Вы тут

Заўсёды — добры настрой, ці як я працавала аніматарам у санаторыі


Некаторыя лічаць, што такая работа не патрабуе нейкай асаблівай падрыхтоўкі і наогул не ўяўляе з сябе нічога складанага. Многія нават не ведаюць, што гэта за прафесія і якія абавязкі ў яе ўваходзяць. Сёлета летам я вырашыла праверыць на сабе, ці сапраўды такі лёгкі названы занятак, як падаецца на першы погляд.


Га­лоў­нае — знай­сці агуль­ную мо­ву з па­да­печ­ны­мі роз­ных уз­рос­таў  (аў­тар ма­тэ­ры­я­лу край­няя злева).

Думка паехаць працаваць аніматарам або важатай паўстала яшчэ ў сярэдзіне навучальнага года. Бліжэй да мая ў добраахвотніцкую арганізацыю «Слон» маёй ВНУ пачалі паступаць розныя прапановы. У выніку зацікавілася трыма варыянтамі падпрацоўкі на лета. У рэшце рэшт абрала вакансію аніматара ў санаторыі Віцебскай вобласці. Выбар гэтага месца работы быў у нейкім сэнсе выклікам самой сабе. Мне было цікава, ці змагу я цэлы месяц знаходзіцца ўдалечыні ад свайго дому без родных і сяброў, у незнаёмай абстаноўцы і сачыць за велізарнай колькасцю дзяцей.

Кастынгу ніякага не было, проста прыйшоў запыт ва ўніверсітэт, што патрабуюцца два аніматары. Аднак на ліпень, акрамя мяне, было яшчэ дзве прэтэндэнткі, якія хацелі паехаць разам. У нейкі момант я ўжо вырашыла саступіць месца ім, але лёс распарадзіўся інакш. Адна дзяўчына не змагла паехаць, і ўсё вырашылася само сабой. Можна сказаць, што гэта стала для мяне яшчэ адным выпрабаваннем, таму што з маёй будучай напарніцай Настассяй Кудраўцавай мы былі ледзь знаёмыя, а нам трэба было разам жыць і працаваць цэлы месяц. Зараз удзячная лёсу, што паехала менавіта з ёй: мы вучымся ў паралельных групах, але я нават не ўяўляла да нашай паездкі, які яна таленавіты, цікавы і добры чалавек.

Зманю, калі скажу, што вырашыла пайсці працаваць летам толькі дзеля вопыту. Заработная плата адыграла вялікую ролю. Я вельмі люблю падарожнічаць, а прасіць у 18 гадоў грошы ў бацькоў на свае жаданні неяк няёмка, і нават сорамна. З іншага боку, вопыт і знаёмствы, якія набыла ў санаторыі, сапраўды бясцэнныя. Я навучылася шукаць выйсце з цяжкіх сітуацый, знаходзіць кампрамісы ў розных спрэчках і, вядома ж, знаходзіць агульную мову з дзецьмі розных узростаў.

Ве­ча­ро­вая ра­ман­ты­ка...

Працаваць у санаторыі аніматарам, на мой погляд, цяжэй, чым важатым у летніку. У апошнім у цябе ёсць змена і пэўны атрад, іншымі словамі, за ўвесь прамежак часу дзеці не будуць змяняцца: ты паспяваеш да іх прывыкнуць і ведаеш звычкі кожнага. Акрамя гэтага, усе яны прыкладна аднаго ўзросту. У нас жа ўсё было па-іншаму: дзеці абсалютна рознага ўзросту, самаму маленькаму, з якім мне давялося сутыкнуцца, было два гады, самым старэйшым — па 17. Да таго ж за месяц было прыездаў пяць, кожны тыдзень з'яўляліся новыя адпачывальнікі, да якіх нанова трэба было шукаць свой падыход.

Гэта трэба рабіць не толькі ў дачыненні да дзяцей, але і да іх бацькоў. У кожнай сям'і свае правілы, парадкі, да якіх нам даводзілася крыху падладжвацца. Напрыклад, у некаторых сем'ях не дазвалялі сваім дзецям аблівацца вадой, а, паколькі санаторый знаходзіцца каля возера, у гарачае надвор'е мы часта гулялі ў водныя гульні. Былі і такія бацькі, якія кантралявалі «кожны наш крок» і давалі парады, як і што лепш рабіць. У такія моманты галоўным было карэктна выйсці з сітуацыі.

Асноўным нашым абавязкам было забаўляць дзяцей. Кожны дзень мы малявалі афішы, прыдумлялі для іх нешта цікавае і яркае. Наш рабочы дзень пачынаўся аб 11-й раніцы з зарадкі і заканчваўся аб 11-й вечара дыскатэкай. Кожны дзень мы прыдумлялі новыя забавы: праводзілі спартландыі, розныя конкурсы, інтэлектуальныя гульні і творчыя майстар-класы.

Галоўнымі плюсамі ў гэтай падпрацоўцы для мяне былі прырода і дзеці. Першая на тэрыторыі санаторыя дзівосна прыгожая. Былі і лес, і возера. Калі прыехалі туды, у першы ж дзень адразу заўважылі розніцу ў паветры — у горадзе яно зусім іншае. Што датычыцца другіх, то было шмат дзяцей з розных краін: Англіі, Расіі, Францыі, Швецыі, Швейцарыі ды іншых. Часам адбываліся неспадзяванкі з-за таго, што яны гаварылі альбо з акцэнтам, альбо толькі на сваёй мове, у такія моманты прыходзілі на дапамогу бацькі ці перакладчык. Дзякуючы дзецям мы даведаліся пра асаблівасці жыцця ў розных краінах, пра новыя гульні, тэхналогіі і многае іншае.

За­да­ча ані­ма­та­раў не толь­кі ве­ся­ліць,  але яшчэ і зай­маць дзя­цей фі­зіч­най ак­тыў­нас­цю.

У маёй напарніцы засталіся такія ўражанні:

— За гэты месяц я атрымала вялікі вопыт не толькі ў рабоце з дзецьмі, але і ў знаходжанні кантакту з іх бацькамі. Было цікава папрацаваць з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з розных краін. З падлеткамі мы лёгка знайшлі агульную мову і пасля рабочага дня з задавальненнем бавілі час разам з імі. Адзінае, што некалькі сапсавала ўражанне — гэта ўмовы пражывання без камфорту. Але ў асноўным я не шкадую, што паехала ў гэты санаторый і менавіта так правяла месяц лета, — падзялілася Настасся Кудраўцава.

Падводзячы вынікі: я зразумела, што работа з дзецьмі не такая простая, як здаецца на першы погляд. У рабоце аніматара, як і ў любой іншай, ёсць свае «падводныя камяні», якіх не відаць збоку. Аднак працаваць так далёка ад дому і з такой колькасцю дзяцей для мяне было цяжкавата.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Загаловак у газеце: Заўсёды — добры настрой,

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».