Вы тут

Дэпутаты ў Гродне ўзялі на сябе клопат па стварэнні адмысловай пляцоўкі для выгулу


Тэма для кожнага горада актуальная. Пакуль такіх месцаў недастаткова. Напрыклад, у Гродне ўсяго пяць пляцовак для выгулу чатырохногіх сяброў. Жыхарам мікрараёна «Дзевятоўка» пашанцавала. Дэпутаты адгукнуліся на іх просьбу і арганізавалі фінансаванне такой пляцоўкі на мясцовай пустцы.


Недалёка да канфлікту

Здаецца, не такі гэта важны аб'ект — пляцоўка для выгулу сабак. Але насамрэч для тых,хто трымае жывёл, гэта сапраўдны рай.

— Да гаспадароў сабак ставяцца так: «Твой сабака — твая праблема», — кажа Аляксандр, які вёў на выгул свайго гадаванца. — І гэту праблему кожны вырашае па-свойму. Хтосьці ідзе гуляць чым далей, хтосьці ледзь не з суседняга квартала трымае жывёлу на доўгім павадку, а сабака мітусіцца паміж жыхарамі. Зразумела, што пра якасць такога выгулу казаць не выпадае.

Ды і да канфліктаў тут недалёка. Нядаўна адна такая сітуаацыя нават атрымала рэзананс у СМІ. Суседзі, якія жывуць у цэнтральнай частцы горада, сур'ёзна пасварыліся з-за сабакі. Яго гаспадыню абвінавацілі ў нападзенні на дзіця, хоць факт у далейшым не пацвердзіўся. Між тым канфлікт доўгі час не заціхаў. Справа завяршылася тым, што на гаспадыню дварняка склалі пратакол за выгул на прыдамавой тэрыторыі. Цяпер там стаіць таблічка: «Выгул сабак забаронены».

Дарэчы, гаспадарам сабак у цэнтры горада сапраўды няпроста. Найбліжэйшае месца для выгулу знаходзіцца каля берага Нёмана, а гэта 1,5—2 кіламетры ад цэнтра. Зразумела, што сабака наўрад ці вытрымае такі працяглы шлях — звычайна яго хапае не больш чым на дзясяткі метраў. Адказныя гаспадары ведаюць такую сітуацыю і прыбіраюць за сваім гадаванцам. Вядома, многія хацелі б мець непадалёк спецыялізаваную пляцоўку, але, як аказалася, у цэнтры горада абсталяваць такі аб'ект проста немагчыма — вельмі шчыльная забудова.

Калі жыхары абураюцца

А вось у жыхароў новага мікрараёна Альшанка іншая праблема. Пляцоўкі тут якраз ёсць, і нават дзве. Але далёка не ўсе гаспадары сабак карыстаюцца імі. Многія выгульваюць сваіх чатырохногіх сяброў у самых ажыўленых месцах. Гэта можа пагражаць не толькі санітарнаму стану наваколля, але і бяспецы жыхароў. Менавіта такі выпадак нядаўна ўзрушыў увесь горад. Байцоўскі сабака ў мікрараёне Альшанка пакусаў дваіх дзяцей: адзін раз каля дома, другі — у кавярні. Прычым у абодвух выпадках у прысутнасці гаспадароў. Справа атрымала рэзананс і выклікала абурэнне жыхароў мікрараёна, яны сабралі подпісы, каб ізаляваць стафаршырскага тэр'ера ад грамадства. У рэшце рэшт сабаку ўсыпілі.

Дарэчы, колькасць прыцягнутых да адказнасці за парушэнне правіл выгулу невысокая. Летась такіх пратаколаў было каля дзесяці, сёлета ўсяго некалькі. Звычайна парушальнікі атрымліваюць заўвагі ад камунальных службаў. Хоць па законе работнікі ЖЭСаў маюць права аштрафаваць на суму да чатырох базавых велічынь, што складае 102 рублі.

Дапамаглі дэпутаты

Усяго ў горадзе абсталявана пяць пляцовак для выгулу. Ёсць некалькі стыхійных месцаў, дзе выгул не забаронены, але яны не агароджаны і няма інфраструктуры.

Жыхарам Дзевятоўкі, можна сказаць, пашанцавала. Нядаўна яны атрымалі для сваіх чатырохногіх гадаванцаў камфортнае месца для выгулаў і трэніровак. Напрыклад, Аляксандр прыходзіць са сваім Рамонам рэгулярна. Раней вадзіў на выгул толькі на павадку, бо сабака малады і можа папросту збегчы і заблукаць. Цяпер рызеншнаўцэр радасна бегае на пляцоўцы і не дастаўляе клопатаў свайму гаспадару.

