Вы тут

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў: У рабоце з людзьмі імкнуся да таго, каб вынік быў


Тэлефонны званок на прамую лінію стаў ужо звыклай магчымасцю ўзняць набалелыя праблемы перад вышэйшымі інстанцыямі для любога жыхара самага аддаленага ад цэнтра раёна. Для прадстаўнікоў улады гэта самая аператыўная форма работы з насельніцтвам. Пра тое, наколькі давяраюць людзі таму ці іншаму чыноўніку, красамоўна сведчаць тэматыка і ўзровень узнятых людзьмі пытанняў. У мінулую суботу, 31 жніўня, дыялог з насельніцтвам вяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Пра вынікі праведзенай прамой лініі і пра штодзённыя клопаты кіраўніка — у інтэрв'ю «МС».


Чалавеку важна, каб яго пачулі

— Алё, гэта прамая лінія? Турбуе Курдзюк Міхаіл Уладзіміравіч са Слуцка, інвалід першай групы. Вось усе кажуць пра безбар'ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а ў нашым доме няма пандуса.

З далейшай размовы з жыхаром Слуцка высвятляецца, што ён не адзін такі жыхар у шматкватэрным доме, для якога любое перамяшчэнне за межы свайго жылля робіцца праблемай. У гэтым жа пад'ездзе пражывае дзяўчынка 14 гадоў з інваліднасцю.

Высветліўшы ўсе дэталі, Наталля Якубіцкая тут жа звязваецца са старшынёй Слуцкага райвыканкама Андрэем Янчэўскім. Вынікам размовы стала ўключэнне дома, у якім пражываюць два інваліды-калясачнікі, у спіс па аператыўным фінансаванні мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя.

— Вялікая імавернасць, што пытанне па ўстаноўцы пандуса ў гэтым доме вырашыцца ў самы бліжэйшы час, ва ўсякім выпадку, мы будзем трымаць гэтае пытанне на кантролі, — паклаўшы трубку, кажа старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.

Усяго на суботнюю прамую лінію паспела звярнуцца 25 чалавек. Праблемы абмяркоўваліся розныя: ад узаемаадносін з аднавяскоўцамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў да трывожных сігналаў аб парушэннях. Тры тыдні жыхары Мар'інай Горкі жывуць без газу з-за капітальнага рамонту дамоў старой пабудовы. Пытанні водазабеспячэння і землекарыстання хвалююць жыхароў Дзяржынскага і Вілейскага раёнаў. На прадпрыемстве ЗАТ «Аэрамаш» Мінскага раёна затрымліваюць выплату заработнай платы, такая ж праблема і ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Калодзішчах.

— Па кожным званку аператыўна звязваюся з мясцовымі органамі ўлады і, у залежнасці ад іх кампетэнцыі, вяду дыялог з зацікаўленымі: ад старшынь раённай вертыкалі да старшынь сельскіх Саветаў, — кажа Наталля Віктараўна. — Галоўнае тут — не зацягваць з вырашэннем узнятых праблем. Трымаю на кантролі да самага іх вырашэння.

— Вось людзі вам тэлефануюць з праблемамі і скаргамі. Вы гэта ацэньваеце як недапрацоўку мясцовых органаў улады ці як асаблівы давер да вас?

— Мой абавязак — дапамагаць людзям. Калі ў іх ёсць нейкая праблема на ўзроўні маёй кампетэнцыі і я яе магу вырашыць, вядома, абавязкова дапамагу. Не, гэта не недапрацоўка, гэта магчымасць нам пачуць людзей, іх чаканні і праблемы, і прымаць меры для іх вырашэння. А часам чалавеку важна, каб яго выслухалі і пачулі. Часта бывае, нічога яму ад нас не трэба. Ёсць і такія званкі. Можа быць, чалавеку проста трэба выгаварыцца. А я не толькі службовая асоба, але і проста жанчына, я гэта магу зразумець (усміхаецца).

Калі паабяцалі, то выканалі

— Калі казаць пра работу з насельніцтвам у цэлым, якія пытанні вам даводзіцца вырашаць як старшыні Мінскага абл-савета часцей за ўсё?

— Даводзіцца вырашаць самыя розныя пытанні. Добраўпарадкаванне, напрыклад, навядзенне парадку на зямлі.

Цяпер у нас у Мінскай вобласці ідзе вельмі вялікая работа па вырашэнні праблемы састарэлага пустуючага жылля. Калі можам знайсці ўласніка недагледжанага дома, то знаходзім яго і супольна зносім трухлявае жыллё, наводзім парадак на ўчастку. Калі няма, то сітуацыя ўскладняецца: камісійна збіраем усе дакументы і ў судовым парадку гэты дом перадаём сельсавету, адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы. І толькі пасля гэтага прымаем рашэнне ў дачыненні да такога дома.

Вельмі важна сёння навесці тут парадак, каб такіх вось кінутых дамоў было як мага менш. Па-першае, зямля не павінна пуставаць, да таго ж такія будынкі небяспечныя з пункту гледжання супрацьпажарнай бяспекі — ёсць магчымасць пранікнення ў іх асацыяльных груп насельніцтва і г. д.

Дарэчы, на прамой лініі былі два такія пытанні. Давялося аператыўна правяраць, дзе гэтыя дамы знаходзяцца ў рэестры, цяпер ідзе высвятленне асобы ўласніка. З гэтымі пытаннямі мы працуем.

