Вы тут

Як выяўляюць незарэгістраваных жывёл


Нядаўна на тэрыторыі нашага дома з'явілася таблічка «Выгул сабак забаронены», а на дзвярах пад'езда ЖЭУ вывесіла аб'яву з заклікам зарэгістраваць чатырохногіх кватарантаў. Пад ёй — канкрэтная дата, да якой гэта можна зрабіць добраахвотна. У іншым выпадку наяўнасць жывёлы ў кватэры камунальнікі паабяцалі высветліць іншым спосабам — напрыклад, падчас рэйдаў. Аб'яву месяц таму знялі. Цікава, чым усё скончылася?


Фота Анатоля Клешчука.

— Такім чынам мы нагадваем грамадзянам, што жывём у цывілізаванай дзяржаве, — тлумачыць начальнік аддзела эксплуатацыі і добраўпарадкавання Магілёўскага УКП (упраўленне камунальных прадпрыемстваў) Сяргей Макаранка. — У заканадаўстве выразна прапісана, што кожны, хто мае хатнюю жывёлу, павінен плаціць падатак. Але гэты факт чамусьці многія ігнаруюць.

Нагодай для актывізацыі дзеянняў стаў зварот да камунальнікаў падатковай інспекцыі. Сяргей Уладзіміравіч дэманструе афіцыйную паперу, дзе напісана, што гаспадар сабакі павінен зарэгістраваць свайго гадаванца ў жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі ў трохдзённы тэрмін з моманту набыцця. Раз на квартал ён павінен плаціць 1,5 базавай велічыні за ўтрыманне сабакі патэнцыйна небяспечнай пароды і 0,3 — ва ўсіх астатніх выпадках. Для чыпаваных і стэрылізаваных сабак у Магілёве існуюць ільготы — мінус 10 % ад гэтай лічбы.

УКП падрыхтавала памятку для ўладальнікаў сабак і катоў, якая нагадвае пра неабходнасць рэгістрацыі.

— Будзем размяшчаць яе на інфармацыйных дошках жылых дамоў, — удакладняе суразмоўца. — Падставы вельмі сур'ёзныя. У пачатку лета на тэрыторыі Магілёва былі выпадкі шаленства сабак. Гэта ненармальна, калі нешта пагражае чалавеку.

Па некаторых звестках, у Магілёве каля 3000 зарэгістраваных сабак і прыблізна каля 800 катоў. Толькі ў Ленінскім раёне легальна жывуць 1397 сабак і 260 катоў.

— Катоў таксама трэба рэгістраваць, але аплата за іх не спаганяецца, — удакладнілі ў ЖРЭУ (жыллёва-рамонтным эксплуатацыйным упраўленні) Ленінскага раёна.

Выяўляюць незарэгістраваных жывёл рознымі спосабамі. Дзесьці дапамагаюць камеры відэаназірання, дзесьці «добрыя» суседзі, дзесьці жывёлы самі выдаюць сваіх гаспадароў выццём, гаўканнем ці мяўканнем. Акрамя гэтага, камунальнікі праводзяць штомесячныя рэйды, падчас якіх аглядаецца тэрыторыя, праводзяцца пакватэрныя абходы.

Што датычыцца падатку, то ён цалкам трапляе ў даходную частку мясцовага бюджэту. Развіццё за яго кошт інфраструктуры для катоў і сабак, на жаль, не прадугледжана. На сённяшні дзень у Магілёве 35 пляцовак для выгулу сабак. Але гэта звычайныя пустыры, якія знаходзяцца на аддаленні ад жылых будынкаў. Ніякіх агароджаў, турнікетаў і абсталявання для актыўнага адпачынку чатырохногіх там няма.

— У нас на сённяшні дзень няма такога артыкула затрат і няма нормаў, якімі павінны быць загароды, іх вышыня, — патлумачылі ў Ленінскім ЖРЭУ. — Заканадаўствам наогул не вызначана, што павінна быць у месцах выгулу сабак, але там выразна прапісана, што такія месцы павінны быць. Калі вы ўбачыце на такіх пляцоўках нейкія прыстасаванні для падтрымання сабакам формы, то гэта справа рук выключна добраахвотнікаў, якія спрабуюць самастойна зрабіць нешта зручнае для сваіх улюбёнцаў.

Хоць было б справядліва, калі б падатак «на хвост» ішоў не ў агульную скарбонку, а на стварэнне ўмоў для саміх жа чатырохногіх. На гэтыя грошы можна было б рабіць цывілізаваныя пляцоўкі для выгулу сабак і прытулкі для бадзяжных жывёл. Напэўна, у Беларусі няма населенага пункта, дзе б не бадзяліся пушыстыя беспрытульнікі. Іх па-чалавечы шкада, бо яны чакаюць ад нас дапамогі. А іх адлоўліваюць і знішчаюць. І гэта бесчалавечна. Мы павінны быць адказныя за тых, каго прыручылі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Хто ў хатцы жыве?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.