Вы тут

Уладзімір Краўцоў правёў прыём грамадзян


Звароты датычыліся тэм, якія маюць рэзананс у грамадстве. У першую чаргу, гэта судовыя справы, работа праваахоўных органаў. Другой важнай тэмай зваротаў да кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама можна назваць захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.


Фота БЕЛТА

Сваю праблему агучыў гродзенец Анатоль Мікалаевіч, сын якога асуджаны раённым судом Гродна за хабар. На думку бацькі, справа была неабгрунтавана зацягнута, следства вялося два гады. На працягу гэтага тэрміну на сына, па словах Анатоля Мікалаевіча, аказваўся ціск, праводзіліся лішнія мерапрыемствы, у якія былі ўцягнуты дачка і зяць. Таксама мужчына не разумее, навошта праводзіць столькі вобыскаў, у тым ліку ў кватэры дачкі, якая не мае дачынення да спраў свайго брата. Праз меру вялікім, на думку Анатоля Мікалаевіча, з'яўляецца і сам прысуд — чатыры гады пазбаўлення волі.

Падчас прыёму яму паведамілі, што скарга цяпер разглядаецца ў абласным судзе, які мае паўнамоцтвы змяніць кваліфікацыю прысуда раённага суда альбо наогул яго адмяніць. Разам з тым абласны суд можа пакінуць вынесены прысуд без змяненняў. У гэтым выпадку ўдзельнікі працэсу змогуць звярнуцца ў Вярхоўны суд. Заканадаўства дае права перагледзець справу.

— Хоць да хабару ў грамадстве ставяцца вельмі жорстка, асабліва калі справа датычыцца дзяржаўных служачых, нямала пытанняў апошнім часам узнікае да саміх праваахоўных органаў, пра што нядаўна казаў кіраўнік дзяржавы. Гэта датычыцца ў тым ліку і мясцовых сілавых структур, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

На яго думку, неабходна на месцах удасканальваць работу праваахоўнай сістэмы. Бо недахопы, на якія ўказваў кіраўнік краіны, якраз і праяўляюцца ў выглядзе зваротаў.

— Трэба падыходзіць больш уважліва. Бачыць перад сабой не патэнцыйнага злачынца, а чалавека, — заўважыў падчас прыёму Уладзімір Краўцоў. — Памылка ў рабоце праваахоўных органаў можа зламаць лёс чалавеку. Таму гэтыя пытанні таксама трэба адсочваць і, калі неабходна, пераглядаць.

Не адну інстанцыю прайшла пенсіянерка з Гродна Любоў Мікалаеўна. Яна лічыць, што ёй недалічылі пенсію, бо яе калегі, з якімі жанчына працавала ў шкодных умовах на прадпрыемстве хімічнай вытворчасці, атрымліваюць на 85 рублёў больш. Разам з тым яна паведаміла, што выязджала працаваць у Германію.

Зварот гродзенкі разглядаўся камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама. Усе перыяды стажу, якія павінны былі ўвайсці, налічаны, у тым ліку і дзевяць гадоў працы ў шкодных умовах. Скаргу разбіралі і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Адтуль быў дадзены адказ, што ўсё налічана ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гэта пацвердзіў таксама і раённы суд. У сваю чаргу, сацыяльныя органы запэўнілі, што дапамагаюць адзінокай жанчыне, ёй штогод аказваецца матэрыяльная дапамога, рабіўся рамонт. Уладзімір Краўцоў прапанаваў перагледзець справу разам з самой жанчынай і растлумачыць ёй, як вядзецца налічэнне пенсіі.

А вось кіраўніка грамадскай арганізацыі «Смаргонь франтавая» хвалюе праблема захавання гістарычнай спадчыны. Ігар Аляксандравіч звярнуўся да старшыні аблвыканкама з канкрэтнай просьбай — аказаць дапамогу ва ўстаноўцы памятнага знака. Ён расказаў, што грамадская арганізацыя вядзе работу над стварэннем музея пад адкрытым небам — у прыватнасці, увекавечваннем памяці жаночага батальёна пад камандаваннем Марыі Бачкаровай. Мастацкі фільм «Батальён», зняты расійскімі кінематаграфістамі, якраз пра гэтыя падзеі. Як вядома, першае баявое хрышчэнне батальён атрымаў пад Смаргонню, каля вёскі Наваспаск. На аснове архіваў была знойдзена траншэя, дзе жанчыны-воіны адбілі 14 нямецкіх атак.

Гэты подзвіг варта ўвекавечыць памятным знакам, лічыць Ігар Аляксандравіч. Два гады таму вызначана і месца для ўстаноўкі. Абгрунтаванне пацвердзіла Акадэмія навук Беларусі, ёсць гістарычная даведка. Эскізы прайшлі ўзгадненне. Праз «народную» платформу краўдфандынгу сабраны сродкі на манумент, які будзе ў выглядзе вялікага каменя. Праектам прадугледжаны ўкладка пліткі, асвятленне, паркоўка, але на добраўпарадкаванне сродкаў не хапае.

Уладзімір Краўцоў адзначыў, што не супраць таго, каб падтрымаць ідэю грамадскай арганізацыі. Тым больш што яна працягвае стварэнне ў Смаргонскім раёне абарончай лініі «Залатая горка». У самім горадзе ўстаноўлены мемарыял, прысвечаны Першай сусветнай вайне.

— Пытанні гісторыі і культуры сёння асабліва клапоцяць нашых грамадзян, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Людзі неабыякавыя да нашай гісторыі, культуры, да малой радзімы. Мы бачым, як грамадскія арганізацыі ажыццяўляюць гэту дзейнасць, не толькі чакаюць каманды зверху, але і самі ініцыююць многія праекты. І правільна робяць. У нас шмат памятных месцаў, якія трэба прыводзіць у парадак, узнаўляць, каб пакінуць нашчадкам.

Па словах старшыні аблвыканкама, такія турыстычныя мясціны вабяць турыстаў, што спрыяе пашырэнню бязвізавых зон. Дарэчы, Смаргонь могуць наведаць турыстычныя групы без віз, хоць сам раён не падпадае пад бязвізавую зону.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.