Вы тут

Парады бывалых наконт знаёмстваў з аднагрупнікамі


Ну што, вось і здзейснілася тое, чаго вы так доўга чакалі, мае даражэнькія адзінаццацікласнікі. Ой, прабачце, першакурснікі! Нарэшце пасля столькіх намаганняў дзверы ВНУ адчыніліся і для вас. Цяпер можна смела рыхтавацца да шматлікіх змяненняў: новых ведаў, новага спосабу жыцця (я пра бяссонныя студэнцкія ночы перад экзаменам, калі што), новых сяброў. Добра-добра, пра вучобу далей не буду расказваць, самі з цягам часу даведаецеся што да чаго. Мне здаецца, вам больш цікава і карысна на гэтым этапе будзе паслухаць, як лепш выбудоўваць стасункі з аднакурснікамі. Вось некалькі лайфхакаў для «першакоў»...


Першы пункт цалкам залежыць ад куратараў. Гаворка пра старшакурснікаў, якія будуць суправаджаць вас першы семестр, адказваць на пытанні і дапамагаць вырашаць праблемы. Маёй групе вельмі пашчасціла з імі. Хлопцы знайшлі кожнага ў сацыяльных сетках, стварылі агульны дыялог, і там мы дамовіліся, што сустрэнемся ў вольны час: зробім пікнік з торцікам, гітарай і гульнёй «Уна». Так усе пазнаёміліся, павесяліліся і правялі апошні дзень лета.

Пікнік на прыродзе — гэта, канешне, класна, але ў сценах альма-матар адчуваеш сябе зусім па-іншаму. Шмат людзей, усе ўсіх ведаюць (так можа падацца на першы погляд), смяюцца... А вы стаіце ў адзіноце, «падпіраеце» сцяну і адчуваеце няёмкасць... Але не хвалюйцеся, магу вас абрадаваць — першыя два тыдні вы будзеце ўсёй групай шукаць патрэбную аўдыторыю. Адным словам, сляпыя кацяняты. І, паверце, такія пошукі рэальна збліжаюць! Будзе і гучны смех на ўвесь калідор, і шмат жартаў, і бясконцыя спазненні. Але ж у вас ёсць жалезнае алібі: вы — першакурснік. Зрэшты, я не заклікаю кожнае спазненне апраўдваць менавіта гэтым. Майце сумленне!

Наступны пункт звязаны з прыемным. Размова пойдзе пра ежу. Усе чулі фразу: «Заўсёды галодны студэнт». Дык вось, гэта чыстая праўда! Але ж голад больш знаёмы тым, хто вучыцца ў чужым горадзе і каго матуля не чакае з боршчыкам, пакуль вы вяртаецеся з пар. Так што прапанаваная гарбата з вафелькай ці булачкай могуць падняць настрой вашаму патэнцыяльнаму сябру. Я, напрыклад, па першым часе цягала «ссабойкі». Тэрмас са смачнай кавай і кантэйнер з буцікамі, які мне раніцай рыхтавала матуля, адразу збіралі побач амаль усю групу! А што, мне не шкада, ешце на здароўе.

З папярэдняга пункта выцякае яшчэ адзін. Памятайце, у ВНУ працуе закон узаемадапамогі, а не «кожны сам за сябе». Так, гэта крута, калі ты можаш разлічваць на кагосьці ці сам выручыць таварыша. Даць ручку, калі ў аднагрупніка ў ёй раптам скончыўся стрыжань, ці апоўначы друкаваць рэферат, бо сябра зусім забыўся пра яго, а заўтра з ім трэба да першай пары, ці проста пазычыць грошы на білет дадому.

Ёсць яшчэ такі пункт. Як цудоўна, калі вы будзеце рабіць сюрпрызы на дзень нараджэння аднагрупнікаў: торт, свечкі, падарункі... Галоўнае, каб усё было ад шчырага сэрца. Можна зрабіць адмысловы каляндар з такімі датамі ў жыцці ўсіх членаў групы, тады вы на 100 працэнтаў не забудзецеся пра свята ў кожнага!

