Вы тут

З пачаткам грыбнога сезона рэзка ўзрастае колькасць бадзяжных жывёл


Летась у Мінску мужчына з п'яных вачэй скінуў сабаку з балкона, пра гэта пісалі з абурэннем ледзь не ўсе сродкі масавай інфармацыі. Асуджаны пазней мінчанін прыйшоў тады дапамагчы маці сваёй жонкі з рамонтам. На вочы трапіў цешчын сабака, які не пажадаў ісці на прагулку з п'яным чалавекам — жывёлы, дарэчы, вельмі часта негатыўна рэагуюць на алкаголь. Тады абураны homo sapіens пабіў няшчасную жывёліну і выкінуў з балкона пятага паверха. Людзі, якія сталі сведкамі здарэння, пазванілі ў міліцыю. Была заведзеная крымінальная справа па частцы 1 артыкула 339-1 Крымінальнага кодэкса (жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое выклікала гібель). Кажуць, што вінаваты раскаяўся ў судзе. Яно і вядома, мусіш каяцца, як засвеціць рэальны тэрмін. А можа, сцяміў што-небудзь пра свае паводзіны, калі абуралася ўся краіна, хацелася б верыць.


Фота Анатоля Клешчука.

На жаль, гэта далёка не адзіны выпадак. Праз некалькі месяцаў зноў у СМІ з'явілася паведамленне, што п'яная кампанія ў Віцебску выкінула з балкона цяпер ужо трэцяга паверха шчанюка. Праўда, гэтым разам сабачка выжыў, яму дапамаглі валанцёры, з часам уладкавалі ў сям'ю.

Можна згадаць іншыя «гучныя» справы — напрыклад, калі рыбак у Чашніцкім раёне адкруціў галовы шасці птушанятам бакланаў, таму што яны перашкаджалі яму засяродзіцца на рыбнай лоўлі. А некалькі гадоў таму ў сеціве ўзнік амаль што цэлы рух, які асуджаў жорсткасць у дачыненні да дабермана Эйса. Гаспадар, які ўзяў сабаку ў прытулку, праз тыдзень адсек яму галаву, бо жывёла не выконвала санітарныя правілы паводзін. Такія прыклады можна згадваць дзясяткамі. Катоў знаходзяць з адсечанымі хвастамі і выкалатымі вачамі, сабак з адсечанымі лапамі і ўсяляк пакалечаных. На жаль, двухногіх садыстаў у грамадстве хапае. І ад іх церпяць не толькі браты нашы меншыя. Нездарма ж псіхолагі, якія спецыялізуюцца ў пытаннях хатняга гвалту, раяць дзяўчатам прыглядацца да таго, як кавалер альбо жаніх паводзіць сябе з жывёламі. Праяўленне агрэсіі да бездапаможнай істоты часта сведчыць пра агрэсіўны характар у цэлым.

У нашым заканадаўстве цяпер ёсць адпаведны артыкул, па якім можна прыцягваць да адказнасці крыўдзіцеляў жывёл. І гэта апошнім часам збольшага робіцца. Ды і грамадства асуджае падобныя з'явы. Але ж не меншага асуджэння заслугоўвае псеўдагуманізм суайчыннікаў, якія не забіваюць, не ўсыпляюць гадаванцаў у лячэбніцах, а выкідваюць іх на вуліцу і тым самым часта асуджаюць жывую істоту на доўгія пакуты і павольную смерць. Адсюль праблема бадзяжных сабак і катоў у гарадах.

Праўда, у гарадах, асабліва вялікіх, ёсць службы, якія займаюцца адловам жывёл, размяшчэннем іх у прытулку. Больш складаная сітуацыя ў сельскай мясцовасці. Нядаўна ў адным з сельсаветаў Кобрынскага раёна расказалі, што колькасць бадзяжных сабак у вёсках шматкроць узрастае з пачаткам грыбнога сезона.

— ?!

— Гараджане ў гэтую пару выязджаюць на ціхае паляванне, а заадно прыхопліваюць гадаванцаў, каб... выкінуць іх на ўзлеску паблізу вёсак.