Вялікая работа праводзіцца і ў частцы нявыкарыстанай маёмасці, уласнікамі якой з'яўляюцца юрыдычныя асобы. Тут мясцовыя Саветы дэпутатаў не застаюцца ўбаку. Яны прымаюць удзел у інвентарызацыі нявыкарыстанай маёмасці і прадстаўляюць раённым выканаўчым камітэтам інфармацыю для далейшай работы з такімі аб'ектамі. Многія з іх выстаўляюцца на аўкцыёны. Бо вельмі важна цяпер эфектыўна ўцягнуць яшчэ нармальныя будынкі і збудаванні ў абарот, па магчымасці стварыць новыя рабочыя месцы. Таму прапануем іх прадстаўнікам малога бізнесу, прадаём з пэўнымі ўмовамі нават за адну базавую велічыню.

— Ці ёсць праблемы, якія вы не можаце вырашыць аператыўна?

— Гэта тыя пытанні, якія патрабуюць фінансавання. Напрыклад, маштабнае добраўпарадкаванне населеных пунктаў, укладка асфальту. Яны не вырашаюцца імгненна. Пры падрыхтоўцы адказу на такі зварот стараюся, каб нашы службы не ўводзілі людзей у зман, а казалі праўду: што з улікам фінансавання пытанне можа быць вырашана, напрыклад, не сёлета, а ў 2020 годзе. Каб людзі рэальна ўяўлялі сітуацыю і магчымасці мясцовых улад, а не спадзяваліся на цуд. А ў цэлым імкнуся да таго, каб вынік быў. Калі паабяцалі, то выканалі!

Улічыць інтарэсы патэнцыйнага работніка

— Чым кіруецеся ў рабоце з насельніцтвам?

— Я цяпер у абавязковым парадку стараюся аператыўна наведаць усе рэгіёны, пабываць у як мага большай колькасці сельскіх Саветаў. Кожны раён мае свае асаблівасці, сваю непаўторнасць. Унікаю ў мясцовыя праблемы, недаробкі, якія ў нас магчымасці па фінансаванні. Тым больш што ў нас зараз ідзе фарміраванне бюджэту на наступны год. Вядома, самае важнае цяпер — зладжаная работа мясцовых вытворчасцяў, каб мы маглі забяспечыць людзей заработнай платай.

Без ілжывай сціпласці магу сказаць, што роля мясцовых Саветаў у жыцці рэгіёнаў вялізная. Мы сёння стараемся не толькі маштабна бачыць усе праблемы тэрытарыяльнага ўзроўню, але і ўнікаць у штодзённыя патрэбы мясцовага насельніцтва: ад насычэння таварамі гандлёвых аб'ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельскіх Саветаў, і ўзроўню бытавога абслугоўвання да садзейнічання занятасці людзей. Вопыт работы камісій па садзейнічанні занятасці, якія ўзначальваюць сёння Саветы, паказаў, што нам шмат чаго ўдалося дасягнуць, нямала людзей працаўладкавана, але і тут яшчэ многа трэба будзе зрабіць.

— На прыкладзе Мінскай вобласці: што паказала практыка стварэння камісій па садзейнічанні занятасці?

— У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта ў Мінскай вобласці былі створаны камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Мы ўжо паспяхова працаўладкавалі больш за 10 тысяч чалавек. Імкнуліся падыходзіць індывідуальна да кожнага, хто звярнуўся з праблемай пошуку рабочага месца, зыходзячы з інтарэсаў не толькі працадаўца, але і будучага работніка. Мушу прызнацца, што задача гэта няпростая. У сельскай мясцовасці, ды і ў раённых цэнтрах, заўсёды была праблема з працаўладкаваннем. Мы ўзаемадзейнічалі не толькі з тымі, хто сам да нас звяртаўся з праблемай знайсці прыдатную работу. Кагосьці запрашалі, давалі рэкамендацыі, прапаноўвалі прайсці перанавучанне. Цяпер для гэтага ёсць розныя перспектывы. Калі хтосьці жадае або бачыць сябе ў новай прафесіі, ёсць магчымасць накіраваць людзей на перападрыхтоўку — гэтыя формы таксама ў нас актыўна выкарыстоўваюцца. У камісіях ёсць поўны банк існуючых вакансій. На пасяджэнні камісій запрашаюцца кіраўнікі прадпрыемстваў, зацікаўленых у тым, каб знайсці для сябе новыя кадры. Проста на пасяджэнні камісіі часта і адбываецца знаёмства. Ад такой практыкі, бясспрэчна, маем станоўчы эфект.

— Наталля Віктараўна, падагульняючы праведзеную размову з жыхарамі Мінскай вобласці, што можаце сказаць, ці была яна карысна вам як кіраўніку?

— Канчатковы вынік нашай работы — стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей. Мы і імкнёмся працаваць для таго, каб у нас як мага менш было болевых пунктаў і праблем. Для гэтага і праводзім прамыя лініі, каб быць на пастаяннай сувязі з людзьмі, каб пачуць іх праблемы і вырашаць іх. Што датычыцца мяне асабіста, то я даю чалавеку, які звярнуўся, свой тэлефон, мне можна тэлефанаваць не толькі на прамую лінію, але і на працягу дня.

Прынцып у мяне адзін: можаш нешта вырашыць? Дапамажы! Самае галоўнае ў нашай рабоце — гэта не быць абыякавым.

Наталля БІТЭЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».