Не лічыце, што толькі на вашы кволыя плечы звалілася цяжкая ноша знаёмства з іншымі студэнтамі. Універсітэт таксама спраўна ўносіць сваю лепту ў гэтую справу. Існуе шмат свят, да якіх трэба рыхтавацца вялікім гуртам. Адно з іх — дзень першакурсніка. Вось тады ў вас і будзе магчымасць паказаць не толькі сваім аднагрупнікам, але і ўсяму патоку, старэйшым студэнтам і выкладчыкам, які вы таленавіты і рознабаковы. І паверце, перамога ў такіх конкурсах — не самае галоўнае. Доўгія рэпетыцыі ў калідорах да пасінення, усё новыя і новыя ідэі і рашэнні для сцэнарыя, пірог, што прынесла твая аднагрупніца, якая рабіла яго на старэнькай пліце ў інтэрнаце... Гэтыя цёплыя, нібы коўдра, успаміны будуць доўгі час грэць ваша сэрца.

Шмат чаго для вас зробяць і выкладчыкі. Некаторыя на парах праводзяць гульні для знаёмства. Адна з педагогаў такім чынам гуляла з намі: пакуль гарэла запалка, трэба было расказаць пра сябе як мага больш. Вельмі забаўна было чуць, як некаторыя тараторылі і маглі выдаць не толькі сваю біяграфію, але бацькоў і дзядоў. У групы ёсць яшчэ класны кіраўнік (кажучы па-школьнаму). У студэнтаў гэтая важная для першакурснікаў асоба завецца куратарам. Нашы куратарскія гадзіны праходзілі на кафедры. З гарбатай, пернікамі, аповедамі пра сябе.

Знаёмствы, як вядома, адбываюцца не толькі ў сценах універа. У інтэрнаце таксама ёсць шмат перадумоў да гэтага. Найперш, суседства. Разам у пакоі можа жыць не толькі ваш аднагрупнік, але і студэнт з патоку ці нават са старэйшага курса. Паколькі сама я з Мінска, то пра такія першыя сустрэчы ў блоку інтэрната мне расказалі іншагароднія аднагрупніцы. «У гэтым няма нічога страшнага. Ці да цябе заходзяць у пакой і знаёмяцца, ці, наадварот, ты так робіш, — падзялілася Ліза Танана. «А я сабрала адразу ўсіх. Хоць разумею, што чалавек я складаны, а жыць са мной — яшчэ складаней», — прыгадала Эліна Сівак. Стасункі будуюцца не толькі пры дапамозе быту. У пакоі можна ладзіць вечарыны з гітарай, песнямі і гульнямі. І ўвогуле, назіраючы за «Інстаграмамі» маіх аднагрупнікаў, магу сказаць: жыць у інтэрнаце весела.

А вось яшчэ некалькі «нелегальных» спосабаў адшукаць сваіх аднадумцаў.

Сярэдняя колькасць заняткаў у ВНУ — чатыры пары. Чатыры пары — гэта восем урокаў у школе. Па першым часе выседзець іх вельмі цяжка. Але ж можна... скараціць колькасць пар. Менавіта такі прагул (і не абы-якой лекцыі, а выніковага дыктанта) дапамог мне знайсці сяброўку. Хавацца пад лесвіцай ва ўніверы, а потым імкнуцца не трапіць на вочы выкладчыку, з пары якога вы збеглі, — гэта вельмі збліжае. Я, канешне, не раю вам злоўжываць такім крокам, так можна рабіць у выключных выпадках. Ну, калі вельмі-вельмі хочацца...

Яшчэ мне здаецца, што няма такога студэнта, які б не карыстаўся галоўнай зброяй супраць нездавальняючых адзнак. Так, размова пра спісванні дамашніх заданняў. Вы не думайце, што мы такія гультаі. Гэта ўсё надвор'е! Птушкі спяваюць, душа радуецца... А потым бац — і ў цябе мільён «хвастоў»! Яшчэ здзіўляешся: адкуль яны маглі павылазіць?! Так што сумеснае спісванне «дамашкі» за дзесяць хвілін да пачатку пары не толькі аб'ядноўвае, але і робіць добры рэйтынг усёй групе. І вы малайцы, і выкладчыку прыемна. Толькі т-с-с-с, я вам гэтага не казала!

Дарагія сябры, зразумейце, што ўсе вы, першакурснікі, у аднолькавых умовах, і ўсім вам крыху страшнавата. Нічога не бойцеся, галоўнае — будзьце сабою!

Кацярына ЯРАШЭВІЧ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Калі імя вам — першакурснікі...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.