Вы тут

Кацярына Дронава: Я ў спорце з самага дзяцінства


Дынастыі ў любой прафесіі не рэдкасць, часта і ў спорце сустракаецца, што ў адной камандзе гуляюць браты або сёстры, ці дзеці ідуць па слядах спартыўных бацькоў, або на працягу кар'еры складваюцца спартыўныя саюзы. Прыклад сямейнай пераемнасці можна ўбачыць і сёння ў гандбольным клубе «Гомель». Ірыну і Кацярыну Дронавых лёгка прыняць за сясцёр, але на самай справе гэта мама і дачка. Ірына — лідар каманды, дасведчаная гандбалістка, на рахунку якой практычна сто матчаў за зборную Беларусі і 195 галоў за нацыянальную каманду. Кацярына — маладая, амбіцыйная і перспектыўная спартсменка. У 16 гадоў яна атрымала званне «Найлепшы абаронца Алімпійскіх дзён моладзі па гандболе», а ў 17 — выйшла на пляцоўку ў складзе асноўнай каманды «Гомеля».


Ірына адзначае, што імкнецца быць прыкладам для дачкі і ў адным са сваіх інтэрв'ю кажа аб Каці так: «Я вельмі рада, што мы жывём з ёй агульнымі інтарэсамі і адной прафесіяй. Хоць Каця захварэла гандболам не адразу. Памятаю, калі яна была маленькая, я ў яе пыталася: «Пойдзеш займацца тым, у што мама гуляе?» А яна катэгарычна: «Не, не хачу!» Але ад лёсу не ўцячы. У школу прыйшла трэнер, спытала прозвішча. І, пачуўшы «Дронава», аслупянела: «Як?! І ты да гэтага часу не ў гандбольнай секцыі?»

Так у спорт прыйшла і Дронава-малодшая, менавіта яе мы і распыталі пра тое, што значыць гуляць на адной пляцоўцы з мамай і як бацька ставіцца да таго, што слабы пол у яго сям'і выбраў не самы жаночы від спорту.

— Каця, успомніце, калі ласка, якім вы былі дзіцем, як праходзіла ваша маленства?

— Я расла ў асяроддзі сваіх сваякоў і была, на мой погляд, досыць спакойнай дзяўчынай. З раніцы хадзіла ў школу, пасля заняткаў адпраўлялася на танцы. Мама на свае трэніроўкі мяне не брала, таму што ў мяне быў свой расклад, а вось на яе гульні хадзіць я вельмі любіла.

— Мама неяк згадала, што гандбол «зачапіў» вас не адразу...

— Я пачала займацца ім з канца чацвёртага класа, хоць спачатку не хацела, гэта праўда. Але да таго ўжо наведвала маміны гульні, таму ў цэлым ведала, што такое гандбол, ведала правілы. У гэтым сэнсе, можна сказаць, у мяне была невялічкая перавага перад астатнімі дзяўчатамі, для якіх гэты від спорту быў яшчэ чымсьці невядомым, зусім новым. Многае ў мяне атрымлівалася з самага пачатку, але зразумела, нягледзячы на ранняе знаёмства са спортам, было і тое, што зрабіць я не магла.

— Мама прыходзіла да вас на трэніроўкі?

— Не, яна фізічна гэтага зрабіць не магла, бо займалася сама. Цяпер ужо мы трэніруемся разам, таму, калі яна бачыць, як у мяне штосьці не атрымліваецца на трэніроўках, можа даць параду, сказаць, як зрабіць правільна.

— Якую галоўную параду яна дала вам у спорце?

— Напэўна, такой яшчэ не было. Калі яна і раіць нешта, то робіць гэта вельмі ненадакучліва, тактоўна. Можа, таму ў нас і канфліктаў не здараецца, хоць мы шмат часу праводзім разам: на трэніроўках, гульнях, у паездках, дома. Гэта нават дзіўна, але ў нас неяк атрымліваецца іх пазбегнуць.

— Як ставіцца тата да таго, што большая частка сям'і гуляе ў гандбол?

— Выдатна! Трывае (смяецца), хоць яго прафесія і не звязаная са спортам.

— Якія рысы характару вы б хацелі пераняць ад мамы?

— У нас і так вельмі падобныя характары, таму нават і пераймаць нічога не трэба, гены самі зрабілі сваю справу.

— Не так даўно вас сталі прыцягваць да галоўнага складу каманды «Гомеля», дзе сабраны моцныя гульцы не толькі краіны, але і легіянеркі. Больш за тое, кіруе камандай Томаж Чатэр — кваліфікаваны замежны трэнер і настаўнік зборнай Беларусі. Якія пачуцці ў вас пераважалі на першай трэніроўцы?

— Вядома, было вельмі хвалююча, усё ж такі гэта сур'ёзная жаночая прафесійная каманда. Там шмат вопытных дзяўчат, якія гуляюць на высокім узроўні і выступаюць за розныя клубы, перамагаюць у чэмпіянаце Беларусі і Кубку краіны, таму супернічаць з імі было цяжка. Што датычыцца саміх трэніровак Томажа Чатэра, ён заўсёды праводзіць вельмі цікавыя заняткі, я даведваюся на іх шмат новага.

— Што самае складанае для вас у спорце?

— Сёлета ў нас была фізічна вельмі цяжкая падрыхтоўка да сезона, гэта, напэўна, і аказалася пакуль самым складаным.

— У якім клубе свету вы марыце пагуляць?

— Штосьці канкрэтнае назваць складана, хочацца пагуляць у розных клубах, патрэніравацца з рознымі трэнерамі, каб атрымаць як мага больш вопыту. Наогул, у прынцыпе, я б хацела, каб мая кар'ера атрымалася доўгай і яркай. А вось калі казаць пра турніры, якія я марыла б выйграць, тут не буду арыгінальнай, гэта, вядома, Алімпійскія гульні.

— У вас ёсць кумір у спорце ці ў нейкім іншым родзе дзейнасці?

— Вядома, толькі ў спорце. Цікавіцца чымсьці іншым у мяне проста няма часу. Падабаецца гандбалістка Дар'я Дзмітрыева, разыгрываючая маскоўскага ЦСКА і зборнай Расіі, алімпійская чэмпіёнка 2016 года. У гульнявым плане Дар'я падабаецца тым, што з'яўляецца ўніверсальнай гандбалісткай, можа абыграць і кінуць ззаду.

— Гандбол досыць складаны ў фізічным плане від спорту. Як аднаўляецеся пасля цяжкіх трэніровак і гульняў?

— Аптымальна для мяне — проста адпачыць дома ці пайсці прагуляцца з сябрамі, бо актыўнасці хапае на трэніроўках.

— Думалі аб тым, дзе маглі б самарэалізавацца, калі б не спорт?

— Шчыра кажучы, нават не задумвалася на гэтую тэму, таму што з самага дзяцінства я ў спорце. Пасля шостага класа нават перайшла ў школу, дзе быў спартыўны клас, а цяпер паступіла ва ўніверсітэт на факультэт замежных моў. У адрозненне ад мамы, якая разглядае трэнерскую работу пасля завяршэння кар'еры, я б, напэўна, хацела знайсці сябе ў іншай сферы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні і сайта гандбольнага клуба «Гомель»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.