы, пакуль памятае сваіх паэтаў”, якое чувашскі творца ўзяў у свайго паплечніка шмат гадоў назад. З тэкстаў, што згаданыя, з твораў Мустая Карыма бачна, як сардэчна, душэўна ладзіць ён свае стасункі з людзьмі. Тонкі лірык, хоць і прайшоў праз ваеннае пекла, ды ва ўсіх сваіх творах заставаўся грамадзянінам высокага гарту, патрыётам Айчыны й свайго народа.
Тое, што кніга Мустая Карыма й адначасова кніга пра Мустая Карыма выйшла ў Мінску, зусім не выпадкова. У “Мастацкай літаратуры” значная ўвага надаецца нацыянальным літаратурам Расіі. Як сведчанне — і кніжная серыя “Сябрына: паэзія народаў Расіі”. У ёй пабачылі свет некалькі вершаваных зборнікаў. Адзін з іх — калектыўны: з паэтычных здабыткаў паэтаў 14 народаў Расіі. А яшчэ традыцыяй стаў выпуск альманаха перакладной літаратуры на беларускай мове “Далягляды”. Рыхтуецца чарговы гадавік, на старонках якога знойдзецца месца многім цікавым творцам Расіі. Унікальны творчы праект “Мастацкай літаратуры” — і альманах “Созвучие”, дзе творы пісьменнікаў розных краін друкуюцца на рускай мове. Такі гадавік — добрая пляцоўка для яднання розных творчых сіл постсавецкай пасторы пад адной вокладкай.
Кастусь Лешніца
Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент.
Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».
Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.