Тэлеканал «Беларусь 2» на наступным тыдні парадуе гледачоў адразу чатырма забаўляльнымі рэаліці-праектамі з блізкага замежжа. Ужо 10 верасня выйдзе рэаліці пра моду і прыгажосць «Багіня шопінгу. Бліскучае вяртанне», у якім чатыром дзяўчатам трэба будзе за чатыры гадзіны патраціць пэўную суму на модны ўбор — ды так, каб атрымаць максімальны бал ад саперніц і вядучага, эксперта па стылі Леаніда Мартынчыка. Між іншым, ва Украіне, дзе і здымаецца праект, ён не траціць папулярнасці ўжо 7 гадоў і 14 сезонаў!
Увечары 11 верасня на «Беларусь 2» — прэм'ера расійскага экстрэмальна-рамантычнага рэаліці-шоу «Каханне на выжыванне». Рамантыка тут у тым, што выпрабаванне праходзяць закаханыя пары, якія адпраўляюцца ў Тайланд, а экстрым — у тым, што водпуск адбываецца зусім не па сістэме «ўсё ўключана», а як паласа перашкод і іспытаў рэўнасцю, побытам, джунглямі і нават... дэтэктарам хлусні. Удзельнікі могуць атрымаць буйны грашовы прыз, але могуць і пасварыцца назаўсёды.
Рэаліці-шоу «Шэрлакі», якое выйдзе 13 верасня, кажа само за сябе: гэта дэтэктыўны квэст, дзе кожнаму ўдзельніку дастаюцца ролі — ад злачынцы да следчых. Задача першага — заблытаць сляды, а другіх — разблытаць справу і за 40 хвілін гульні выявіць зламысніка.
Нарэшце, 14 верасня сустракайце смачную прэм'еру «Кароль дэсертаў» — спаборніцтва вопытных кандытараў у прыгатаванні ласункаў, больш падобных да твораў мастацтва. Галоўнае на час прагляду гэтага рэаліці-шоу — адсесці як мага далей ад халадзільніка.
Таксама ў верасні ў эфіры «Беларусь 2» з'явіцца штотыднёвы праект для аматараў падарожнічаць па свеце — трэвел-шоу «Селапаляцела». Тут не будзе цытат з агляднай экскурсійнай праграмы, парад па выбары статуснага атэля і пераліку культурных традыцый далёкіх народаў, затое будуць няпростыя задачкі для карэспандэнта. За кожнае выкананае заданне з пяці выпрабаванняў гераіні праграмы будуць выдаваць грошы, за якія і трэба пражыць у чарговай краіне, а калі заданне не выканана і грошай няма — круціся як сабе хочаш...
Прынамсі, вось што сцвярджаюць у анонсе стваральнікі праграмы: «У нас усё вырашае не воля лёсу, а фантазія здымачнай групы і вынослівасць вядучай. Ніякіх сумных экскурсій, толькі сапраўдныя эмоцыі і рэальнае жыццё!» Наколькі абяцанні супадуць з рэчаіснасцю, даведаемся ўжо 15 верасня.
Ужо ў гэту суботу, 7 верасня, сацыякультурны канал «Беларусь 3» прадставіць прэм'еру цыкла праграм «Народны майстар» і, адпаведна, раскажа пра ўладальнікаў звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Ці ведалі вы, колькі творчых землякоў з залатымі рукамі ўваходзіць у айчынны Саюз майстроў? Больш чым 700 чалавек, якія ўвасабляюць вялікі спектр разнастайных рамёстваў: ганчарства, разьба па дрэве, пляценне з саломкі і лазы, выцінанка, вышыўка, абрадавая лялька, кавальскае мастацтва, апрацоўка каменю.
Пра тое, якім шляхам той ці іншы самабытны майстар прыйшоў да творчасці, чым ён захапляецца сам і ўражвае іншых, якраз і апавядзе новая праграма.
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.