А што, лета прайшло, дзеці нацешыліся катом ці сабачкам, да таго ж мілае кацяня ці шчаня, якога бралі вясной на пацеху малым, падрасло. Цяпер меншым членам сям'і трэба ў школу, дарослым на работу, выгульваць былога любімца няма каму, трэба нешта вырашаць — разважае часам гаспадар кватэры ды і жонка пагаджаецца з галавой сям'і. А калі гадаванец яшчэ робіць лужыну на падлозе альбо драпае дарагую мэблю, кіпцюрамі пакідае зацяжкі на шторах, прысуд гаспадыні адназначны: вязіце яго куды хочаце. «Везці ў лячэбніцу, трэба плаціць, час траціць, — чухае патыліцу гаспадар, ды і дзеці не хочуць усыпляць Барсіка, — а вось у наступную суботу паедзем у грыбы, туды і прыхопім. Можа, якой адзінокай бабулі прыглянецца». І з пачуццём уласнага гуманізму і выкананага перад сям'ёй абавязку гарадскія кіроўцы выкідваюць няшчасную жывёліну з машыны, часта на хаду.

Толькі ў вясковай бабулі, як правіла, ёсць свой сабака альбо кот. Да таго ж часта выкідаюць хворых жывёлін, бо лячыць — гэта ж таксама азначае дадатковыя затраты з сямейнага бюджэту. Вось летась каля вёскі Ліпава памянёнага Кобрынскага раёна ашываўся даволі вялікі сабака, потым ён адзічэў, азлобіўся з голаду і стаў душыць вясковых курэй. Праз некаторы час небараку забілі абураныя гаспадары. А цяпер, расказалі ў гэтай вёсцы, з надыходам восені пабольшала катоў, значыць, падвозяць іх бессаромныя гараджане. Выкідаюць, як старую адзежыну ці паламаную рэч.

Летась і аўтару гэтых радкоў давялося бачыць кацяня, якое, відавочна, толькі што выкінулі з машыны. Мы тады прыехалі на дачу ў Камянецкім маршруткай. Ад шашы трэба ісці каля трох кіламетраў. І толькі збочылі на свой паварот, як з дрэва з жахліва-немым мяўканнем спусцілася дзіўная істота. Цалкам чорнае кацяня было і не падобнае на кацяня, бо галава ў яго крыху ненатуральным чынам аказалася вывернутая на бок. «Гэта што за чарцяня?» — здзіўлена вымавіў сын. Можа, хацелі скруціць галаву катку, ды не давялі справу да канца альбо трапіў ён галавой пад кола і цудам застаўся жывы? Адным словам, той незвычайны каток дайшоў за намі да вёскі, там яго пакінула ў сябе сям'я, у якой летам жыве малы ўнук. За год наша Чарцяня вырасла ў добрага кацяру, які выглядае страшнавата, бо бегае па вуліцы з крыху скрыўленай набок галавой. Гэтаму яшчэ пашанцавала. А колькі іх так і канае ўздоўж дарог без вады і ежы!

Падобных гісторый у кожнага, калі падумаць, цэлы мех. Вунь калега з Мінска ўбачыла шчанючка на запраўцы і не магла прайсці, забрала, цяпер ён жыве ў іх. А калега з Гродна падабрала сабачку, стала гуляць з ім у двары, дык што вы думаеце? Знайшліся гаспадары, сказалі, што ён збег ад іх, забралі, а праз тыдзень вярнулі ёй зноў, маўляў, сікае не там, і наогул нацешыліся яны...

Ды што там гаварыць, праблемы бадзяжных жывёл ствараюць іх былыя гаспадары. На вуліцу жывёліна трапляе толькі ад некага з дому. А потым, калі выжывае, бескантрольна размнажаецца. Калі няма свядомасці, культуры, спагады ў суайчыннікаў, трэба ўстанаўліваць меры процідзеяння заканадаўча. Я лічу, што павінен быць падатак на ўтрыманне жывёлы, і не сімвалічны, тады іншы падумае, заводзіць яму гадаванца ці не. Вось у Нідэрландах няма бадзяжных жывёл наогул, бо там вялікі падатак. Ну і пагалоўнае чыпаванне неабходна, тады лягчэй будзе адсачыць, чый сабачка з голаду пайшоў душыць курэй у Кобрынскім раёне альбо чыё кацяня прападае ў Камянецкім.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Эпідэмія антыгуманізму

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.