Былі праблемы з выгулам і ў Юлі. Яна расказала, што хадзіла на шпацыр у прыватны сектар непадалёк. Але мясцовым жыхарам не падабалася, што сабакі бегаюць па наваколлі, нават міліцыю выклікалі. Цяпер такіх праблем не ўзнікае. Бо тут жывёлы могуць бегаць без павадкоў, для іх усталяваны спецыяльныя трэнажоры — сценка, бервяно, лесвіца. Для гаспадароў — акуратныя лаўкі. Ёсць металічныя кантэйнеры для смецця. Пляцоўка абнесена металічнай сеткай, і не абы-як, а з роўнымі слупкамі. Для сабак зроблена паілка, на мясцовай запраўцы дазволілі браць ваду для гэтых мэт. Усе элементы пафарбаваны ў спакойны шэра-блакітны колер. Пляцоўку без перабольшвання можна назваць узорнай. У горадзе яна самая абсталяваная.

— Усё пачалося з ініцыятывы саміх жыхароў, якія звярнуліся ў гарадскі Савет дэпутатаў, — расказала дэпутат Алена Патапава. — Да справы далучыліся прадпрыемствы, у прыватнасці, фірма «ЗОЎ» узяла на сябе закупку сеткі, на гэта пайшло 2,5 тысячы рублёў. Дэпутат Дзяніс Сырамаха дапамог з фарбай. Праблему з драўлянымі канструкцыямі для трэнажораў вырашыў дэпутат Андрэй Тарас, работнік «Гроднажылбуду».

Устаноўку правялі даволі хутка — літаральна за некалькі тыдняў. За агароджу перанеслі частку маладых дрэўцаў, што тут раслі. Уладальнікі сабак таксама актыўна працавалі.

— Гэта трэба людзям, і яны не засталіся ўбаку, — адзначыла Алена Патапава. — Прыходзілі мамы з дзецьмі, фарбавалі. Яны і фарбу куплялі часткова. Работы вяліся сумесна з гарадскімі камунальнымі службамі.

Пляцоўка як сродак сяброўства

Такімі назіраннямі падзялілася адна з ініцыятараў гэтай справы Вольга Хітрушка. Яна гаспадыня хаскі. І пакуль сабака быў малы, ён выклікаў пяшчоту ў навакольных. Калі вырас, пачаліся прэтэнзіі з боку жыхароў. Тым больш, непадалёк знаходзіцца школа.

— Можна было гуляць і на той тэрыторыі, дзе цяпер пляцоўка, — кажа Вольга, — але там побач дарога і сабаку без павадка не адпусціш: можа трапіць пад машыну. Таму мы звярнуліся да дэпутатаў. Справа даволі хутка вырашылася. І цяпер у нас ёсць цудоўнае месца не толькі для выгулу, але і для сустрэч з іншымі гаспадарамі сабак.

Вольга і сама не чакала, што такія сустрэчы аб'яднаюць уладальнікаў чатырохногіх сяброў. Яны стварылі групу ў «Вайберы», дзе аб'яднана каля 50 чалавек. Гэта дапамагае разводзіць па часе малых і вялікіх сабак. На дружалюбную пляцоўку прыязджаюць і з іншых канцоў горада, у тым ліку з цэнтра.

Цяпер жыхары хочуць зрабіць навес. Вольга Хітрушка расказала, што адпаведны ліст-просьбу аднеслі ў некалькі інстанцый, у тым ліку ў ЖЭС № 113. Таксама ёсць патрэба ў асвятленні, бо тут яшчэ няма ліхтароў.

Праўда, пакуль існуе праблема балансавага ўтрымання аб'екта. У сувязі з гэтым жыхары самі косяць траву, хоць тэрыторыю вакол пляцоўкі абслугоўвае ЖЭС. Таксама неабходна праводзіць апрацоўку супраць кляшчоў. Самі жыхары прымацавалі на агароджу знакі з правіламі выгулу сабак — напрыклад, сюды забараняецца пускаць малых дзяцей. Асабліва калі ёсць чужыя сабакі.

— Такая пляцоўка забяспечвае парадак з утрыманнем чатырохногіх сяброў. Тут самі гаспадары падтрымліваюць культуру, — адзначае дэпутат Алена Патапава. — Галоўнае — разгрузілі двары і знялі напружанасць паміж утрымальнікамі сабак і тымі, хто іх не мае.

На думку дэпутата, зроблены важны крок да цывілізаванага і гуманнага спосабу ўтрымання жывёл. Але пакуль гэта толькі пачатак справы. Бо такія пляцоўкі патрэбны паўсюдна. І пустак хапае. Вось толькі ці будзе пашырацца новы вопыт? Магчыма, гэта залежыць у першую чаргу ад саміх уладальнікаў сабак. Каму, як не ім, ініцыяваць уладкаванне пляцовак у сваіх мікрараёнах?

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Твой сабака — твая праблема?


Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.