Вы тут

Міхаіл Грышкевіч: Развіццё Кобрыншчыны адчуваецца ва ўсіх сферах


Брэстчына адсвяткавала дажынкі. Завершаны першы этап уборкі ўраджаю. Можна падвесці некаторыя вынікі, абазначыць асобныя кірункі далейшага развіцця аграрнай галіны, крыху зазірнуць у заўтрашні дзень. Гэта мы робім разам са старшынёй Кобрынскага райвыканкама Міхаілам ГРЫШКЕВІЧАМ.


— Вы кіруеце раёнам другі год, Міхаіл Міхайлавіч. Якой вам бачыцца сельская гаспадарка раёна, чаго ўдалося дасягнуць, над чым трэба працаваць?

— Пачнём з таго, што дынамічнае і паступовае развіццё Кобрынскага раёна адчуваецца ва ўсіх сферах народнагаспадарчага комплексу. А сельская гаспадарка з'яўляецца надзвычай важнай галіной у эканоміцы раёна. У сваёй штодзённай рабоце я акцэнтую ўвагу на гэтым кірунку. Прайшла рэарганізацыя шэрагу сельгаспрадпрыемстваў: ААТ «Мінянка» далучылі да «Пакроўскага», ААТ «Кутузаўскі» — да «Любані». Важную ролю, як заўсёды, надаём развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак. Сёння ў раёне вядзецца будаўніцтва буйных малочнатаварных комплексаў ў ААТ «Раданежскае» і ААТ «Батчы». Названае — толькі невялікія штрыхі да вялікай работы, якая праводзіцца ў аграрнай галіне.

Пры гэтым кіраўнікі і спецыялісты займаюцца ўдасканаленнем кармавой базы, сістэмы ўтрымання і кармлення жывёлы, ад якой цалкам залежаць прывагі і надоі. У земляробстве працуем над укараненнем новых відаў раслін з улікам кліматычных асаблівасцяў. І вядома, пры гэтым клапоцімся пра павышэнне заробкаў аграрыяў.

— У гаспадарках раёна завершана ўборка збожжавых і зернебабовых. Якімі асаблівасцямі вызначыўся гэты год, якіх вынікаў дасягнулі земляробы?

— Прырода, як вядома, у гэтым сезоне не раз выпрабоўвала хлебаробаў на трываласць, асабліва анамальнай засухай. Але, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы, мы атрымалі добры ўраджай збожжа. Сёлетні намалот у засеках раёна без уліку кукурузы, грэчкі, проса большы за леташні на 25 тысяч тон. Самая высокая ўраджайнасць атрымана ў ААТ «Агра-Кобрынскае» — 71,1 цэнтнера з гектара, у ААТ «Пакроўскі» — 45,6. Ды і ў цэлым па раёне ўраджайнасць на чатыры цэнтнеры з гектара перасягнула леташнюю.

Як паказвае аналіз, ключавую ролю ў атрыманні высокіх ураджаяў адыгрывае дыктатура тэхналогіі, якая прадугледжвае высокую культуру земляробства і дысцыпліну кадраў на кожным асобна ўзятым участку. Варта адзначыць, што ў Кобрынскім раёне калектывы цэлага шэрага сельгаспрадпрыемстваў працуюць цікава, плённа і здольныя вытрымліваць напружаную канкурэнцыю. А сёння, напярэдадні раённых дажынак, хочацца выказаць словы вялікай падзякі і хлебаробам, і работнікам перапрацоўчай галіны раёна за руплівую і напружаную працу, за любоў і пашану да роднай зямлі.

— Заўсёды ў кантэксце размовы пра развіццё сельскай гаспадаркі гаворка заходзіць пра кіраўнікоў гаспадарак, якія нясуць асаблівую адказнасць. Што можна сказаць у гэтым кірунку, на кім трымаецца сельская гаспадарка раёна?

— Аўтарытэт кожнага кіраўніка вымяраецца прадпрымальнасцю, своечасовым і эфектыўным пошукам рэзерваў і магчымасцяў, уменнем арганізаваць калектыў на дасягненне пастаўленых задач. Працаваць у гэтым кірунку імкнуцца ўсе нашы кіраўнікі без выключэння. Імі ўзяты курс на ўкараненне высокаэфектыўных тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, зніжэнне выдаткаў на вытворчасць прадукцыі, укараненне энергазберагальных тэхналогій. Асновай акрэсленай дзейнасці былі і застаюцца прафесійныя і нацэленыя на вынік кадры. На іх мы ўскладаем вялікія надзеі ў павышэнні эфектыўнасці работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Варта сказаць, што існуе праблема забеспячэння аграпрамысловага комплексу раёна кваліфікаванымі кадрамі. У сельгаспрадпрыемствах раёна апошнім часам стабільна ёсць вакансіі. Над іх запаўненнем працуюць аддзелы кадраў і кіраўнікі.

У гэтым годзе, напрыклад, да работы ў сельгасарганізацыях прыступілі 45 маладых спецыялістаў. Гэта кадры, на якія мы разлічваем і якім дапамагаем замацавацца ў нашых гаспадарках. Спадзяёмся, што яны палюбяць сваю работу. Зямля не церпіць выпадковых людзей — толькі за шчырую адданасць яна шчодра дзякуе багатым ураджаем.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.